Выстаўкі і “экспарт”: артэфакты альбо традыцыі?

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Як вядома, Нацыянальны гістарычны музей мае надзвычай багатыя фонды — несувымерна большыя, чым нашы цяперашнія экспазіцыйныя магчымасці. І ў такой сітуацыі цалкам лагічна зрабіць асаблівы акцэнт на арганізацыю выставак за мяжой. Тым больш, гэта цалкам адпавядае стратэгічнай задачы нашага музея — папулярызацыі беларускай гісторыі і культуры.

Алег РЫЖКОЎ, генеральны дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/436/9065/2-1.jpeg

Задзел для правядзення такіх выставак ужо створаны: мы маем неблагія кантакты з шэрагам музейных устаноў у іншых краінах. Але, вядома, тут адразу ўзнікае пытанне: якія тэмы, прадметы, падыходы здатныя зацікавіць абазнанага замежнага гледача? Прасцей кажучы, што паказваць?

Першы варыянт адказу, які прыходзіць у галаву, — везці самае дарагое, што ў нас толькі ёсць. Дарагое менавіта ў матэрыяльным эквіваленце. Але маючы стасункі з замежнымі калегамі, я неаднаразова пераконваўся: такім чынам поспеху мы не дасягнем. Каштоўныя артэфакты, якія часам нават наўпрост і не тычацца беларускай гісторыі ды культуры, — зусім не тое, чым мы можам здзівіць ды ўразіць аўдыторыю ў іншых краінах. Тым больш, для іх гэта звыкла: часам людзі нават у сваіх дамах карыстаюцца антыкварнай мэбляй або посудам ХІХ стагоддзя. І таму рабіць акцэнт у сваёй выставачнай палітыцы на дарагіх прадметах я лічу памылковым.

Даўно пераканаўся ў тым, што наведвальнікі музеяў у любой краіне прагнуць убачыць перадусім нешта новае, самабытнае, не ўласцівае сваёй культуры. Няўжо ж нам няма чаго паказаць? Тым больш, многія замежнікі пакуль не надта дэталёва разумеюць, адкуль бяруцца вытокі нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, а разам з ёю — і дзяржаўнасці. І прыярытэтнай задачай сваёй установы я лічу фармулёўку той лініі, якая выяўляла б адказы на ўсе гэтыя пытанні з дапамогай музейных сродкаў.

Калі замежны глядач навучыцца “расшыфроўваць” арнаменты нашых ручнікоў, калі ён азнаёміцца з традыцыйнымі абрадамі і рамёствамі, дык, напэўна, самастойна прыйдзе да высновы, што беларускі народ — сапраўды ўнікальны ды самабытны. І развіваючыся ў цесным узаемадзеянні з культурамі сваіх суседзяў, ён ішоў праз стагоддзі ўсё ж уласнымі гістарычнымі пуцявінамі, якія лагічным чынам прывялі да з’яўлення незалежнай дзяржавы.

Безумоўна, выставачныя праекты ні ў якім разе нельга абмяжоўваць той або іншай тэматыкай — яны павінны быць шматграннымі. Як, зрэшты, і сама культура індывідуума або народа, што ахоплівае яго жыццё на ўсіх узроўнях — ад сакральнага да паўсядзённага. Можна казаць пра культуру вытворчасці, зносін, урэшце, кулінарыі... І ва ўсіх гэтых сферах беларусы маюць свае адметнасці, цікавыя свету.

А калі мы будзем проста выводзіць нашы фонды, што збіраюцца “са свету па нітцы”, атрымаюцца безаблічныя праекты, якія згубяцца ў агульнай масе тых шматлікіх культурных падзей, што ладзяцца ў любым буйным замежным горадзе і ніколі не выклічуць сур’ёзнай цікавасці замежнага гледача. Лічу, такія ініцыятывы не маюць вялікага сэнсу.