Як зрабіць казку падарункавай?

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Тры сакрэты дзіцячага спектакля

Нават на сталічных сцэнах дзіцячы рэпертуар звычайна выклікае больш за ўсё пытанняў — на жаль, часцей без адказаў. Таму вестка, што “Казка пра чырвоную стужачку” паводле “Мяцёлкавай казкі” расійскага драматурга Галіны Латышавай пастаўлена ў Мінскім абласным драматычным тэатры адным з яе вядучых артыстаў Алегам Чэчаневым, асаблівага ажыятажу ў мяне не выклікала. І — дарма, як высветлілася пазней: некаторыя яе ідэі маглі б быць карыснымі для іншых.

/i/content/pi/cult/436/9070/1-2.jpeg

Сакрэт першы — “прымерка з перакроем”. Да рэдагавання п’ес звяртаюцца сёння ці не ўсе рэжысёры. Знайшоўшы матэрыял у Інтэрнэце і атрымаўшы ад яго аўтара дазвол на пастаноўку, Алег Чэчанеў шмат чаго перарабіў у сюжэце, які ўяўляе з сябе сумесь казкі В.Шукшына “Да трэціх пеўняў” з “Чараўніком Смарагдавага горада” А.Волкава (ці, у арыгінале, “Чараўніком з Краіны Оз” Л.Баўма). Івана выганяюць з маёнтка, дзе ён працаваў, пакуль не паразумнее. За розумам яго адпраўляюць да Чорта Лысага. Па дарозе да яго далучаецца Хатка Бабы-ягі, што вырашае прасіць смеласці, і сама Бабуля, якой не церпіцца памаладзець. Вядома, героі здабываюць сваё шчасце, Іван бярэ шлюб з Прыгажосцю Ненагляднай, і гэта становіцца залогам яго дабрабыту на ўсё жыццё.

Адна маленечкая дэталь: хлопца, які павінен быць Хаткай, рэжысёр замяняе на дзяўчыну. І да азначаных сюжэтных ліній далучаецца тая, што разлічана на падлеткаў: дзяўчынка-сябра, “свой хлопец”, якая выратоўвае героя (хатка тут становіцца сімвалам абароненасці і ўтульнасці) — і больш дарослая таямнічая незнаёмка, якую выратоўвае ён сам.

/i/content/pi/cult/436/9070/1-3.jpeg

Яшчэ адна дэталь — рэжысёр замяняе Чорта на Карча Лысага. І п’еса адразу набывае рысы пантэізму, у ёй узнікаюць ніці, што вядуць да язычніцкіх часоў, калі з усімі просьбамі людзі звярталіся да з’яў прыроды, тых жа дрэў ды старых карчоў. Сцэнічныя строі Сяргея Антонава пераконваюць: у фінале беларус ажаніўся з рускай — і п’еса становіцца нам яшчэ бліжэйшай. Адмоўных персанажаў не забіваюць, а ператвараюць у дрэвы — чым не беларуская талерантнасць? А вось балота, у якім ледзь не гінуць вандроўнікі, са спектакля знікае...

Спектакль становіцца беларускім па сутнасці, хаця ідзе на рускай мове. Апошняе — умова “заказчыкаў”. Беларускім пастаноўкам, прызначаным для летняга пракату па дзіцячых аздараўленчых летніках, у апошніх зусім не рады. Па-першае, акрамя нашых, у такіх установах адпачываюць дзеці таксама і з Расіі. Па-другое, нашы часта ведаюць беларускую мову не лепш за расіян. А лагеры ідуць па шляху найменшага супраціўлення: маўляў, мы што, дзецям яшчэ тлумачыць павінны, калі яны раптам тэкст не зразумеюць? Праўда, у некаторых установах, дзе іграюць артысты, немагчыма зразумець (дакладней, пачуць з-за акустычных умоў) увогуле ніякага тэксту…

