Біяграфія, што складаецца з “белых плям”

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

“Пейзаж, поўны таленту, і таленту смелага…”

Дзіўны народ славяне: быццам бы шануюць вялікіх сваіх мастакоў, а нашчадкам пакідаюць да крыўднага мала дакладных звестак пра іх жыццё ды творчасць. Потым, праз гады ды дзесяцігоддзі, а то і стагоддзі, спахопяцца ды пачынаюць пісаць манаграфію за манаграфіяй. Імкнуцца стварыць біяграфіі сваіх продкаў па некалькіх кароткіх радках у мастацкім летапісе. Так здарылася і з адным з лепшых рускіх пейзажыстаў другой паловы XIX стагоддзя Мікалаем Аляксеевічам Атрыганьевым, лёс якога не мінуў і Беларусь.

Не памылюся, калі скажу, што гэтае імя стала вядомым у нашай краіне толькі дзякуючы дырэктару Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алене Васільеўне Аладавай. На пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя Аладава, знаходзячыся ў Маскве, пазнаёмілася з прыватным калекцыянерам Юрыем Няўзоравым і ў ягонай кватэры пабачыла цудоўны пейзаж “Вечар” невядомага для яе тады мастака Атрыганьева. А калі даведалася, што гэты тонкі ды пранікнёны пейзажыст нейкім чынам звязаны з Беларуссю і некалькі гадоў працаваў на Магілёўшчыне, угаварыла Няўзорава прадаць тую работу для беларускага музея. Потом “здабыла” з другіх мясцін яшчэ два палатны майстра. Дабралася і да Омска, дзе ў мясцовым Мастацкім музеі імя М.Урубеля знаходзілася іншая карціна Атрыганьева. Тут жа прапанавала “абмяняць” яе на “беларускага” Сурыкава (“Паранены казак” — эцюд да карціны “Скарэнне Сібіры Ермаком”). Але штосьці не атрымалася. Вось наконт абмену сурыкаўскага эцюда “Царэўна” (да карціны “Наведанне царэўнай жаночага манастыра”), які Аладава яшчэ напрыканцы 1940-х набыла ў масквічкі Яўгеньевай, на пейзаж Атрыганьева омскія музейшчыкі маглі падумаць, а так… Словам, як мне распавядала Алена Васільеўна, “пагадненне не атрымалася, бо маё сумленне не дазволіла расстацца з цудоўным партрэтным эцюдам Сурыкава да яго апошняй у жыцці карціны…”

...У снежаньскі халодны вечар 1870 года ў пецярбургскую кватэру Атрыганьевых, што на вуліцы Махавой, было падкінута месячнае дзіця “мужеского пола” невядомых бацькоў. Яго ахрысцілі 13 снежня ў Сімяонаўскай царкве і назвалі Уладзімірам. Так пачыналася жыццё будучага мастака, гісторыка-краязнаўца, арганізатара музейнай справы ў г. Ліпецку Уладзіміра Іларыёнавіча Жукава. Незадоўга да сваёй смерці ён і раскрые тайну свайго паходжання.

У пачатку 60-х гадоў XIX ст. былая прыгонная Дуняша выйшла замуж за пецярбуржца, адстаўнога салдата Пятроўскага палка, слесара інструментальнай майстэрні пры Ваенна-медыцынскай акадэміі на Апцекарскім востраве. Была Дуняша родам з Задонскага павета, дзе ў якасці прыгоннай была прыпісана да маёнтка памешчыка, баявога генерал-маёра Іларыёна Жукава. Пасля адмены прыгоннага права працягвала працаваць прачкай у сваіх былых гаспадароў, а ў сярэдзіне лістапада 1870 года нарадзіла ў дапаможным радзільным прытулку дзявятае (!) дзіця. Па папярэдняй змове бяздзетнай дачкі генерала Кацярыны Іларыёнаўны Атрыганьевай з Дуняшай, дзіця было падкінута на генеральскую кватэру і, зразумела, са згоды гаспадароў дома, прынята на выхаванне. Муж Кацярыны, ужо вельмі вядомы мастак, Мікалай Аляксеевіч Атрыганьеў быў толькі рады такому павароту справы.

/i/content/pi/cult/435/9054/2-1.jpeg

М.Атрыганьеў. "Вечар у Мінскай губерні".

З будучай жонкай мастак пазнаёміўся яшчэ ў маладосці. У 1846-м, у час ваеннай экспедыцыі супраць горцаў, сотнік казачага палка Мікалай Атрыганьеў сустрэў Мікалая Жукава, брата Кацярыны, а праз год у Пецярбургу адбылося і знаёмства мастака з сям’ёй Жукавых. Атрыганьеў і Жукава пакахалі адно аднаго. Пабраліся шлюбам. Але радасць азмрочвала адна бяда: не было дзяцей. Што было б далей у сям’і — невядома, аднак падкінутае чужое дзіця аднавіла сямейную раўнавагу і мір, прынамсі, на наступныя пяць-сем гадоў.

Прайшоў нейкі час. Мастак ужо стаў так званым “вольным общником” Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Мабыць, не ўсе ведаюць, што гэта за званне. Тлумачу: “вольный общник” — ад царкоўнаславянскага “общник” — саўдзельнік, удзельнік, член добраахвотнага таварыства ў Расійскай імперыі. Гэтае званне прысуджалася за вялікія заслугі ў галіне мастацтва жывапісцам, скульптарам, архітэктарам, гравёрам, гісторыкам ды тэарэтыкам мастацтва, крытыкам і калекцыянерам, нават літаратарам, у тым ліку замежным. Сярод іх — В.Трапінін, К.Брулоў, К.Флавіцкі, У.Стасаў, Ф.Васільеў, К.Росі, Ф.Пранішнікаў, П.Траццякоў, І.Трутнеў, Б.Ф. Растрэлі, Э.М. Фальконэ, Д.Дзідро, Д.Доу, А.Калам, В.Жукоўскі, У.Адоеўскі, І.Крылоў, Н.Кукольнік… Думаю, што ў такой кампаніі Атрыганьеў мог бы пачуваць сябе вельмі ўтульна. Тым больш, што “акадэмій ён не канчаў”.

Дык вось, калі маленькаму Валодзю споўнілася пяць гадкоў, яго прыёмныя бацькі — Мікалай і Кацярына Атрыганьевы — адвезлі хлапчука ў вёску Аляксандраўку Задонскага павета (цяпер — Аляксандрава-Жукава), у маёнтак генерала Іларыёна Жукава, які толькі што выйшаў у адстаўку і актыўна займаўся сельскай гаспадаркай, конегадоўлей, уладкаваннем тых земляў, што яму належылі на Тамбоўшчыне ды ў іншых губернях. Ну а потым атрымалася так, што галоўная роля ў далейшым лёсе Валодзі стала належаць Арэсту Фёдаравічу Мілеру — вядомаму прафесару рускай славеснасці і гісторыку літаратуры.

У пачатку 1880-х гадоў Іларыён Іванавіч Жукаў і яго жонка Лізавета Мікалаеўна (народжаная Лермантава) з дазволу самога імператара ўсынавілі хлопца, які вельмі рана заахвоціўся рысаваннем (пад уплывам Мікалая Атрыганьева) і паэзіяй (пад уплывам Арэста Мілера). Усё ішло добра, пакуль нечакана ў 1887-м не памерла Кацярына Іларыёнаўна, жонка мастака, нашага героя. Уладзімір Жукаў па яе завяшчанні атрымаў хутар, але з-за сваёй непрыстасаванасці да гаспадарства не здолеў яго ўтрымліваць. Таму здаў маёнтак у арэнду, з’ехаў у варонежскі край, дзе і пачаў новае жыццё на ніве выяўленчага мастацтва ды сцэнаграфіі. Шмат стварыў розных ілюстрацый і экслібрысаў. У 1920-я гады працаваў у ліпецкім драмтэатры. У тым жа Ліпецку восенню 1944-га ён пайшоў з жыцця...

