“Флікеры” нашай прысутнасці

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Нашы землякі ў Літве: ключавыя звёны і сіндром аднаго пакалення

Беларусы, якія апынуліся па той бок дзяржаўнай мяжы з Літвой, не забываюцца на родныя звычаі, шчыра настальгіруюць па радзіме і ніколі на яе не наракаюць, бо прызвычаіліся разлічваць пераважна на ўласныя сілы. Тым не менш, “вялікая зямля” цалкам можа вырашыць некаторыя іх праблемы, — да такой высновы прыйшлі карэспандэнты “К” пад час свайго кароткага экскурсу ў святочнае і будзённае жыццё нашых суайчыннікаў па той бок літоўскай мяжы, якіх, паводле статыстычных звестак, сёння каля 50 тысяч.

/i/content/pi/cult/436/9072/1-1.jpeg

Адлегласці ўводзяць у зман

Уваход у Беларускі культурны цэнтр Шальчынінкая знайсці даволі проста: убачыце помнік Каліноўскаму — і адразу направа. Работа скульптара Валяр’яна Янушкевіча была ўстаноўлена менавіта намаганнямі БКЦ: каб нагадаць усім мінакам пра існаванне ў гэтым краі беларускай супольнасці. Не раўнуючы, бы той флікер, які дазваляе “зрабіцца прыкметным”.

Супольнасць тая, дарэчы, зусім невялікая. У Шальчынінкайскім раёне нашых суайчыннікаў недзе каля тысячы, з іх прыблізна паўтары сотні прымаюць хоць які ўдзел у жыцці зямляцтва. І тэндэнцыі зусім не радуюць...

Кіраўнік БКЦ Мікалай Амялевіч — родам са Шчучыншчыны. Нягледзячы на тое, што ў памежных раёнах мы чакалі сустрэць перадусім менавіта беларусаў-“аўтахтонаў”, адразу выявілася прыкметная тэндэнцыя: тыя, хто ўпарта “трымаюцца свайго” — гэта пераважна людзі, якія нарадзіліся ў сённяшніх межах Беларусі ды ўжо ў сталым веку прыехалі ў Літву.

— На свет я з’явіўся ў Камянцы, жыў у Расіі, а беларускую мову вывучыў у Літве, — знаёміць з эпізодамі ўласнай біяграфіі Алег Давідзюк, кіраўнік Беларускага культурнага цэнтра “Крок” з Вісагінаса.

Гэты “штучны горад”, створаны ў 1975 годзе спецыяльна для абслугоўвання Ігналінскай АЭС, быў заселены прадстаўнікамі дзясяткаў народаў з усяго СССР. Беларусаў туды панаехала нямала, балазе да нашай мяжы адтуль — усяго які кіламетр. Але калі мяжа стала дзяржаўнай, выявілася, што адлегласці ў дадзеным выпадку — рэч падманлівая.

— Вежы Відзаўскага касцёла ледзь не з майго дома відаць, але каб пагасцяваць у тамтэйшых сваякоў, нам з жонкай трэба ехаць больш за 130 кіламетраў, бо бліжэйшы прапускны пункт апынуўся надта далёка, — распавядае кіраўнік ансамбля народнай песні “Світанак” Сяргей Шабадалаў.

У 1988 годзе яго сям’я перабралася ў Вісагінас у пошуках “лепшай долі”. Далёка не ўсе мары спраўдзіліся, але... У выніку беларуская супольнасць атрымала сапраўдны творчы “рухавік” у асобе Сяргея ды яго жонкі Вольгі.

Адлегласці паміж згаданымі двума цэнтрамі беларускай культуры таксама немалыя: паўтары сотні кіламетраў. Землякі штогод сустракаюцца на “нейтральнай тэрыторыі” — пад час святкавання Купалля, якое стала адной з самых знакавых культурных падзей нашай дыяспары ў Літве. Прычым доўжыцца гэтая традыцыя настолькі даўно, што нават спадарыня Ніна Сусвіло са Швянчонаса, якая стаяла ля яе вытокаў, доўга прыгадвае, калі ж усё пачалося.

