Пасля чарговага "аблому": а ў суботу — нефармальны выхадны? + спасылкі на ўсе артыкулы аўтапрабега па Міншчыне, Брэстчыне і Гродзеншчыне

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

На жаль, ізноў — пра тых, каго мы так і не пабачылі. На працы...

Акцыя “К”: журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі

Апошні камандзіровачны дзень нашай аўтаэкспедыцыі, які прыпаў на суботу, меркаваўся быць самым насычаным ды багатым на цікавыя аб’екты старадаўняй спадчыны і, вядома ж, — на сустрэчы з работнікамі культуры. Як-ніяк, а Скідзель ад Мінска аддзяляюць 250 кіламетраў. І гэта не лічачы “адхіленняў” ад асноўнай трасы ў пошуках якаснай фактуры.

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 24 — 26.)

Сімвалы і “Масакра”

Яшчэ ў Мінску было вырашана на зваротным шляху абавязкова завітаць у Шчучынскі раён. Ён, па нашым суб’ектыўным меркаванні, — адзін з самых багатых на ўнікальную гістарычную спадчыну. Што ні кажы, а параўнацца з адной толькі Мураванкай (гатычным праваслаўным храмам, пабудаваным у рэчышчы абарончага дойлідства 1-й паловы XVІ ст.) не зможа ніводны аб’ект як у Беларусі, так і далёка за яе межамі. Не менш славуты і палац у Жалудку, які прыцягвае не толькі турыстаў, але і кіношнікаў (згадайма мастацкую стужку “Масакра”, дзеянне ў якой адбывалася менавіта ў гэтым старадаўнім будынку). Туды, найперш, і накіравалася наша экспедыцыя, парушаючы намі ж створанае негалоснае правіла: завітваць толькі ў вёскі ды аграгарадкі, абмінаючы гарады і буйныя мястэчкі. Але звярнуўшы з мінскай шашы на раённую трасу, неўзабаве мусілі зрабіць незапланаваны прыпынак, віной якому — паваленае дрэва, што ўпала акурат на дарогу літаральна за паўгадзіны да нашага прыезду. Хто ж мог ведаць, што гэтае здарэнне мела сімвалічнае значэнне: кожная з устаноў культуры Шчучынскага раёна, куды мы завіталі, на той час была “на замку”. Але пра ўсё — па парадку.

Работнікі адмысловай службы вельмі аператыўна ачысцілі дарогу, і мы рушылі наперад ды ўжо праз колькі хвілін былі ў Жалудку. Старадаўняе мястэчка сустрэла нас спёкай і зачыненымі дзвярыма мясцовых устаноў культуры. Як аказалася, у бібліятэкі субота — выхадны дзень, а ў Дома культуры праца ў гэты дзень мусіла пачацца ажно а 17-й гадзіне. Так бы мовіць, “начная змена”, улічваючы, што завяршаецца праца клуба кожную суботу а 2-й гадзіне ночы. Шкада, усё ж вельмі цікава было б даведацца ў мясцовых культасветработнікаў, як выкарыстоўваюцца магчымасці гістарычных брэндаў.

/i/content/pi/cult/435/9046/1-2.jpeg

/i/content/pi/cult/435/9046/1-4.jpeg

Будынак колішняй кузні ў Жалудку — помнік гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь — цягам доўгіх гадоў застаецца жылым. А пад час нашага аўтамарафону мы пагутарылі і з яго ўжо немаладога веку жыхарамі.