Ну а зараз вяртаюся да Мікалая Аляксеевіча Атрыганьева. Скажу адразу: ягонае жыццё, па сутнасці, — суцэльныя белыя плямы! Пра яго ніхто ніколі не пісаў манаграфій і нават разгорнутых артыкулаў, хаця ягонае імя скупа мільгае тут і там у Інтэрнэце, у мастацкіх слоўніках; штосьці, вельмі эскізна ды не заўсёды дакладна, у 1974 годзе пісаў пра яго Леанід Дробаў. Яно і не дзіва: біяграфія мастака дайшла да нас літаральна ў чатырох-пяці абзацах, якія і пераходзяць, быццам бы пад капірку, з адной крыніцы ў іншую. Я нават здымка яго нідзе не знайшоў, хаця пры ягоным жыцці мастацтва фатаграфіі ўжо займела добры статус. Няўжо ж яго ніхто не здымаў? Зараз, пасля руплівага, стараннага, пільнага “ўваходжання” ў жыццё ды творчасць цікавага пейзажыста другой паловы “стагоддзя перадзвіжнікаў”, я паспрабую аднавіць страчаныя старонкі ягонай біяграфіі.

Магчыма, радаслоўнае дрэва ідзе ад святога праведнага пакутніка Васіля Мангазейскага, які нарадзіўся ў горадзе Яраслаўлі на пачатку 80-х гадоў XVI ст. у сям’і небагатага гандляра. Ягонага бацьку звалі Фёдар. Ён быў вельмі набожным, і свайго сына выхоўваў у тым жа духу. Яшчэ ў раннім узросце аддаў яго ў паслужэнне багатаму яраслаўскаму купцу, чыё імя ў гісторыі не захавалася. У некаторых жа старых архіўных крыніцах даецца прозвішча Васіля — Атрыганьеў.

Чытаючы гістарычную аповесць Усевалада Іванова “Імператрыца Фіке” (пра маладосць Екацярыны Вялікай), у 6 раздзеле “Перамога пры Грос-Егерсдорфе” знайшоў такую фразу: “…Пяты, з ніжагародскіх дваран, паручнік Павел Атрыганьеў, выбягае з хмызняка і з салдацкай стрэльбай кідаецца ў штыкі на ворага, не разбіраючы іх колькасці…”. Гаворка ішла пра бітву рускіх палкоў генерал-фельдмаршала Сцяпана Апраксіна з прускімі войскамі караля Фрыдрыха II у сярэдзіне 50-х гадоў XVIII ст. Вось я і падумаў: можа, той самы Павел Атрыганьеў — адзін з продкаў нашага мастака?

А вось бліжэй да XIX стагоддзя “сямейная карціна” роду Атрыганьевых праясняецца больш дакладна. Бацька мастака — Аляксей Ульянавіч Атрыганьеў. Калісьці ён утрымліваў яраслаўскі піцейны водкуп. Потым, ужо ў Пецярбургу, стаў знакамітым купцом 1-й гільдыі, ганаровым грамадзянінам горада. У 30-я гады XIX ст. разам з жонкай, багатай купчыхай Вольгай Іванаўнай, маці будучага мастака, даў 20 тысяч рублей (тады вельмі вялікія грошы) на будаўніцтва двухпавярховай Ільінска-Ціханавай царквы ў стыле класіцызму ў Яраслаўлі. У сваю чаргу, Вольга Іванаўна перад смерцю ў 1849 годзе завяшчала сыну Мікалаю Аляксеевічу, на той час ужо адстаўному казацкаму сотніку, свой маёнтак з вялікім паркам, храмам-альтанкай і летнім домікам, пабудаваным Кварэнгі, у вёсцы Лялічы Чарнігаўскай губерні. Калісьці яна перакупіла яго ў графіні Алены Завадоўскай, блізкай сяброўкі паэтаў І.Казлова і П.Вяземскага, ды ейнага мужа, графа Васіля Завадоўскага.

А што да Аляксея Ульянавіча Атрыганьева, то ён пайшоў з жыцця яшчэ 30 жніўня 1834-га, калі Міколку было ўсяго адзінаццаць гадоў. Пахаваны на Ціхвінскіх могілках Аляксандра-Неўскай лаўры ў Пецярбургу, якія ў 30-я гады ХХ ст. былі “рэканструяваны” пад “Некропаль майстроў мастацтваў”. У выніку пад адзін грэбень былі знішчаны многія помнікі, якія, на думку жданаўскіх улад горада, не мелі ніякай гістарычнай і мастацкай каштоўнасці. Цудам захаваўся надмагільны помнік “ганароваму грамадзяніну Пецярбурга” Аляксею Атрыганьеву — бацьку выдатнага мастака. Зараз яго можна паглядзець на рагу 1-й Папярочнай дарогі і Галоўнай алеі некропаля…

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"