Сёлета свята атрымалася, як і раней, душэўнае ды шчырае, пазбаўленае таго не заўсёды дарэчнага пафасу, які часцяком становіцца “лыжкай дзёгцю” на нашых імпрэзах і фэстах народнай культуры. Сяргей Шабадалаў зарэамендаваў сябе як прыроджаны канферансье: падзел на выступоўцаў і публіку часта нівеляваўся. Але нас перадусім цікавілі не святы, а менавіта будні дыяспары.

Менеджар са схільнасцю да альпінізму

Беларускі цэнтр у Шальчынінкаі месціца пад дахам тамтэйшага “агменю культуры”. Памяшканне невялікае: адзін пакой “шматфункцыянальнага прызначэння” (і творчага, і адміністратыўнага) ды яшчэ пара катушкоў. Зрэшты, на цясноцце тут ніхто не скардзіцца — хутчэй, наадварот. Прычына простая: хаця Цэнтр з ласкі гаспадароў будынка не плаціць за арэнду, камуналка ўзімку набягае такае, што хочацца за галаву схапіцца…

Крыніца грашовых паступленняў Цэнтра, па сутнасці, толькі адна — камісійныя за дапамогу ў атрыманні беларускіх віз. На выплату паўнавартасных заробкаў супрацоўнікам гэтых сродкаў не хапае, і таму ўсе працуюць, лічы, на грамадскіх пачатках. Таму і інтэр’ер даволі сціплы, без аніякіх намёкаў на еўрарамонт.

Адзін з катушкоў прыстасаваны пад бібліятэку, што налічвае пад тысячу тамоў. Паўглядаліся на паліцы  — карашкі там знаёмыя з нашых школьных часоў. А вось з новымі паступленнямі — зусім бяда. Тое ж самае датычыцца і перыёдыкі: свежы выпуск беларускай газеты па той бок мяжы — вялікая рэдкасць…

— Згаданая вамі праблема — сапраўды навідавоку, — кажа галоўны спецыяліст Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Людміла Лебедзь. — І мы ўжо што толькі ні рабілі, каб яе вырашыць, нават з ансамблямі перадавалі землякам кніжныя “пасылкі”. Ды, вядома, усё гэта пакуль не мае належнай сістэмнай асновы. Асабліва калі казаць пра перыядычны друк…

Не даходзяць беларускія газеты і да Вісагінаса — хоць ты галубіную пошту наладзь з гатычных веж Відзаўскага касцёла! Што ж да памяшканняў, то там гэтая праблема вырашылася вельмі спецыфічным спосабам. Рэпетыцыі ансамбляў ладзяцца ў мясцовым Цэнтры культуры, а вось сам офіс “Кроку” — на ўласных плошчах кіраўніка, які не пашкадаваў для добрай справы ажно 200 “квадратаў”.

/i/content/pi/cult/436/9072/1-2.jpeg

— Кожны ўкладае патрошку: штосьці Літва дае, штосьці — Беларусь, штосьці — самі, і такім вось чынам існуём, — распавядае Алег Давідзюк. — Круцімся, адным словам, і прэтэнзій ні да каго не маем! А тым, хто ўвесь час ходзіць з працягнутай рукой, я хачу вось што сказаць: трэба спярша самім нешта даць, а потым ужо прасіць…

Выправа на Купалле ладна спустошыла бюджэт арганізацыі: арэнда аўтобуса пацягнула нямала. А наперадзе ж — наступныя гастролі, у тым ліку і ў Маларыту. Увогуле, канцэртамі на гістарычнай радзіме беларускія ансамблі Літвы зусім не абдзелены: прымаюць іх тут заўсёды гасцінна.

