Разнастайныя алгарытмы сяброўства

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Культурная дыпламатыя і міжнародныя праекты ў канкрэтных прыкладах

Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль ЧЭРНІК быў прызначаны на дадзеную пасаду зусім нядаўна, але ж гэтую асобу наўрад ці трэба прадстаўляць работнікам галіны. Раней Васіль Мечыслававіч доўгі час узначальваў упраўленне ўстаноў культуры народнай творчасці, займеўшы ва ўсіх рэгіёнах Беларусі трывалую рэпутацыю ініцыятыўнага ды руплівага кіраўніка. Ды і чатыры гады, праведзеныя на дыпламатычнай службе, таксама былі ў значнай меры прысвечаны культуры: працуючы ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча, ён курыраваў пытанні гуманітарнага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі. Адпаведна, звышважную тэму “экспарту” айчыннага мастацтва за межы краіны Васілю Чэрніку давялося засвоіць, што называецца, "у палявых умовах”.

/i/content/pi/cult/436/9067/1-1.jpeg

— Ведаеце, пад час майго чатырохгадовага знаходжання ў Польшчы нам даводзілася прымаць арганізацыйны ўдзел у правядзенні на яе тэрыторыі каля 200 беларускіх культурных мерапрыемстваў: канцэртаў, выставак, сустрэч з пісьменнікамі…

— За ўвесь час?

— Што вы, гэта я назваў сярэднюю лічбу за год! Дык вось, цікавячыся ўражаннямі наведвальнікаў (а ў іх ліку былі і вельмі паважныя асобы — напрыклад, акрэдытаваныя ў Польшчы дыпламаты), амаль кожны раз я чуў прыблізна наступнае меркаванне: для таго, каб скласці сваё ўражанне пра краіну, лепш за ўсё грунтоўна пазнаёміцца з яе культурай. Значыць, гэты алгарытм пазіцыянавання дзяржавы за мяжой і сапраўды эфектыўна працуе. У нашу задачу ўваходзіла паказаць найлепшыя здабыткі айчыннай культуры, выявіць яе духоўную глыбіню ды шматграннасць.

— У апошнія гады рэгулярна ўзнікаюць дыскусіі: а якія менавіта праявы беларускага мастацтва здатныя годна прадставіць за мяжой краіну? Што цікава тамтэйшай аўдыторыі?

— Як вы самі разумееце, адназначнага адказу на гэтае пытанне проста не можа быць. Натуральна, у любой краіне глядацкая аўдыторыя — неаднародная, яна мае розныя ўпадабанні. Ды пэўныя тэндэнцыі ўсё ж прасочваюцца. Прыкладам, у Польшчы вялікім попытам карыстаецца наша народнае мастацтва. Часам арганізатары таго або іншага фэсту прасілі нас прывезці да іх ледзь не любы народны калектыў, бо ведалі, што ўзровень нашых аматарскіх ансамбляў  — вельмі высокі і публіка будзе доўга апладзіраваць.

Асаблівы попыт — на беларускія харэаграфічныя калектывы. Пры ўсім прафесіяналізме польскіх танцораў, без лішняй сціпласці мушу адзначыць, што нашы  — на галаву вышэй. Вось і тыднёвыя гастролі ў Польшчы знакамітых “Харошак” прайшлі на ўра...

— А ў якіх рэгіёнах Польшчы яны адбываліся? Бо адна справа — Беласточчына ды Падляшша, дзе жыве нямала нашых суайчыннікаў, а зусім іншая — Памор’е на мяжы з Германіяй…

— Тут не паспрачаешся. І, натуральна, такую спецыфіку сацыяльна-дэмаграфічнага складу насельніцтва краіны-суседкі мы абавязкова павінны ўлічваць у сваёй дзейнасці. Паводле апошняга перапісу, які адбыўся летась, ва ўсходніх рэгіёнах Польшчы жыве больш за 47 тысяч этнічных беларусаў. І многія нашы мерапрыемствы былі разлічаны менавіта на гэтую аўдыторыю, стаўшы сведчаннем той увагі, якую надае наша дзяржава суайчыннікам за мяжой. Зрэшты, і яны самі ахвотна аказваюць нам неацэнную арганізацыйную дапамогу. Асабліва хацелася б падзякаваць Беларускаму культурнаму таварыству ў Беластоку, якое ўжо не першае дзесяцігоддзе з’яўляецца дзейсным каталізатарам культурнага жыцця свайго краю.

Але вернемся да вашага пытання… Самае цікавае, што “Харошкі” гастралявалі менавіта ў тых мясцінах, дзе этнічных беларусаў амаль няма: Людзь, Петркаў-Трыбунальскі… Многія наведвальнікі канцэртаў упершыню змаглі пазнаёміцца і з беларускай прафесійнай сцэнай, і з тым народным фальклорам, якім яна ў значнай меры сілкуецца. На сённяшні дзень наша асноўная задача — распаўсюдзіць арэал прысутнасці беларускай культуры ў Польшчы за межамі яе ўсходніх рэгіёнаў. Таму імпрэзы ладзіліся і ў Заходне-Паморскім, і ў Любускім ваяводствах, ва Уроцлаве, у Кракаве, Гданьску, Калобжэгу… А таксама і ў Варшаве, дзе проста насупраць будынка Урада прайшла вулічная выстаўка “Art-Zabor”. Тэатральная публіка не раз выклікала на біс “купалаўцаў” з іх “Пінскай шляхтай” ды артыстаў Нацыянальнага тэатра оперы і балета, якім давялося выступаць на самай прэстыжнай опернай сцэне Польшчы...

— А ці ёсць цікавасць у Польшчы да больш сучасных форм нашай культуры — скажам, поп-музыкі?

— Правесці гастролі ў Польшчы нашых эстрадных выканаўцаў, прызнацца, куды складаней: іх там мала хто ведае. Ёсць, вядома ж, і выключэнні. Прыкладам, пасля таго, як Ірына Дарафеева атрымала Гран-пры на прэстыжным Міжнародным фестывалі ў Зялёнай Гуры, з’явілася магчымасць зладзіць яе выступленні ў горадзе Шчацінку. Адпаведна, ініцыятыва ў значнай меры павінна зыходзіць ад саміх выканаўцаў.

— Зразумела, што культурныя стасункі паміж суседзямі вымагаюць асаблівай увагі, але ці мае беларускае мастацтва шанец “прагучаць” і ў краінах, далёкіх ад нашых межаў?

— Сапраўды, нас з Польшчай звязвае ладны перыяд супольнай гісторыі, пэўная блізкасць у культуры ды менталітэце. Іншая справа — Азербайджан, які ад Беларусі аддзяляе адлегласць у некалькі тысяч кіламетраў. Але каб вы толькі бачылі, з якім энтузіязмам прымалі нашых артыстаў цягам нядаўніх Дзён беларускай культуры! Пад час іх адкрыцця зала Дзяржаўнай філармоніі імя Муслі
ма Магамаева ў Баку была поўнай, аншлагі нас чакалі і ў гарадах Хачмаз і Мардакян, дзе таксама праходзіла акцыя. Прычым публіка добра сустракала не толькі сваю зямлячку Гюнеш Абасаву або салістаў Нацыянальнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь — нашы народныя песні ў выкананні ансамбля “Свята” выклікалі сапраўдны шквал авацый! І гэта, на маю думку, цалкам вытлумачальна: спакушаны глядач умее цаніць талент ды прафесіяналізм і з цікавасцю адкрывае для сябе культуры іншых народаў.

Зрэшты, нельга забываць і пра тое, што з Азербайджанам нас таксама лучыць вельмі важны перыяд сумеснай гісторыі. Арганізоўваючы паказ фільма “Брэсцкая крэпасць”, які адкрываў Дні беларускага кіно ў Баку, мы звярнулі ўвагу на тое, што сярод абаронцаў Цытадэлі было нямала азербайджанцаў, многія там гераічна загінулі… І з дапамогай Пасольства Рэспублікі Беларусь у гэтай краіне нам удалося адшукаць іхніх дзяцей ды ўнукаў і запрасіць іх на прэм’еру.

— Але Дні культуры, як і ўсе святы, бываюць нячаста. А як выглядае, так бы мовіць “будзённы” фармат супрацоўніцтва?

— Акурат пра гэта і вялася гутарка пад час нашай сустрэчы з міністрам культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі Абульфасам Караевым, кіраўнікамі найбуйнейшых устаноў культуры краіны. І такія сустрэчы маюць зусім не толькі фармальны, “пратакольны” характар — так і ствараецца глеба для канкрэтных праектаў. Пра ўсе напрацоўкі казаць пакуль, мабыць, зарана, але агучу хаця б адну.

На пачатку снежня ў Баку адбудзецца VIII Сесія Міжурадавага камітэта UNESCO па захаванні нематэрыяльнай спадчыны, на якой нашай краіне належыць трымаць разгорнутую справаздачу пра свае захады па выкананні адпаведнай канвенцыі. І вось, з’явілася ідэя не толькі правесці невялічкую фотавыстаўку, якая фіксуе нашы элементы НКС, але і дазволіць непасрэдна спрычыніцца да аднаго з іх, запрасіўшы ў Баку невялічкі аўтэнтычны калектыў з беларускай вёскі.

— Беларусь актыўна далучаецца да ўсіх ініцыятыў UNESCO. Ці ацэнены наш досвед экспертамі гэтай арганізацыі?

— 13 чэрвеня ў Штаб-кватэры UNESCO ў Парыжы прайшла IV Сесія канферэнцыі па пытаннях прымянення Канвенцыі аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення. Досвед Беларусі ў гэтай галіне міжнародныя эксперты ацанілі высока, і як вынік — наша краіна была выбрана ў склад Міжурадавага камітэта UNESCO па культурнай разнастайнасці. Варта адзначыць, што канкурэнцыя была вельмі вялікая: на 12 месцаў новых членаў прэтэндавала 118 краін!

Зрэшты, гэты візіт у Парыж атрымаўся выніковым адразу па некалькіх прычынах. Разам з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Францыі, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры UNESCO Паўлам Латушкам мы вялі перамовы з намеснікам гендырэктара UNESCO Янісам Каркліншам па пытаннях падрыхтоўкі намінацыйных дасье дакументальнай спадчыны і ўключэння беларускіх крыніц у рэестр “Памяць свету”. UNESCO гатова аказаць нам садзеянне ў гэткай складанай ды карпатлівай справе, але папярэдне мы павінны самі вызначыць патэнцыйных “кандыдатаў”. Дарэчы, абмеркавалі мы і пытанні адзначэння 60-х угодкаў членства Беларусі ў UNESCO. Спадзяюся, гэты юбілей станецца для нас нагодай прэзентаваць у Парыжы часцінку сваёй культуры, прычым непасрэдна ў Штаб-кватэры прадстаўнічай міжнароднай арганізацыі.

— Міжнародныя стасункі патрэбны нашым установам культуры і для вывучэння досведу. Ведаю многіх кіраўнікоў, якія паспяхова яго “імпартуюць” — ці, наадварот, вучацца на чужых памылках…

— Думаю, вучыцца ўсё ж лепш на чужых дасягненнях. Менавіта пра гэта вялася гутарка пад час парыжскай сустрэчы з генеральным дырэктарам Міністэрства культуры Францыі (гэтая пасада прыкладна адпавядае намесніку міністра) Вінсентам Бержо, удзел у якой узяў Павел Паўлавіч і я. Адно з навайжнейшых пытанняў — магчымасць стажыроўкі дырэктараў найбуйнейшых беларускіх музеяў у вядучых музеях Францыі. Лішне нават казаць, што гэтая дзяржава — у ліку сусветных лідараў у дадзенай галіне. У выніку наша прапанова была адобрана, і, спадзяюся, рэалізуецца ўжо ў самым хуткім часе.

— Без сумневу, вельмі важнае значэнне мае таксама развіццё гарызантальных міжнародных сувязей — паміж муніцыпальнымі ўладамі, а таксама канкрэтнымі ўстановамі...

— Думаецца, у гэтай справе прагрэс у нас — таксама навідавоку. Здаралася, прыязджаеш ты ў той або іншы польскі гарадок, і яго мэр кажа: дык у нас вось акурат нядаўна ўжо была дэлегацыя з Беларусі, ды і свае творчыя калектывы яна, вядома, прывозіла! І гэты рух сяброўства, які ніякім чынам не магчыма інспіраваць “зверху”, з дапамогай адміністратыўнага рэсурсу, сапраўды імкліва развіваецца. Бывала, у беларускае пасольства ў Варшаве звярталіся прадстаўнікі ўлад таго або іншага населенага пункта Польшчы ды прасілі: знайдзіце нам беларускага пабраціма! Адпаведна, сябраваць з намі і сапраўды хочуць...

Фота Юрыя ІВАНОВА