Пленэрны лісток на беразе Нёмана

№ 51 (817) 22.12.2007 - 28.12.2007 г

Восеньскі лісток, расквечаны выявамі сцягаў пяці краін (Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі), стаў сімвалам міжнароднага пленэру “Гродна — дарог скрыжаванне”. Яго творчыя вынікі падводзіліся ў Гарадской выставачнай зале Гродна, унутраная прастора якой увабрала ў сябе ўражанні мастакоў ад прыроды і старажытнай архітэктуры Прынямоння. Галоўным спонсарам праекта выступіў Гродзенскі гарвыканкам, а мэр горада Аляксандр Антоненка асабіста выказаў удзельнікам пленэру шчырыя пажаданні новых поспехаў.

 /i/content/pi/cult/142/906/Plener.jpg
 А.Сільвановіч. “Легенда пра св. Губерта”.

Мастакі розных нацыянальнасцей размясціліся ў пансіянаце з рамантычнай назвай “Купалінка” на жывапісным беразе Нёмана, што спрыяла асабліваму творчаму натхненню, узнёсласці думак і пачуццяў, супольных перажыванняў. Вядома ж, пейзаж стаў пераважным жанрам на заключнай выстаўцы.
Гледачоў зацікавілі работы маладых львоўскіх мастакоў.
Энергічная экспрэсіўная манера выканання Ульяны Нышчук-Барысяк надала гродзенскім краявідам пэўную хаатычную прыцягальнасць, празрыстасць фарбаў Юліі Стэльмах — ціхую задуменнасць, а Аляксандр Брындзікаў успрыняў старажытную Каложскую царкву ў казачна аптымістычным святле.
Маскоўскія мастакі Уладзімір Літышаў і Алег Фёдараў падкрэслілі велічную ўрачыстасць барочных помнікаў Гродзеншчыны ў прывычным для іх асяроддзі, літовец з Друскенікаў Рудзікас Лаўліус убачыў наваколле ў буйстве восеньскіх фарбаў, мінчанін Аляксандр Камянец з імпрэсійнай лёгкасцю адзначыў паэтычную прывабнасць звычайнага ландшафту. Другі мінскі мастак — Сяргей Малішэўскі прадставіў на выстаўку работы, якія могуць быць сугучнымі асацыятыўнаму асэнсаванню ўнутранай поліфаніі гарадскога жыцця.
Найбольш тытулаваны ўдзельнік пленэру паляк Ян Волэк — сапраўды чалавек неардынарны. Шырока вядомы ў Польшчы не толькі як мастак, але і як выканаўца і аўтар бардаўскіх песень, ён мае шматлікія дзяржаўныя ўзнагароды. У Гродна прыязджае не ўпершыню, думаецца, што наш горад стаў яму блізкім, тым больш, што за тыдзень пленэру ён напісаў з дзесятак відарысаў Гродзеншчыны.
Сэнсавая аснова работ гродзенскіх творцаў трымаецца на філасофскай шматзначнасці сімвалаў. У Аляксандра Сільвановіча ўмоўныя вандроўкі ў гісторыю Гродна вызначаюць візуальную тканіну твораў.
Эстэтычныя коды графічных мініяцюр Юрыя Якавенкі апелююць да міфалагічнай памяці продкаў.
На палатне Сяргея Грыневіча адлюстраваны аб’ект рэчаіснасці — стары трактар, які вязе прычэп з бульбай.
На першы погляд, — сімвал восені, збору ўраджаю, апафеоз сялянска-дачнай працы. А падтэкст твора “крычыць” беларусу, каб не заставаўся ён толькі на ўзроўні едака бульбы, а дбаў пра духоўнасць сваёй асобы.
Мастацкі праект, які ажыццяўляўся таксама пры падтрымцы генеральных консульстваў Польшчы і Літвы, вырашылі зрабіць трывала традыцыйным. А нядаўна прызначаны Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Адам Бернатовіч адзначыў, што ў першыя дні сваёй працы ён пачаў знаёмства з нашым горадам менавіта з выяў на карцінах пленэрнай выстаўкі.
Лагічным завяршэннем культурнай акцыі стаў сумесны твор, дзе кожны з удзельнікаў пленэру “нафарбаваў” на палатне кавалачак свайго “я”. Атрымаўся радасны, яркі, прасякнуты адчуваннем бязмежнай любові для жыцця шматнацыянальны артэфакт, які нясе ў сабе пазітыўны пачатак, сцвярджаючы ідэю яднання людзей праз прыгажосць.

Марына ЗАГІДУЛІНА
Гродна