Магілёў, які чытае пад парасонам

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Прачытаўшы артыкул “У Беларусі не патрэбны чытальныя залы на вуліцы?” (газета "Культура" № 27 за 2013 г.), захацелася падзяліцца вопытам работы, якая вядзецца ў гэтым кірунку ў Магілёве. Тым больш, што горад сёлета абвешчаны Культурнай сталіцай Беларусі і СНД. А прасоўванне кнігі, культуры чытання — як ніколі актуальнае.

Штогод Цэнтральная гарадская бібліятэка імя К.Маркса выходзіць на пляцоўкі горада, знаёміць магіляўчан са сваімі фондамі: на Дзень горада, Дзень бібліятэк. Сёлета супрацоўнікі падрыхтавалі творчы праект «Лета пад кніжным парасонам», у рамках якога працуе выязная чытальная зала на летніх пляцоўках горада: у Камсамольскім скверы і скверы 40-годдзя Перамогі. Тут заўсёды гуляюць матулі з дзецьмі, пенсіянеры.

Два разы на тыдзень з 11-й да 14-й гадзіны магіляўчане маюць магчымасць схавацца ад летняй спёкі пад парасонам ды азнаёміцца з навінкамі беларускай і расійскай прэсы. Тут жа працуе добра вядомы магіляўчанам буккросінг: можна абмяняць кнігу, якую ўжо прачытаў і больш чытаць не будзеш, на тую, што табе спадабалася.

6 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё чытальнай залы пад парасонам. Прэм’ерны дзень акцыі гараджане сустрэлі з цікавасцю. Бібліятэкары ў фірменных футболках і кепках запрашалі магіляўчан да чытання. Актыўны ўдзел у акцыі прыняў Кніжны дом “Талака”, які ласкава прадаставіў свае выданні ў якасці падарункаў усім, хто запісваецца ў бібліятэку. Цікавасць рэпарцёраў рэгіянальнага тэлеканала зрабіла добрую рэкламу і бібліятэцы, і яе рабоце пад парасонам. Тут заўсёды шматлюдна. Чытальная зала на пляцоўках абласнога цэнтра будзе працаваць да канца жніўня.

Алена АСТАПАВА, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦГБ імя К.Маркса

Магілёў