Якія плюсы і мінусы ўваходжання "Белвідэацэнтра" ў структуру "Беларусьфільма"?

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Да канца бягучага года РУП “Беларускі відэацэнтр” мусіць далучыцца да Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Паводле папярэдніх даных, прадпрыемства стане чацвёртым падраздзяленнем кінастудыі і будзе пераўтворана ў студыю спецыяльных праектаў. Навіна аб гэтай рэформе, агучаная пару тыдняў таму, нягледзячы на чаканне пэўных крокаў, выклікала абмеркаванне ў шэрагах кінаграмады. Што ж мы будзем мець на выхадзе аб’яднання арганізацый?

Андрэй КУЦІЛА, кінарэжысёр:

/i/content/pi/cult/436/9062/3-1.jpeg

— Я маю вопыт супрацоўніцтва са студыяй “Летапіс” — падраздзяленнем “Беларусьфільма”, з “Белвідэацэнтрам”. Аднак навіну аб далучэнні апошняга да Нацыянальнай кінастудыі я ўспрыняў са шкадаваннем. Актыўнасць “Белвідэацэнтра” апошнім часам нельга не заўважыць: яго кіраўніцтва вельмі плённа займаецца прамоўшнам уласнай прадукцыі на фестывалях, у прэсе, і гэта выклікае павагу. Шчыра кажучы, не заўважаў, каб кінастудыя займалася нечым падобным у дачыненні да дакументальнага кіно, ды так паспяхова. Можа быць, пасля далучэння “Белвідэацэнтра” што-небудзь і зменіцца — “Летапіс” таксама пачне актыўнічаць, — але пакуль гэта толькі меркаванні.

Яшчэ адзін момант  — фінансаванне дакументальнага кіно. Калі пры аб’яднанні колькасць сродкаў, што выдаткоўваецца на прадукцыю “Летапісу” і “Белвідэацэнтра”, застанецца той жа, захаваецца тая ж колькасць адзінак і рэжысёры будуць мець той жа аб’ём працы, — гэта будзе добра. Калі ж у выніку зліцця нейкім чынам скароціцца і фінансаванне — гэта значыць, церпіць беларуская дакументалістыка. Бо тое, што робяць “Летапіс” і “Белвідэацэнтр”, — гэта розныя рэчы. Дакументальнае кіно і так не спешчана ўвагай, а атрымліваецца, што яно яшчэ больш губляе. А што ёсць дакументальнае кіно, як не ўнёсак у беларускую культуру? Значыць, губляе і культура…

Антон СІДАРЭНКА, кінакрытык:

/i/content/pi/cult/436/9062/3-2.jpeg

— Лічу, што разнастайныя плюсы гэтай рэформы будуць перакрыты галоўным мінусам — спыненнем існавання такой актыўнай творчай адзінкі, як “Беларускі відэацэнтр”. Плюсы — гэта пэўная эканомія сродкаў. Мінус — страта калектыву, які, на маю думку, не здолее захавацца ў выніку зліцця. “Белвідэацэнтр” — адзіная з дзяржаўных кінаарганізацый, якая існуе па сучасных прынцыпах арганізацыі вытворчасці. Гэта адмысловы творчы цэнтр, дзе творчыя адзінкі — пэўнае кола аўтараў — працуюць па-за штатам, што дазваляе быць гнуткім у вытворчасці кіно. Ці захаваюцца гэтыя аўтары, увогуле, падобны прынцып арганізацыі працы, калі “Белвідэацэнтр” увойдзе ў іншую структуру, дзе пакуль дзейнічае зусім іншая сістэма?

Ды і галоўнае: у адпаведнасці з “Канцэпцыяй развіцця кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь на 2009 — 2014 гады”, адобранай Прэзідэнтам нашай краіны, адной з асноўных задач развіцця айчыннай кінематаграфіі з’яўляецца стварэнне канкурэнтнага асяродка. Наўрад ці аб’яднанне “Белвідэацэнтра” і кінастудыі “Беларусьфільм” будзе садзейнічаць павелічэнню канкурэнцыі ў нашым дакументальным кіно. Зрэшты, асноўныя высілкі “Беларусьфільма” сканцэнтраваны на вытворчасці ігравых стужак, і губляць вытворцу дакументалістыкі з 20-гадовым стажам вельмі шкада…