Тым не менш, тое-сёе пра культурнае жыццё мястэчка мы дазналіся. На дзвярах крамы, куды мы паспяшаліся ў спёку па марожанае, віселі аб’явы з запрашэннем на свята выпускнікоў, якое мусіла праз колькі дзён прайсці ў гарпасялковым Доме культуры. Да слова, кошт анансаванага мерапрыемства — сімвалічны і складае ўсяго тысячу рублёў. Мы не сталі чакаць некалькі гадзін адкрыцця клуба, а вырашылі, карыстаючыся момантам, завітаць у мясцовы палац — як ужо адзначалася, адзін з дыяментаў раёна. Праўда, да нашага сораму, знайсці яго мы так і не змаглі. Ці то з-за адсутнасці інфармацыйных указальнікаў, ці то з-за моцнай залевы, што нас напаткала. Адзіным аб’ектам з Палацава-паркавага комплексу Святаполк-Чацвярцінскіх, з якім давялося пазнаёміцца, стала кузня, што сваім манументальным выглядам і памерамі нагадвала, хутчэй, стайню заможнага гаспадара. І якім жа было наша здзіўленне, калі аказалася, што сёння ў кузні (дарэчы, унесенай у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны) жывуць людзі. Праўда, як расказала нам насельніца гэтага гмаху, яе сям’я з задавальненнем памяняла б старадаўнія муры на больш камфортныя ўмовы. Яно і не дзіва: без капітальнага рамонту (які, улічваючы статус аб’екта, трэба ўзгадняць не толькі з мясцовым кіраўніцтвам) узімку вельмі сцюдзёна.

Вядома, цудоўна, што будынак з цікавай гісторыяй не пустуе, жыве, і адпаведна — не так моцна разбураецца. Хто ведае, можа, з цягам часу ў яго сценах і размесціцца ўстанова з інтэрактыўнай экспазіцыяй, якая дазволіць спалучыць у адным аб’екце элементы старадаўняй кузні і сэрвіс як мінімум “трохзоркавага” гатэля з адпаведнай інфраструктурай… Але сённяшніх насельнікаў аб’екта даўніны ўсё ж шкада.

Дзіўны распарадак

Захоўваюць турыстычны патэнцыял рэшткі старадаўніх сядзібных элементаў і ў суседняй вёсцы Мажэйкава. Як і ў жалудоцкай кузні, у добра захаваным флігелі колішняй сядзібы Хадкевічаў 1790 года пабудовы можна заўважыць паўнавартаснае сялянскае жыццё, чаго нельга сказаць пра мясцовыя ўстановы культуры — сельскі клуб ды бібліятэку, якія размясціліся ў адным будынку з ФАПам і сельсаветам. На іх падворку суботнім днём мы нікога не заўважылі. Яно і не дзіва: як і ў выпадку з Жалудком, клуб працуе па суботах з 17-й гадзіны. Абнадзеіла бібліятэка, у раскладзе якой выхаднымі днямі лічацца панядзелак і аўторак. Аднак абнадзеіла ненадоўга: у напісанай ад рукі паперчыне, размешчанай за шклом, паведамлялася, што бібліятэкар — у адпачынку, а ўстанова, адпаведна, не працуе блізу месяца.

/i/content/pi/cult/435/9046/1-1.jpeg

Тут магла быць афіша Дома культуры. На жаль, падобныя голыя

ці амаль голыя тумбы сустракалі нас не каля аднаго клуба...

Што ж, як кажуць, не лёс. З гэтай думкай мы вырашылі больш не выпрабоўваць удачу і пазнаёміцца з работнікамі культуры Шчучынскага раёна іншым разам. А таму ізноў вярнуліся на мінскую трасу. Разважаючы пра графік працы ўстаноў культуры на Гродзеншчыне, наша каманда завітала ў Лідскі раён. У адной з першых вёсак, што нам трапіліся на шляху, запыталіся, дзе знайсці бліжэйшы Дом культуры. Нам парэкамендавалі заехаць у Тарноўскі ЦДК, па суседстве з якім размяшчаецца і бібліятэка.

Трэба сказаць, што расклад працы гэтых устаноў трохі адрозніваецца ад убачаных раней у Шчучынскім раёне. Дом культуры ў суботу пачынае сваю працу трохі раней, а 16-й гадзіне, адпаведна, і закрываецца а 1-й. Мясцовая ж бібліятэка, за выключэннем панядзелка, штодня працуе з 10 да 19. Праўда, і гэтым разам нам не пашанцавала: літаральна за дзесяць хвілін да нашага прыезду бібліятэкар пайшла да чытачоў, якія забыліся своечасова вярнуць кнігі…

Дзіўная рэч, але за тры дні вандроўкі мы здолелі пабачыць толькі дзве (!) бібліятэкі, дзе сустрэлі чытачоў: у Баравым Дзяржынскага і Абухаве Гродзенскага раёнаў. І справа, на мой погляд, не ў дзіўных раскладах ды абвестках, якія паведамлялі, што ўстанова без дай прычыны не працуе. Неаспрэчна, на мой погляд, іншае: нешта варта змяняць у сельскім бібліятэчным абслугоўванні. Чаму ў сталічных установах (нават філіяльных) я ці не штотыднёва і нават у будні сустракаю па пяць-дзесяць і больш чытачоў? Чым вёска горшая? І якога з сельскіх чытачоў варта лічыць сапраўды актыўным: таго, хто выбірае сабе кнігі раз у месяц, ці таго, хто — раз у паўгода? На ўсе гэтыя пытанні, хваравітасць якіх выявіла трохдзённая камандзіроўка, мы паспрабуем адказаць у бліжэйшых нумарах “К”.

Незапатрабаваны майстар

Пасля чарговага “аблому” інтуіцыя падказала: трэба выпрабаваць лёс у Іўеўскім раёне. Як аказалася, унутраны голас не падвёў. Так, апошнім пунктам нашай экспедыцыі стаў Морынскі СДК.

Сустрэў жа нас акампаніятар Дома культуры Леанід Лобач, а паколькі дырэктар установы быў у адпачынку, дык Леанід і згадзіўся расказаць пра жыццё-быццё сельскай установы. Як мы ўбачылі, клубная зала можа прыняць не адзін дзясятак людзей. Відавочна, адпавядае нават патрабавальным густам меламанаў і гукаўзмацняльная тэхніка. Але наколькі гэтыя магчымасці запатрабаваны мясцовай публікай?

Па словах Леаніда Лобача, які з’яўляецца кіраўніком фальклорнага ансамбля “Крыніца”, музычны калектыў, створаны ў 1991-м, арыентаваны на мясцовыя народныя традыцыі. Удзельнікі ж яго — жанчыны сярэдняга ды сталага ўзросту. Да слова, морынская “Крыніца” з канцэртамі аб’ехала не толькі вёскі раёна, але і “засвяцілася” на вобласці.

Калі ж гаворка зайшла пра працу з дзецьмі ды моладдзю, Леанід Міхайлавіч трохі сумеўся. Як аказалася, яшчэ колькі гадоў таму з дзецьмі працаваў самадзейны ганчар, дырэктар мясцовай школы. Але з вядомых прычын мясцовая школа закрылася, а нешматлікая купка дзяцей пачала ездзіць на вучобу ў Іўе. У выніку — практычна няма з кім працаваць. Не мае зараз працы і колішні дырэктар школы, у тым ліку не запатрабаваны яго здольнасці ў СДК… Тым не менш, пэўная праца са школьнікамі вядзецца. Сведчаннем гэтаму — дзіцячыя работы, прадстаўленыя ў клубе. На жаль, усе яны з’яўляюцца ўзорамі не народнага, а сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Бываюць у клубе і дыскатэкі, якія, тым не менш, маюць нерэгулярны характар і праводзяцца пераважна ўлетку.

/i/content/pi/cult/435/9046/1-3.jpeg

Флігель і рэшткі брамы ў вёсцы Мажэйкава. Як бы ўключыць і гэтыя аб'екты ў дзейсны турыстычны абарот?