Заўважылі адну цікавую тэндэнцыю: кіраўнікамі беларускіх культурных арганізацый у Літве сталі не прафесійныя работнікі культуры, але тыя людзі, якія няблага рэалізавалі сябе ў іншых сферах ды маюць адпрыродныя менеджарскія здольнасці і пачуццё адказнасці. Прыкладам, Мікалай Амялевіч узначальваў раённую службу ЖКГ.

Алег Давідзюк на момант абрання быў начальнікам участка Ігналінскай АЭС. Яно і не дзіва: гэтую пасаду сінекурай ніяк не назавеш. Прывілей нягуста, а клопатаў — поўны кош. Зрэшты, яму як бываламу альпіністу, што здолеў скарыць не адну вяршыню, да цяжкасцей не прывыкаць. Алег Давідзюк пастаянна ставіць перад арганізацыяй новыя мэты. Прыкладам, не так даўно яна стала ключавым звяном Ассацыяцыі беларускіх суполак памежжа.

— Натуральна, у тых, хто жыве на самай мяжы з Беларуссю, праблемы трохі іншыя, чым, скажам, у нашых суайчыннікаў з Канады, — кажа ён. — І таму ў нас шмат агульных тэм для абмеркавання…

Рэпертуарны голад

На купальскім свяце рэй вёў “Світанак” з Вісагінаса. Калектыў, у складзе якога — каля дваццаці чалавек, стварае ўражанне шумнай ды вясёлай сям’і, здольнай і “мех парваць”, і “бульбы з воз накапаць”. Традыцыяй сталі гастрольныя падарожжы па розных краінах — уключна, вядома, і з Беларуссю, — што ўжо само па сабе сведчыць пра неблагі менджмент.

Не так даўно свой беларускі ансамбль з’явіўся і ў Шальчынінкаі. “Раніца” існуе ўсяго два гады, але ўжо мае сякую-такую вядомасць у краі, бо не абмяжоўваецца “вузкім колам суайчыннікаў”: актыўна гастралюе па вёсках, бярэ ўдзел і ў вялікіх раённых імпрэзах, тым самым паспяхова робячы ўсё тую ж паважную справу  — сведчанне пра беларускую прысутнасць у гэтых мясцінах. Ды паспяхова спраўляецца, нават нягледзячы на тое, што ў яго складзе няма ніводнага работніка культуры: адкуль ім тут узяцца?

— Гэта мне неяк кіраўнік раённага самакіравання ўпікнуў: чаму ж, маўляў, у нас беларускага ансамбля няма? — распавядае Мікалай Амялевіч. — Я адказаў: зраблю! І — зрабіў. Сам заспяваў ды іншых сюды зацягнуў. Прымаем усіх, хто толькі можа спяваць, у тым ліку тых, хто называе сябе палякамі. І такія людзі да нас цягнуцца…

З канцэртнымі строямі праблема вырашылася досыць хутка: некалькі прэзентаваў Воранаўскі раён, астатнія прыбылі з Мінска. Па словах Людмілы Лебедзь, штогод Міністэрства культуры краіны выпраўляе за мяжу не менш за паўсотні камплектаў.

/i/content/pi/cult/436/9072/1-3.jpeg

— Але ўсё адно нам двух строяў вельмі не хапае, — падзяліўся клопатам Мікалай Амялевіч. — Людзей я ўжо быў нагледзеў, а вось “абмундзіраваць” іх няма ў што…

Ёсць і іншая праблема: рэпертуар. Калектыў назапашвае яго самастойна, вышукваючы ды развучваючы песні сабе па душы. Ніякіх метадычных дапаможнікаў ён ніколі не атрымліваў. “Світанак” з Вісагінаса таксама разлічвае ў гэтай справе на ўласныя сілы.

