Мудрасць сакральнасці

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Гродзенскі мастак некалькі дзесяцігоддзяў піша касцёлы

Творчыя прыярытэты гродзенскага мастака Станіслава Кічко, які 21 ліпеня адзначае сваё 70-годдзе, на працягу дзесяцігоддзяў звязаны з сакральнай тэматыкай. Як шчыры хрысціянін ён у сваіх работах увасабляе найперш каталіцкія храмы Гродзеншчыны. Аўтар дасканала ведае іх гісторыю і ў першую чаргу звяртае ўвагу на помнікі, звязаныя з лёсамі вядомых людзей ці з падзеямі асабістага жыцця.

/i/content/pi/cult/436/9071/2-1.jpeg

Так, скляпенні касцёлаў у Лудне, Камянцы, Гродне памятаюць знакамітую Элізу Ажэшка. Сцены храма ў Старых Васілішках могуць распавесці пра дзяцінства спевака з сусветнай славай — Чэслава Нэмэна, бацька якога служыў у гэтым касцёле арганістам, а маленькі Станіслаў Кічко пайшоў тут да першай камуніі.

Найбольш шырока тэма касцёла была прадстаўлена на выстаўцы ў галерэі “Ag-art” у Беластоку (2010 г.). Аўтар не проста ўзнаўляе архітэктуру імклівай готыкі ці пышнага барока, а стварае выразны мастацкі вобраз, напоўнены моцнай экспрэсіяй. Выявы касцёлаў як бы лунаюць у прасторы, і там, у нябесных сферах, духоўна аб’ядноўваюцца з постацямі, што былі ў зямным існаванні злучаны з гэтымі храмамі ці з рэлігіяй увогуле. Шмат хто з гэтых людзей прыняў пры жыцці пакуты.

Шэраг работ прысвечаны святару, які некаторы час служыў у Францішканскім касцёле Гродна і загінуў у Асвенцыме ў 1941 г., кананізаванаму святому Максімільяну Кольбэ. Адзін з гэтых твораў быў уручаны Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ пад час аўдыенцыі дэлегацыі горада Гродна ў Ватыкане ў 1987-м. У іншай рабоце паказаны ксёндз з мястэчка Ішчална Шчучынскага павета Адам Фалькоўскі, які абвяшчаў у сваім храме маніфест паўстанцаў у 1863 г., а пасля быў схоплены і расстраляны пад Лідай. Асоба Яна Паўла ІІ, фігура якога дамінуе над наваколлем, вылучаецца пачуццём годнасці, мудрасці, спакою.

Дзякуючы арыгінальнасці вобразнага ладу твораў, рэальныя постаці на палотнах узвышаюцца да агульначалавечых ідэалаў ахвярнасці, святасці, адданасці высокім памкненням. Размяшчаючы ў адзінай прасторы дакладныя выявы архітэктурных помнікаў, вобразы людзей, аўтар арганічна аб’ядноўвае іх з умоўна-абстрактным фонам, што сімвалізуе свет вышэйшы, як бы спалучаючы там шлях чалавека зямны і нябесны. Выяўленню светапогляднай канцэпцыі мастака дапамагае адмысловая аўтарская тэхніка выканання з выкарыстаннем матэрыялаў ды прыёмаў і алейнага жывапісу, і графікі. У стылёва вельмі пазнавальных кампазіцыях глыбокі змест чытаецца праз структурна складаную, але імпрэсійна лёгкую, вытанчаную форму.

Гармоніяй прыгажосці знешняй і дасканаласці ўнутранай вылучаецца вобраз Божай Маці, выявы якой мастак піша на працягу жыцця, кожны раз адлюстроўваючы ейныя своеасаблівыя адметныя рысы. Работы дадзенай серыі адрозніваюцца асаблівай мяккасцю пластычна-колеравага рашэння, філасофскай паглыбленасцю. Яны былі прадстаўлены на персанальнай выстаўцы творцы “Промнямі мацярынства асветленая” ў гродзенскай галерэі “Крыга” летась. Станіслаў Кічко, эстэтычна апелюючы да ўстойлівых іканаграфічных традыцый, па-мастацку пераасэнсоўвае старажытныя каноны. Асацыіруючы вобраз Божай Маці найперш з ідэалам мацярынства ўвогуле, аўтар пранікнёна сцвярджае яго нязменную маральную каштоўнасць (“Матчына ласка”, “Мацярынства”), падкрэслівае пакорнасць Маці і трагічную прадвызначанасць лёсу Сына (“Непакаляная”, “Маці Збавіцеля”). Асаблівую ўвагу мастак надае іконе “Божая Маці Вострабрамская”, якая захоўваецца ў Вільні і якой пакланяюцца і каталікі, і праваслаўныя. Уводзячы гэтую выяву ва ўмоўна-абагуленыя кампазіцыі, аўтар успрымае вобраз як сімвал усеагульнай заступніцы, апякункі роду чалавечага. У народнай стылістыцы вырашаны творы, прысвечаныя мясцовым зводам Божай Маці, напрыклад, Тракельскай, Чанстахоўскай.

Прыярытэты Станіслава Кічко як бы прадвызначылі яго працу ў сааўтарстве па стварэнні мастацкіх канцэпцый экспазіцый гродзенскага Музея гісторыі рэлігіі, Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку. У планах — праекты філасофскага кірунку, таксама традыцыйна звязаныя з гісторыяй хрысціянства.

Марына ЗАГІДУЛІНА, мастацтвазнаўца

Гродна