Не маглі не пацікавіцца і справамі клуба ў фінансавым плане. Па прызнанні Леаніда Лобача, вялікай дапамогі чакаць не даводзіцца. На ўсё, пачынаючы ад набыцця паперы да рамонту музычных інструментаў выдаткоўвацца грошы, заробленыя самім клубам. Выконваецца і план платных паслуг, які складае 16 мільёнаў. Зразумела, што супрацоўнікам установы даводзіцца ў літаральным сэнсе “круціцца”, у тым ліку рабіць сумесныя праграмы з іншымі сельскімі клубамі, ездзіць з платнымі выступленнямі на ферму, у майстэрні. Абслугоўвае клуб і суседнія вёскі. Па словах Леаніда Лобача, за год атрымліваецца наведаць з канцэртнай праграмай кожную вёску па тры разы.

І яшчэ. Вялікай падтрымкай у фінансавым плане для клуба стала супрацоўніцтва з мясцовым уладальнікам аграсядзібы. Так, нязменнай папулярнасцю карыстаецца такая платная паслуга, як інтэрактыўная праграма “Вяселле ў Залейках у пана Яна”. Гэты факт у чарговы раз сведчыць пра неабходнасць актывізацыі дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва, у тым ліку на рэгіянальным узроўні.

Перад ад’ездам у Мінск вельмі хацелася пазнаёміцца з экспазіцыяй мясцовага этнаграфічнага музея, а таксама бібліятэкай, будынку якой, думаецца, можа пазайздросціць нават гарадская. Справа ў тым, што там размяшчалася сярэдняя школа, якая, як ужо адзначалася, колькі гадоў таму была зачынена... Знаёмства, на жаль, ізноў атрымалася толькі вонкавае. Як гэта стала ўжо традыцыйным для апошняга дня экспедыцыі — ва ўстанове на час нашага візіту быў законны абедзенны перапынак…

Трэці дзень нашага аўтападарожжа засведчыў традыцыйныя праблемы рэгіянальнай культуры. Адна з іх — праца з “разбэшчанай” гарадской публікай, якая ўлетку прыязджае ў колішнія сельскія маёнткі, што цяпер сталі дачнымі домікамі. Думаецца, культработнікам важна разумець рэаліі сённяшняга дня, калі істотную частку насельнікаў беларускіх вёсак складаюць менавіта гэтыя дачнікі, а таксама дзеці, якія прыязджаюць на канікулы. А якая культурная праграма падрыхтавана для іх? Адказ на гэтае пытанне пад час першага аўтападарожжа мы так і не змаглі знайсці. Таксама як і не здолелі зразумець, чаму мясцовыя работнікі культуры не выяўляюць жадання анансаваць свае мерапрыемствы, рэкламаваць іх і пры гэтым скардзяцца на адсутнасць зацікаўленай аўдыторыі, у тым ліку моладзі. Неаднаразова выклікаў у нас здзіўленне і распарадак працы (асабліва суботні) некаторых устаноў. Да прыкладу, які сэнс працаваць сельскаму клубу ў суботу да 2-й гадзіны ночы, калі тыя ж дыскатэкі вымушаны згортвацца а 22-й?

Разам з вялікай колькасцю пытанняў мы ўбачылі вялікую колькасць ініцыятыўных працаўнікоў на ніве культуры, якія, спадзяёмся, не спыняцца ў сваім развіцці, а, наадварот, будуць раскрываць свой патэнцыял.

Мінск — Мінская вобласць — Брэсцкая вобласць — Гродзенская вобласць — Мінск

Фота аўтараў

 

Таксама чытайце папярэднія артыкулы аўтапрабега па Міншчыне, Брэстчыне і Магілёўшчыне:

Частка І /Клуб згарэў — пытанне знікла?

Частка ІІ /Вятрак чакае “млынара”

Частка ІІІ /Людзі на выспе: аўтаклуб, ау-у-у!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"