— Купляю розныя дыскі, знаходжу запісы, звяртаюся да знаёмых паэтаў, кампазітараў, артыстаў, — дзеліцца Сяргей “кухняй” песенных збораў, — аднак для мяне важна не проста адшукаць песню, а знайсці тую, якая раскрывае характар — адметнасць нашага ансамбля…

І тут самі сабой напрошваюцца паралелі з тымі аматарскімі калектывамі, што існуюць “на вялікай зямлі”. Натуральна, яны зусім не раскашуюць, але... умовы — усё адно непараўнальныя. Наданне звання “народны” або “ўзорны” гарантуе ансамблю стаўку мастацкага кіраўніка (а тое і некалькі), ды і штат той установы культуры, дзе ён “кватаруе”, ахвотна забяспечыць творчую падтрымку. Дапамогуць і ў плане падбору рэпертуару — гэта прамы абавязак метадычных цэнтраў, якія існуюць у кожным раёне.

Натуральна, ніякага мастацкага кіраўніка з профільнай адукацыяй “Раніца” не мае. А хацелася б! Па словах Людмілы Лебедзь, юрыдычна гэтая праблема пакуль невырашальная: уводзіць стаўкі ў замежных грамадскіх арганізацыях ніводзін дзяржаўны орган не мае права.

Заслаць “эмісараў” з дыпломамі БДУКіМ у кожны замежны калектыў таксама наўрад ці атрымаецца. Куды больш прадуктыўным уяўляецца іншы спосаб павышэння мастацкага ўзроўню: правядзенне “бліц-курсаў” для лідараў такіх ансамбляў на Беларусі. Па словах Людмілы Лебедзь, такая традыцыя летась ужо распачалася — на базе Інстытута культуры Беларусі. На жаль, колькасць удзельнікаў семінара была абмежавана: усяго чатырнаццаць чалавек. Але падобныя мерапрыемствы плануецца ладзіць, прынамсі, раз на год.

/i/content/pi/cult/436/9072/1-4.jpeg

Ёсць чым пахваліцца і ў плане метадчнага забеспячэння. Беларускі цэнтр нацыянальных культур тыражуе DVD-зборнікі з самым разнастайным матэрыялам: запісамі народных і сучасных песень, аўдыякнігамі, нотамі (са здзівам знайшлі ў падборцы ажно дзве версіі “Вечарынкі ў калгасе”(няўжо яшчэ запатрабавана?). Ды толькі вось, на жаль, тых дыскаў усім ахвотным не хапіла...

— Што да папаўнення рэпертуару ансамбля “Раніца” з Шальчынінкая, — прадоўжыла тэму Людміла Лебедзь, — то хацелася б параіць яго ўдзельнікам звярнуцца ў метадычны цэнтр суседняга Воранаўскага раёна...

Іншая праблема — арганізацыя сустрэч. Мікалай Амялевіч даўно ўжо выношвае планы зладзіць у БКЦ лекторый, прысвечаны гісторыі і сучаснасці Беларусі. Але пакуль што цікавых гасцей з нашай краіны спадарожны вецер заносіць у гэтыя сцены рэдка. Тое ж самае датычыцца і Вісагінаса, хаця зрэдчас прыязджаючы туды на гастролі, прафесійныя беларускія калектывы збіраюць залу.

Сіндром аднаго пакалення

Як гарэзліва прызнаюцца “дзяўчаты” з Вісагінаса, ім усім прыблізна двойчы па 25. Але душэўная маладосць ды зухаватасць не можа схаваць відавочнага: маладых твараў у беларускіх калектывах амаль не ўбачыш, і зусім не таму, што няма вакантных месцаў. Перадаць нацыянальны дух наступным пакаленням у гэты глабалізаваны век — справа няпростая. Тым больш, дзеці нашых суайчыннікаў нярэдка працаўладкоўваюцца ў Заходняй Еўропе, як і многія іншыя грамадзяне Літвы.

— Мой сын ужо ў Лондане жыве, — распавядае Сяргей Шабадалаў. — Кажа, што яму цяжка вызначыцца, хто ён па нацыянальнасці…

Ды і пры ўтварэнні змяшаных сем’яў — што, зразумела, зусім не рэдкасць, — дамінантным становіцца ўжо не беларускі культурны складнік. Таму пытанне, як унікнуць характэрнага для дыяспар “сіндрому аднаго пакалення”, мае сапраўды жыццёвую важнасць.

На думку Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзіміра Дражына, асаблівую ролю тут павінна адыгрываць адукацыя. І беларуская гімназія імя Францыска Скарыны са сваёй задачай спраўляецца: у Вільнюсе яна лічыцца прэстыжнай.

У той самы час, сваю ролю тут могуць адыграць і культурныя праекты. Натуральна, моладзь не надта цягне ў традыцыйныя ансамблі. У нас гэта даўно зразумеў кожны руплівы дырэктар ДК — ды стварыў для новага пакалення адмысловую творчую “прынаду”: эстрадную студыю ці нават рок-каманду. У беларусаў Літвы, на жаль, нічога падобнага няма.

Натуральна, згаданыя вышэй праблемы наўрад ці вырашальныя без праграмнай ды паслядоўнай палітыкі падтрымкі суайчыннікаў за мяжой. Як мы самі пераканаліся, дапамогі яны хаця і не просяць, але... рэальна яна патрэбна. У той самы час, і землякі могуць нам, што называецца, прыдасца.

Прыкладам, Мікалай Амялевіч бачыць вялікую перспектыву ў наладжванні міжнароднага супрацоўніцтва на “мясцовым” узроўні: калі адзін маленькі раён Беларусі пачынае сябраваць з канкрэтным маленькім раёнам Літвы. Яны абменьваюцца дэлегацыямі, распрацоўваюць сумесныя праекты... Паміж Шальчынінкаем ды Воранаўскім раёнам такія повязі існуюць ужо не першы год, а не так даўно Мікалай Амялевіч “пасватаў” і Іўеўскі. І знайшоў яму ў пару зусім не памежны Кайшадорскі раён. Дамова аб супрацоўніцтве ўжо падпісана, і абодва бакі паспелі атрымаць першыя порцыі карыснага досведу.

Або такі прыклад. У апошнія гады беларускае Купалле прапісалася ў неверагодна маляўнічым месцы — у некранутай пушчы Аўкштадварыскага нацыянальнага парку, на беразе прыгожага ляснога возера, дзе прытаілася турбаза. Канцэпцыя настолькі простая, што ёсць усе падставы назваць яе геніяльнай. Уявіце, быццам вы адпачываеце ў дзікім лесе, не сапсаваным чалавечым умяшальніцтвам, але не ў намёце, а ў катэджы з усімі выгодамі. Прычым сэрвіс не кідаецца ў вочы: ні табе гектараў асфальту, ні гучнай музыкі, ні якіх іншых агрэсіўных уварванняў у натуральнае асяроддзе. Такі падыход многім імпануе: хаця дарогу ў тую глушэчу так проста не патлумачыш, вольных дамкоў на турбазе не было.

Гаспадар турбазы — літоўскі бізнесмен беларускага паходжання Мікалай Калеснік. Родам ён з Дзятлаўшчыны. Калі землякі звернуцца да спадара Калесніка па майстар-клас на тэму эфектыўнага менджменту падобных турпраектаў, той, хочацца верыць, ім не адмовіць.

Ідэі, досвед, кантакты сапраўды маюць вялізную ролю. І нашы суайчыннікі здатныя істотна дапамагчы пашырыць “поле спазору”, патрабуючы толькі аднаго — увагі.

Ілья СВІРЫН, Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ,

нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск — Шальчынінкай — Вільнюс — Аўкштадварыскі нацыянальны парк — Мінск

На здымках: удзельнікі купальскіх святкаванняў; Мікалай Амялевіч ля помніка Кастусю Каліноўскаму.

Фота аўтараў