Нобеля ўручаць у Нясвіжы…

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

…Бо ў Стакгольм далёка ехаць. Так вырашылі на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і ў прадзюсарскай кампаніі “Маскіт”, якія сумесна ствараюць поўнаметражны камедыйны ігравы фільм “З Восьмым Сакавіка, мужчыны!”.

Фільм распавядае пра трыццацігадовую жанчыну, якой не шанцуе ў асабістым жыцці, і праз гэта ў яе склалася негатыўнае стаўленне да мужчын. Аднак, атрымаўшы нейкім чынам здольнасць чуць іх думкі, яна адкрывае ў мужчынах шмат станоўчага. Такое вось Восьмае сакавіка… Падзеі адбываюцца ў навуковым асяродку. Аўтары фільма, сярод іншага, маюць на мэце стварыць крэатыўны вобраз маладых навукоўцаў.

Здымкі праходзяць у Беларусі і Расіі. Рэжысёр — Арцём Аксёненка, прадзюсар — Ганна Крутава, у фільме задзейнічаны акцёры з Беларусі, Расіі, ЗША. Днямі адбылася прэс-канферэнцыя, на якой творчая група карціны распавядала журналістам пра зробленую работу і перспектыву. У Беларусі, у Нясвіжскім палацы, як ужо адзначалася, здымалі… Швецыю. Бо паводле сцэнарыя героі атрымліваюць Нобелеўскую прэмію, якую, як вядома, уручаюць у Стакгольмскай ратушы. Гэтая акалічнасць справакавала журналісцкае пытанне: калі наш нацыянальны брэнд прадстаўлены ў стужцы як замежжа, дык што ў ёй увогуле будзе беларускім?

Прадзюсар Ганна Крутава адказала, што ў кінематографе гэта звычайная практыка, калі нейкая краіна ўвасабляе на экране іншую. Ёй, у прыватнасці, вядомы выпадак, калі Маскву здымалі ў Празе, бо ў самой Маскве здымачнай групе не былі створаны зручныя ўмовы для працы. Яна мяркуе, што для Беларусі было б вельмі карысна, каб яе краявіды і вытворчая база Нацыянальнай кінастудыі зацікавілі кінапрадзюсараў з розных краін.

Работа над стужкай працягнецца ў Маскве, дзе, сярод іншага, будзе зняты такі эфектны эпізод, як скачок з вяршыні хмарачоса “Фэдэрацыя” (вышыня — 376 метраў). Карціна ствараецца найперш для краін Садружнасці. Але прадзюсары спадзяюцца, што яна зацікавіць не толькі постсавецкую прастору. Для гэтага да ўдзелу ў фільме прыцягнуты акцёры і пастаноўшчыкі, знаёмыя з заходнім кінарынкам.

П.В.