Таму сакрэт другі — паболей музыкі, танцаў, пластыкі, выразных “гаваркіх” касцюмаў і рухаў, каб сюжэт успрымаўся не столькі праз словы (а нішто не стамляе дзяцей больш за марудныя “лекцыі”), колькі — візуальна. Запрасіўшы да супрацоўніцтва Уладзіміра Сівіцкага, вядомага па музыцы да фільмаў “Чаклун і Румба”, “Снайпер. Зброя помсты” ды іншых, а таксама пакуль нікому не вядомую Віталіну Бідзюк, каб тая ператварыла песні ў танцы, рэжысёр адразу зняў з сябе шмат непасільных задач па ўтрыманні дзіцячай увагі. Асабліва адзначу харэаграфічны бок, дзе ўдала змяшаліся элементы розных стыляў — ад фольку да хіп-хопа, — героі набылі адметнасць, абвастрыліся іх характары і памкненні. Сярод сцэнічных строяў вылучу Хатку: на “піжаму” ў клетку апранаецца “камізэлька” — у выглядзе хаткі. І калі артыстка прысядае, увагнуўшы галаву, падабенства папраўдзе казачнае. Гэты прыём — рух упрысядкі — можна было б выкарыстоўваць з самага пачатку дзеі, а не толькі ў канцы. Тым больш, што Ала Цырук і не на такое здольная: па ходзе спектакля яна і на шпагат садзіцца, і фуэтэ круціць!

Сакрэт трэці — спектакль падабаецца самім артыстам. Таму яны робяць усё “як сабе”, а не “як людзям”: выкладваюцца напоўніцу, іграюць з апантанасцю ды бляскам у вачах, нібыта атрымалі ролі не менш як Джульеты, Гамлета ды іншых “сур’ёзных” персанажаў. Казка выйграе за кошт выбару акцёраў, удала пастаўленай тузаніны, калі верыш, што артысты калашмацяць адно аднаго па-сапраўднаму. А яшчэ — за кошт іх імправізацыі ў інтэрактыве. Пад апошнім маюцца на ўвазе не звыклыя запыты “ў публіку” (накшталт: верыць злодзею-ашуканцу ці не?), а звароты ў залу: “Хто хоча венічак?” (і адразу — лес рук: “Я! Я!”), — іншыя “прыколы”, што нараджаюцца ў артыстаў часцяком спантанна і ўлічваюць асаблівасці аўдыторыі.

Спачатку спектакль быў пастаўлены на стацыянарнай сцэне, там жа прайшлі прэм’ерныя паказы. У самім тэатры дэкарацыі — крыху іншыя. Ёсць па баках і акенцы, праз якія на пачатку спектакля бабы лямантуюць, лаючыся на Івана. “Складны-выязны” варыянт сцэнаграфіі з’явіўся пазней — на этапе, калі стала зразумела, што спектакль не толькі ўклаўся ў каштарыс, але яшчэ і нешта засталося. На фоне даволі простага сцэнічнага афармлення, за якім “не схаваешся”, ярчэй відаць адданасць выканаўцаў, агульную дынамічнасць спектакля, што глядзіцца “на адным дыханні”. І ў выніку дае фору многім сталічным дзіцячым пастаноўкам — куды больш багатым па “інтэр’еры”, але танным па эстэтыцы ды пустым па энергетыцы.

Але ж вось парадокс: чым лепш пастаўлена казка, тым больш пытанняў узнікае да драматургічнага матэрыялу. Як прызнаўся Алег Чэчанеў, п’еса “зачапіла” яго ўжо тым, што ёсць хоць якія нязбітыя персанажы. Але няўжо ў нашых літаратараў фантазія знікла? Мо проста забыліся, як самі былі дзецьмі і кожная шчылінка на сцяне выглядала таямнічымі абрысамі прывідаў, а кожная побытавая рэч — героем выкшталцоных прыгод? Сусветная практыка сведчыць: калі пісьменнікі “прыкоўваюць” сябе да стала, дык казкі і пішуцца — “у стол”.

Дык як у нас з дэмаграфіяй сярод драматургаў? Калі дрэнна, дык, можа, адправіць іх “у творчую камандзіроўку” па дзіцячых садках ды летніках — хаця б на тыдзень, для пошуку новых тэм?..

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Маладзечна — Мінск

Фота Сяргея ЛЕСКЕЦЯ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"