Пераможцы конкурсу (злева направа): |
Сапраўды, такой колькасці канкурсантаў, прычым, як высветлілася, надзвычай моцных, калі ледзь не кожны па ўзроўні падрыхтоўкі мог бы прэтэндаваць на лаўрэацкае званне, Беларусь яшчэ не збірала ніколі. Трэба дадаць, што ў першапачатковым падліку фігуравала яшчэ больш астранамічная лічба — 223 заяўкі, дасланыя на конкурс. Тое, што каля 70 музыкантаў “не даехалі” да конкурсу — нармальная сусветная практыка: зарэгістравацца можна на некалькі конкурсаў адразу, а потым абраць найбольш аптымальны варыянт. Таму 30-працэнтныя страты канкурсантаў на гэтым этапе абсалютна аб’ектыўныя. Куды важнейшым паказчыкам з’яўляецца прадстаўнічасць, прычым нават не краін, а выканальніцкіх школ. Бо добры музыкант не будзе марнаваць час на слабы конкурс, выступаючы на агульным “аматарскім” фоне. І тое, што ў нашым конкурсе ўдзельнічалі выхаванцы лепшых выкладчыкаў Маскоўскай, Санкт-Пецярбургскай, Кіеўскай кансерваторый, іншых вядучых музычных устаноў, лепш за агульную колькасць удзельнікаў сведчыць, што беларуская выканальніцкая школа набывае сусветную вядомасць.
Не менш сенсацыйным сталася і суквецце пераможцаў. Іх дастаткова вялікая колькасць была “запланавана” ўжо тым, што конкурс праводзіўся па чатырох намінацыях (скрыпка, альт, віяланчэль, кантрабас) у дзвюх узроставых групах (навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў, пачынаючы з 15 гадоў, і студэнты вышэйшых разам з творчай моладдзю да 30-ці), у кожнай з якіх вызначаліся свае пераможцы. Але, па-першае, сярод пераможцаў аказаліся прадстаўнікі 8 краін з 9-ці, а гэта значыць, што выдатна падрыхтаваныя прафесіяналы ехалі да нас не толькі з бліжняга, але і з далёкага замежжа (адбываецца гэта не так часта, бо ў свеце, скажам шчыра, хапае прэстыжных конкурсаў з куды больш высокім прызавым фондам). Па-другое, ледзь не ўсе прэміі давялося дзяліць— паміж двума, трыма і нават чатырма ўдзельнікамі! І не таму, што журы аказалася надта “замілаваным”, а таму, што, паўтаруся, такім высокім аказаўся ўзровень канкурсантаў. Знайсці “самых-самых” сярод проста “самых” звычайна дапамагае ІІІ тур, які існуе на конкурсах падобнага ўзроўню. На ім канкурсанты іграюць з аркестрам, што ў некалькі разоў складаней (і адначасова даражэй, бо гэта дадатковыя конкурсныя дні, не кажучы ўжо пра аркестравыя рэпетыцыі).
У выніку атрымалася парадаксальная сітуацыя: вялікая колькасць лаўрэатаў быццам “абясцэніла” некаторыя ўзнагароды. Найбольш заўважным гэта было ў скрыпачоў старэйшай групы, дзе пасля працяглых разваг і нават спрэчак І прэмія так і не была прысуджана. Звычайна І прэмію не даюць нікому тады, калі ўзровень канкурсантаў не дастаткова высокі і на яе наўпрост няма прэтэндэнтаў. У нас жа не далі таму, што “кандыдатаў у лаўрэаты” аказалася зашмат. Але і пры такім раскладзе нельга не адзначыць нашу Ўладу Беражную. Ва ўмовах конкурсу была прыпіска: маўляў, прадстаўнікі сярэдняй групы, пры жаданні, могуць браць удзел у старэйшай групе.
Гэтую “папраўку” скарысталі двое нашых навучэнцаў, абодва з Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, абодва сталі лаўрэатамі. І тое, што 17-гадовая скрыпачка Ўлада Беражная (клас дацэнта Эдуарда Кучынскага) атрымала ІІ прэмію, можа быць прыроўнена да першай. Бо іграла яна ярка, упэўнена, стабільна, падзяліўшы прэмію з куды больш старэйшымі музыкантамі — са знанымі прадстаўнікамі маскоўскай школы і таленавітай украінкай, што літаральна “нарадзілася са скрыпкай у руках”.
