Інтэрактыў не прапаноўваць?

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

На пачатку ліпеня на пешаходнай вуліцы Карла Маркса стартаваў Мінскі форум вулічных тэатраў, які завершыцца ў верасні ў Дзень горада. Першыя выступленні, вылучаныя для далейшага адбору фіналістаў, шчыра кажучы, збянтэжылі. Найперш тым, што ўдзельнікі, так бы мовіць, “не зусім” разумеюць, што ж такое вулічны тэатр увогуле.

Надзея БУНЦЭВІЧ, рэдактар аддзела газеты "Культура"

/i/content/pi/cult/436/9063/1-1.jpeg

Паводле задумы арганізатараў (а заснавальнікамі праекта выступілі Мінгарвыканкам і адміністрацыя Ленінскага раёна сталіцы), удзел у форуме могуць прымаць прафесійныя ды аматарскія тэатры з любымі жанрамі вулічнага мастацтва: пантаміма, кантактная імправізацыя, лялькі, ролевыя, танцавальныя гурты, вулічныя паэты, фокуснікі і г. д. Здавалася б, які разгорт! Ажно не. Тратуар чамусьці трактуюць як акадэмічную сцэну, а праезную частку — як чынны партэр.

Прывяду прыклад. Адзін з танцавальных тэатраў выступае з нумарам, дзе двое хлопцаў увасабляюць, скажам так, не зусім цвярозых маладых людзей. Публіка ўсміхаецца іх няцвёрдаму поступу, хістанням з боку ў бок, іншым выхадкам, што знешне выглядаюць дастаткова імправізацыйна. І раптам у той “сцэнічнай прасторы” з’яўляецца бабуля. Самая простая. Не “падстаўная”. З мінакоў. Ну ішла сабе па тратуары, а тут раптам — нейкія танцоры. Яна, вядома, прытармазіла ад разгубленасці, не ведае, куды ёй далей рушыць: ці то наперад (а раптам яе там “падпітыя” затопчуць?), ці то назад (але ж гэта неяк развярнуцца-размінуцца яшчэ трэба!). Бедная старая пачала ў “артыстаў” нават штосьці распытваць. Пад сапраўдны рогат публікі, бо выглядала гэта папраўдзе камічна — кіно, дый годзе! Вось, здаецца, сам лёс ідзе насустрач “тэатралам”! І не марылі пра інтэрактыў, а тут — калі ласка, ды яшчэ які! Дый гледачы гатовы “ўцягнуцца”, бо чужы прыклад заўсёды заразлівы. Ажно не. Хлопцы зірнулі на бабулю, “зморшчыліся” ў душы (замінае старая, аднак!) — і прадоўжылі, як ні ў чым ні бывала, “адпрацоўваць” свой пастаўлены і адрэпеціраваны нумар. Але ж вулічны тэатр пачынаецца менавіта з разбурэння падзелу на сцэну і залу, артыстаў і гледачоў!

Дарэчы, у руках танцоры трымалі бутэльку, часам перакулялі яе — быццам пілі штосьці. Ім відавочна не хапала трэцяга! Чаму б не пашукаць яго сярод прысутных? А ў бутэльку і сапраўды наліць — не гарэлку і не піва, а тую ж салодкую ваду! Бо і “без градусаў”, і без абавязковага “Пі да дна!” (усім піць з адной бутэлькі, як сведчыць медыцына, негігіенічна) адразу стане весела. І нумар будзе прадоўжыцца не тры хвіліны, а столькі, колькі публіка згодна ў ахвоту падтрымліваць тую гульню. Тым больш, што адразу просіцца і працяг “сюжэта”: з’яўленне “вуліцыянера” ў форме, які пачне цікавіцца “змесцівам-зместам” бутэлькі, бо, як вы разумееце, распіваць (і нават адкрываць!) спіртное на вуліцы забаронена. Калі публіка не адразу ўцяміць, дзе праўда, а дзе розыгрыш, дык можна канстатаваць, што “спектакль удаўся”.

Ці, можа, нас усіх так напужалі флэшмобамі, што збочыць управа-улева ад зададзенай (і праверанай у інстанцыях) траекторыі мы ўжо не здольныя? Флэшмоб, дарэчы, таксама можа лічыцца адным з адгалінаванняў вулічнага тэатра. Толькі не трэба блытаць мастацтва з палітыкай! Але, падобна на тое, “чыстае мастацтва” ў нас пакуль не прыжываецца. Можа, таму што не навучыліся цаніць эстэтычнае задавальненне? У нас жа на адным полюсе — “трэба”, а не “хочацца”, на другім — “хочацца, ды нельга”. З аднаго боку — высокі пастамент з традыцыйнасцю, з якой нельга здзерці пакрыты пылам стагоддзяў парык. З другога — забавы з разраду “ні розуму ні сэрцу”. А пасярэдзіне — нічога. Шкада! Бо калі мы навучымся спалучаць адно з другім, дык, пэўна, жыць будзе куды весялей. І ўсмешкі самі з’явяцца на нашых тварах — не толькі ў час камедый, калі “смяяцца трэба”, але і проста ад паўнаты жыцця, якая не вымяраецца паўнатой кішэняў…

Пакуль жа — адборы працягваюцца, кожныя два тыдні па выхадных. Ёсць час праявіць сябе!..