Сумоўе з прасторай

№ 51 (817) 22.12.2007 - 28.12.2007 г

Хутка і дакладна кладзецца на белым аркушы штрых да штрыха. Лёгкі росчырк — і ў павуцінні карандашных ліній зараджаецца самотны напеў аб закінутай старонцы, пустэчы бацькоўскіх вокнаў, згубленай велічы продкаў. Побач з графічнымі работамі з рысачак старажытных узораў і рабацінння на спрадвечнай гліне складваюцца жыццясцвярджальныя легенды Палесся ды Панямоння. Сапраўдная гісторыя чалавечага лёсу і міфалагічныя гісторыі, адвечная песня беларуса і па-жаноцку рамантычны погляд на жыццё звязаліся ў аддзінае цэлае на выстаўцы “Сумоўе з прасторай” Уладзіміра і Тамары Васюкоў у Нацыянальным мастацкім музеі.

 /i/content/pi/cult/142/907/Sumouje1.jpg

Т. Васюк. “Архаіка І”.

Гліняныя работы Тамары Іванаўны даказваюць, што ў нашай старажытнай культуры вельмі шмат знакавых постацей са старажытных міфаў, якія б маглі стаць міжнароднымі культурнымі сімваламі.
Вось “Купалінка-раніца”, нібыта Афрадзіта, нараджаецца з пены азёрных гарлачыкаў. Ды і “Купалінка-ночка” застыла накшталт знакамітых мадон Бацічэлі.
Неверагоднай жаноцкасцю вабіць “Архаіка I” — гаршчок, які вельмі нагадвае вядомую скульптуру Венеры. Тыя ж пышныя, неабходныя для працягу роду формы, толькі рыльца адбіта, бы ў знаходкі на раскопках. Сапраўдную археалагічную цікаўнасць выклікае серыя “Формы нёманскай культуры”, шамтлікія вострадонныя чыгуны і каменныя вазы. На падобныя крутыя гліняныя бакі нашы прашчуры, як і больш знакамітыя грэкі, наносілі арыгінальныя малюнкі-пасланні, якія зараз не можа расшыфраваць і “прасунутае” кампьютэрнае пакаленне. А вось лупатыя вочы вялізнага коткі, што вязе дзяўчынку праз прывіды “Белага сну”, ды мірна пасуцца кароўкі-воблачкі з пацешнымі мянушкамі “Маркі-рабкі”.
Графіка Уладіміра Уладзіміравіча пранізана рэхам Чарнобылю. Не падказкай, выкліканай набліжэннем чарговай гадавіны, а натуральным крыкам душы, бо вёску Леніна Хоцімскага раёна, дзе нарадзіўся мастак, накрыла той чорнай хмарай.
Калючы дрот, як нажом, адрэзаў малую радзіму, стаў цярновым вянком на чале Беларусі. Легкадумны “Ветразь лёсу” ў адзінае імгненне ператварыўся ў кавалду року. “У бацькоўскім садзе” звычайная траўка дзідамі паўстала з зямлі і з босхаўскімі жарсцямі разрывае такую знаёмую некалі прастору. Жудаснай смугой вісіць над старым садам цішыня. Цішыня незаспяваных вясельных бомаў, непрагучалага дзіцячага смеху, не зазвінелай на лузе касы.
Экалагічная катастрофа перарастае ў тэму экалогіі душы чалавечай. У век найноўшых тэхналогій гараджанін забываецца на пачуцці. Як і ў карціне “Незабудкі”, постаці мінулага не знаходзяць сабе месца пад камп’ютэрызаванымі аблокамі і кіруюцца да ладдзі роспачы. Творчая пара Васюкоў спадзяецца, што чалавек усё ж апамятаецца, у гісторыі Бацькаўшчыны адшукае неабходнае для сугучча з сучасным светам. Гліняная “Берагіня” прапрадзедаў зможа накрыць покрывам заступніцтва беларусаў новага стагоддзя.

Н.П.