Крыху “абясцэненай” аказалася і І прэмія 15-гадовага віяланчэліста Івана Карызны (клас прафесара Уладзіміра Перліна) — самага, дарэчы, малодшага ўдзельніка конкурсу, які, між тым, выступаў у старэйшай групе, сярод дарослых прафесіяналаў (гл. “К” № 50). На ІІ туры ён іграў найскладаныя (і найпапулярныя) Варыяцыі на тэму ракако П.Чайкоўскага. Гэты твор звычайна такую безліч разоў гучыць на самым, бадай, прэстыжным Міжнародным конкурсе імя П.Чайкоўскага ў Маскве (і ў выкананні самых выбітных віяланчэлістаў свету), што знайсці ў ім штосьці новае здаецца немагчымым. Да таго ж, гэтыя Варыяцыі абсалютна бездакорна выконваліся і падчас адкрыцця конкурсу М.Ельскага — самім старшынёй журы, знакамітым Кірылам Родзіным з Масквы, таксама ў свой час пераможцам конкурсу П.Чайкоўскага. Але наш І.Карызна сыграў, без усялякага перабольшвання, лепей, бо ў яго надзвычай выразным выкананні былі юнацкі напал пачуццяў і тая асалода ад ігры, захапленне кожным гукам, што і ператварае прафесію ў папраўдзе боскае майстэрства.
— Вельмі шкада, што ў вас не прадугледжаны Гран-пры, — пракаменціраваў яго выступленне К.Родзін, пагадзіўшыся адказаць на маё пытанне пра ўзровень конкурсу. — Бо Іван Карызна — гэта менавіта Гран-пры. Прычым не толькі сярод віяланчэлістаў, але і сярод прадстаўнікоў іншых спецыяльнасцей: сапраўдны Гран-пры, які сустракаецца далёка не на кожным творчым спаборніцтве, а вельмі і вельмі рэдка.
Дык, мабыць, трэба ўнесці некаторыя карэктывы ў конкурсныя ўмовы? Бо відавочна, што наяўнасць Гран-пры, які можа прысуджацца не штораз, а толькі ў выключных выпадках, уздыме міжнародны прэстыж конкурсу імя М.Ельскага.
Пры тым, што сапраўдных адкрыццяў на конкурсе было шмат (і не толькі сярод пераможцаў, але і сярод тых, хто не змог патрапіць на ІІ тур, бо “выпадковых” удзельнікаў на гэты раз практычна не было), асаблівы гонар браў за беларускіх музыкантаў і нашу выканальніцкую школу. Нават расіяне з усёй іх усходнеславянскай ментальнасцю ігралі больш прагматычна, часам нават “фармальна”, чым беларусы, якія пры любым раскладзе захоўвалі надзвычайную эмацыйнасць. Адрозніць нашых у асяроддзі замежных віртуозаў было нескладана: яны вылучаліся асаблівай выразнасцю фразіроўкі, літаральна “гаваркімі” інтанацыямі, тонкай стылёвай адпаведнасцю выканання. Некаторыя з іх ужо ўдзельнічалі ў першым такім конкурсе 2003 года, таму асабліва відавочна было, наколькі ўзрасло за гэты час іх майстэрства.
Конкурс дапамог звярнуць увагу на асобных выкладчыкаў нашай Акадэміі музыкі і каледжа пры ёй. Але таго, што спецпрызамі былі адзначаны толькі прафесары Анры Янпольскі і Уладзімір Перлін, было зусім не дастаткова. Бо самай высокай пашаны заслугоўвае і адзначаны вышэй Э.Кучынскі (ён, дарэчы, выгадаваў і сусветна знакамітага Арцёма Шышкова, які працягвае навучацца ў яго класе ўжо ў якасці магістранта). Значныя зрухі адбыліся ў нашай альтовай школе. Адна толькі Лючыя Ластаўка падрыхтавала ажно пецярых пераможцаў (а калі да іх далучыць і тых лаўрэатаў-дыпламантаў, хто займаўся ў яе класе ў мінулыя гады, атрымаецца ўвогуле сямёрка). Дададзім, што Лючыя Леанардаўна робіць важкі ўнёсак у фарміраванне альтовага рэпертуару, бо на працягу апошняга дзесяцігоддзя плённа супрацоўнічае з кампазітарам Галінай Гарэлавай, замаўляючы той усё новыя творы (невыпадкова “Рэгбі” Г.Гарэлавай стала абавязковым творам, а за выкананне яе Альтовага канцэрта выхаванка Л.Ластаўкі Святлана Галубоўская, у дадатак да ІІ прэміі, атрымала таксама спецпрыз). Удала выступілі студэнты класа Уладзіміра Рылаткі (пры тым, што засталіся без яго падказак, бо той у складзе беларускай дэлегацыі знаходзіўся ў Венесуэле). Тэмбравай, эмацыйнай і філасофскай насычанасцю выканання ўразіла Марына Зяленіна (ІІ прэмія), багаццем гукавых фарбаў — Алена Даманская (ІІІ прэмія), якая звярнулася да Альтовага канцэрта А.Шнітке.
На жаль, ледзь не цалкам за межамі адзначаных засталася вялікая армія канцэртмайстраў — людзей вельмі сціплых, гатовых заставацца ў ценю салістаў, але браць на сябе ўсю адказнасць за іх выступленні. Ім нават не ўручылі на заключным канцэрце, як гэта бывае звычайна, ганаровыя граматы — адно вусна падзякавалі са сцэны. А між тым, конкурс у чарговы раз даказаў годнасць нашай фартэпіяннай школы і канцэртмайстарскага майстэрства. Бо многія канкурсанты прыязджалі без “групы суправаджэння і падтрымкі”, і нашы піяністы акампаніравалі адразу некалькім выканаўцам, прычым абсалютна розныя праграмы. Калі ж той ці іншы твор паўтараўся, характар акампанементу змяняўся ў непасрэднай адпаведнасці з індывідуальнасцю саліста — вышэйшы пілатаж!
Думаецца, надалей трэба больш увагі надаваць абавязковым творам. Бо сёлета канкурсанты апынуліся ў розных становішчах: калі альтысты атрымалі абсалютна новы твор, замоўлены менавіта да конкурсу, дык прадстаўнікі іншых груп звярталіся да ўжо вядомых п’ес. Пэўна, патрабуюць новых “конкурсных” рэдакцый і скрыпічныя творы, што пісаліся Міхалам Ельскім у 2-ой палове ХІХ ст. з разлікам на ўласнае выкананне, бо за гэты час скрыпічнае майстэрства дасягнула новых вяршынь: калі раней “Капрысы” М.Паганіні не мог выканаць ніхто, акрамя яго самога, дык сёння гэта — звычайны рэпертуар ледзь не кожнага студэнта.
Зразумела, будзе паляпшацца і арганізацыйны бок, якасць якога, дарэчы, не заўсёды патрабуе дадатковых грашовых укладанняў, але шмат у чым фарміруе той “нябачны” адразу “прыбытак”, які ў будучыні можа выліцца не толькі ў агульнамастацкі выйгрыш, але і ў грашовы. Бо мэта любога конкурсу не толькі ў “раздачы сланоў”. Правядзенне конкурсу ў Мінску — цудоўная магчымасць для ўсіх зацікаўленых (не толькі мінчукоў, але і прадстаўнікоў іншых рэгіёнаў) паслухаць конкурсныя выступленні і, такім чынам, атрымаць своеасаблівыя “майстар-класы”. Сёлета залы амаль пуставалі: студэнты нашай Акадэміі музыкі былі занятыя падрыхтоўкай юбілейных канцэртаў сваёй альма-матэр, самі ж конкурсныя выступленні пераносіліся, скарачаліся (бо, на жаль, не хапала часу), а інфармацыю знайсці можна было хіба на стэндах непасрэдна ў залах праслухоўванняў, а не на афіцыйным сайце. Таму на форуме замест заўсёднага абмеркавання пачутых выступленняў пярэсцілі хіба просьбы аб дапамозе: маўляў, падкажыце, калі хто іграе!
Пэўна, не так цяжка прадугледзець і запіс выступленняў, бо гэтыя матэрыялы пазней можна выкарыстоўваць і ў выкладчыцкай практыцы, і для далейшага фарміравання нацыянальных аўдыё- і відэафондаў, і, прабачце, для продажу (пакуль жа свае ўласныя фанатэкі папаўнялі падчас конкурсу хіба замежныя студэнты). Падобная практыка існуе на многіх замежных конкурсах: прыватным асобам рабіць запісы забараняецца, набыць жа зробленыя арганізатарамі — калі ласка.
Так што да наступнага конкурсу імя М.Ельскага, які адбудзецца ажно праз чатыры гады (надта вялікі, дарэчы, тэрмін, але раней не падыходзіць “чарга”, бо падобныя міжнародныя спаборніцтвы ладзяцца ў Мінску штогод, сярод музыкантаў розных спецыяльнасцей) трэба пачынаць рыхтавацца ўжо сёння. І ўлічваць “плюсы” і “мінусы” цяперашняга конкурсу пры падрыхтоўцы іншых.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА