На ўсё жыццё крылаты

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

У Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага ў рамках творчага праекта “Яны ўзбагацілі культуру Гродзеншчыны” адбыўся вечар, прысвечаны памяці Аляксандра Канстанцінавіча Шыдлоўскага — заслужанага дзеяча культуры БССР, Ганаровага грамадзяніна Гродна і Смаргоні, кампазітара, паэта, нястомнага рупліўца на ніве нацыянальнага мастацтва, найперш — песеннай музыкі.

Аляксандр Шыдлоўскі нарадзіўся ў вёсцы Мінкі, што на Смаргоншчыне, 18 чэрвеня 1911 года ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Ён з юнацтва свята верыў, што чалавек нараджаецца для таго, каб быць вольным і шчаслівым, таму стаў рэвалюцыянерам-падпольшчыкам, удзельнічаў у пасольскім рабоча-сялянскім клубе “Змаганне”, працаваў інструктарам Віленскага акруговага камітэта камсамола Заходняй Беларусі, у 1930-м быў абраны дэлегатам ад сялянскай моладзі на Кангрэс у Берліне, вытрываў як палітычны вязень пяць гадоў турмы…

Прырода шчодра надзяліла гэтага чалавека не толькі высокай духоўнасцю, моцнай фізічнай сілай, але і прыгожым, непаўторным па тэмбры голасам і тонкай музычнасцю. Менавіта таму на пачатку 1940-га Аляксандр Шыдлоўскі быў запрошаны Рыгорам Шырмам у толькі што створаны Беларускі дзяржаўны ансамбль песні і танца.

Там Аляксандр Канстанцінавіч спаткаў сваё каханне — спявачку Барбару Яўхімаўну. У 1946 годзе, пасля Перамогі, нарадзіўся сын, у гонар дзеда названы Канстанцінам. Пазней з’явіліся на свет дачушкі — Вера і Любоў.

Ужо ў сталым узросце, сямейны чалавек і бацька, ён усё ж такі вырашыў здзейсніць юнацкую мару — атрымаць адукацыю. Паступае завочна і паспяхова заканчвае ў 1950-м Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава. У 1960-м А.К. Шыдлоўскі атрымлівае ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры БССР” і становіцца дырэктарам абласнога Дома народнай творчасці ў Гродне. У актыве яго 11-гадовай працы на гэтай пасадзе — стварэнне аматарскіх калектываў па ўсёй вобласці, адкрыццё першага на Беларусі Музея народнай творчасці.

I — песні... Іх у Аляксандра Канстанцінавіча больш за 200. У ладавай і інтанацыйнай пабудове песень Шыдлоўскага, іх меладычным малюнку адчуваецца арыентацыя на фальклорныя традыцыі роднай зямлі. У іх удала спалучаюцца талент паэта і кампазітара.

У дзень нараджэння Аляксандра Канстанцінавіча трэба нагадаць яго словы: “Як паветра, як хлеб, чалавеку патрэбна песня. Без яе чалавек застаецца бяскрылым”.

I ў гэтых словах — мудрая перакананасць чалавека, які пражыў нялёгкае жыццё.

Любоў ТУРМАСАВА, загадчык аддзела краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага