Беларусы рыхтуюць культурны квартал

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

З Паслом нашай краіны у Літве — пра дыялектыку мяжы ды культурны трэнд Беларусі ў суседзяў

Гераічная мінуўшчына Вялікага Княства Літоўскага стала брэндам яшчэ стагоддзі тры-чатыры таму. Іначай усе тыя паважныя дзядзькі, што пазіраюць на нас у залах Нацыянальнага мастацкага музея з парадных партрэтаў XVIII стагоддзя, не прымяралі б з такой ахвотай даўно састарэлыя ў іх эпоху даспехі. Ды і сённяшнія праграмісты, менеджары, бухгалтары не рабілі б тое самае пад час шматлікіх рыцарскіх фэстаў.

У Беларусі ды Літве гэтая настальгічная з’ява мае агульныя тэндэнцыі. І таму вектар турыстычнай палітыкі нашай дзяржавы, скіраваны на стварэнне транспамежных маршрутаў, выглядае цалкам заканамерным. Пра тыя перашкоды, што паўстаюць на гэтым шляху, пра іх пераадоленне, а таксама пра тое, чаму нашы суайчыннікі сёння ўжо не пачуваюць сябе ў ролі коласаўскага “дзядзькі ў Вільні”, мы гутарым з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзімірам ДРАЖЫНЫМ. Анансуем тым самым цэлую серыю публікацый, якая ўзнікла на падставе нашага традыцыйнага летняга велатура “К”, што сёлета пераадолеў дзяржаўныя межы краіны.

— Уладзімір Несцеравіч, працуючы на Беларусі, вы зрабілі нямала для развіцця культурнага турызму ў нашай краіне. Ці існуе цікавасць да беларускіх адметнасцей сярод жыхароў Літвы?

— Прывяду толькі адну лічбу: летась беларускае пасольства ў Літве арганізавала 82 паездкі літоўскіх дэлегацый па мясцінах, звязаных са значнымі падзеямі ў гісторыі Вялікага Княства. Гэта былі работнікі культуры, навукоўцы, дзяржаўныя дзеячы рознага профілю... І ўсіх іх у той або іншай меры цікавілі магчымасці развіцця супрацоўніцтва ў галіне турызму паміж нашымі краінамі.

Альбо іншы прыклад. У 2010 годзе тагачасны літоўскі Прэм’ер-міністр Андрус Кубіліс уласнаручна склаў веламаршрут па Беларусі працягласцю ў 770 кіламетраў. А ў вас, дарэчы, колькі?

/i/content/pi/cult/435/9040/1-1.jpg

— Разы ў тры менш.

— Ну вось. І ў свой адпачынак спадар Кубіліс праехаў гэты маршрут на двух колах разам з іншымі высокімі асобамі — па тых мясцінах, без якіх немагчыма ўявіць нашу супольную мінуўшчыну. Пры сустрэчы ён заўсёды згадвае пра тую вандроўку з захапленнем!

— Тым не менш, гэты ягоны прыклад меў не дужа шмат пераймальнікаў. Пра транспамежныя турыстычныя маршруты гутарка вядзецца ўжо не першы год, але...

— Але працэс паступова ідзе! Так, можа, яго тэмпы нас пакуль і не задавальняюць, аднак і пэўныя зрухі таксама не выклікаюць сумневаў. Перш-наперш я б хацеў адзначыць тут непасрэдныя кантакты, якія імкліва наладжваюцца паміж канкрэтнымі рэгіёнамі Літвы і Беларусі. Прадстаўнікі мясцовых улад са Смаргоншчыны, Воранаўшчыны, Ашмяншчыны і не толькі самі знаходзяць партнёраў па той бок мяжы ды ствараюць сумесныя праекты, якія адпавядаюць інтарэсам абодвух бакоў. Агулам мы ўжо маем 63 дагаворы аб супрацоўніцтве паміж раёнамі або гарадамі Беларусі і Літвы! І гэта рэальная база для двухбаковага супрацоўніцтва ва ўсіх галінах — уключна, вядома, і з турызмам.

Апошняя думка неаднаразова агучвалася і пад час Другога Беларуска-літоўскага форуму рэгіянальнага супрацоўніцтва, які прайшоў 28 — 29 мая ў Друскінінкаі і Алітусе. Натуральна, пытанне развіцця турызму таксама не было абмінута там увагай.

І яшчэ: навідавоку прыкметны прагрэс у плане наладжвання прамых кантактаў паміж установамі культуры. Скажам, той жа Нясвіжскі музей-запаведнік добра пасябраваў з “калегам” у Біржаі — літоўскім гарадку, дзе таксама ёсць палац Радзівілаў.

Зусім нядаўна мы мелі сустрэчу з дырэктарам Дэпартамента па турызме Літвы спадарыняй Ральмондай Бальніене, і мушу запэўніць, што ейная пазіцыя па дадзеным пытанні — адназначная і вельмі актыўная. Зацікаўленасць — цалкам зразумелая, бо, паводле статыстыкі, беларусы і расіяне з’яўляюцца самымі актыўнымі з замежных турыстаў, якія прыбываюць у Літву.

— З гэтым не паспрачаешся, але ж няма пакуль адваротнай тэндэнцыі — нават нягледзячы на тое, што з нядаўняга часу Беларусь можа прапанаваць вельмі годныя аб’екты паказу...

— І я зараз патлумачу, у чым прычына. У наша пасольства паступаюць сотні заявак ад ахвотных наведаць тыя ж замкі ў Нясвіжы і Міры. Зладзіць туды аднадзённыя экскурсіі нескладана, балазе адлегласці — зусім невялікія. А вось калі госці хацелі б правесці ў нашай краіне хаця б некалькі дзён, адразу ўзнікаюць вельмі сур’ёзныя праблемы. Бо каб забяспечыць патрабаванні турыста, не дастаткова толькі адрэстаўраваць замак — трэба і стварыць вакол яго належную інфраструктуру. І тут, на жаль, пакуль “незалік”. Я ведаю, што новыя гатэлі актыўна будуюцца ў беларускай сталіцы ды буйных гарадах, але ў багатых на адметнасці райцэнтрах або вёсках часам і як след паесці няма дзе — не кажучы ўжо пра тое, каб камфортна пераначаваць…

— Гэтая праблема ўжо даўно стала “притчей во языцех”, але хацелася б звярнуць увагу і на іншы аспект: ці ведаюць у Літве нашу культуру? Бо, як падаецца, знаёмства з яе лепшымі набыткамі само сабой павінна стымуляваць жаданне пересекчы нашу мяжу…

— Ведаеце, калі я толькі прыехаў сюды працаваць, мяне спыталі: спадар Пасол, а ці ёсць на Беларусі акадэмічная культура, прадстаўленая на высокім мастацкім узроўні? Маўляў, пра культуру народную мы ўжо ведаем, а вось пра іншыя праявы...

— А цяпер такое пытанне ўзнікае?

— Наўрад ці. За апошнія пяць гадоў літоўцы змаглі ўбачыць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета з яго класічным рэпертуарам. Рэгулярна бываюць у нас “купалаўцы” ды “горкаўцы”, у апошнія гады сваю аўдыторыю ў Літве займелі таксама і Тэатр-студыя кінаакцёра ды Дзяржаўны музычны тэатр. І калі людзі, якія задавалі мне тое пытанне, змаглі пазнаёміцца з “вяршкамі” нашага культурнага працэсу, яны ахвотна канстатавалі: так, на Беларусі ёсць акадэмічнае мастацтва, без перабольшання, найвышэйшага ўзроўню!

А ўжо колькі апладысментаў давялося пачуць у Літве маэстра Аляксандру Анісімаву або Уладзіміру Байдаву! Увогуле, нашы акадэмічныя калектывы ідуць проста на ўра! У тым ліку, дарэчы, і рэгіянальныя — скажам, эстрадна-сімфанічны аркестр Гродзенскай абласной філармоніі, аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага. Штогод беларускія музыканты бяруць удзел у фестывалі, прысвечаным гэтай знакамітай постаці, які праходзіць у горадзе Плунге.

А ўвогуле ўсіх тых беларускіх калектываў, якія за апошнія гады выступалі ў Літве, проста не пералічыць! У гэтай краіне і Дні культуры Рэспублікі Беларусь парушаюць звыклы для такіх акцый фармат: яны ідуць не дзень-два, а — месяц-другі. Наступныя плануем ажно на тры месяцы!..

— Дык можа, перайменаваць Дні культуры ў Месяцы або Гады культуры?

 — Навошта пераймяноўваць, калі яно і так ёсць? Дый справа не ў назве, а перадусім у тым, што нашы здабыткі культуры дазволілі стварыць той спрыяльны фон, на якім плённа развіваецца супрацоўніцтва і ў іншых галінах: навуковай, эканамічнай... Нас ужо ведаюць, і таму паважаюць.

— Шпацыруючы вільнюскімі вулачкамі, наш турыст заўсёды звяртае ўвагу на вонкавыя сведчанні тых падзей беларускай гісторыі, якія тут некалі адбываліся, а цяпер увекавечаны з дапамогай твораў мемарыяльнага мастацтва. У Вільнюсе іх нямала, але патэнцыйны спіс, падаецца, не вычарпаны…

— Вычарпаць яго папраўдзе складана, але мы да гэтага імкнёмся. Як вы ўжо маглі заўважыць дзякуючы паведамленням СМІ, беларускае пасольства ў Літве надае вельмі вялікую ўвагу гэтаму кірунку дзейнасці. На вуліцы Вільнюса з’явіўся бронзавы профіль Францішка Багушэвіча, не так даўно мы замянілі і мемарыяльную дошку, прысвечаную Янку Купалу.

Магу агучыць і далейшыя нашы планы ў гэтым рэчышчы. Перш-наперш, гэта ўсталяванне мемарыяльнай дошкі ў гонар Якуба Коласа на тым будынку па вуліцы Піліма, дзе ён некалі працаваў у рэдакцыі “Нашай нівы”. Тут справа ўжо няўхільна ідзе да лагічнага завяршэння. Наступны праект — помнік у гонар нашага слыннага першадрукара Францыска Скарыны, які доўгі час працаваў у гэтым горадзе. Мы таксама звярнуліся з прапановай устанавіць помнік Кастусю Каліноўскаму на месцы яго смяротнага пакарання, але літоўскія ўлады запэўнілі нас, што і самі ўжо працуюць над гэтым праектам.

— Безумоўна, кожная такая падзея не застаецца без увагі на Беларусі. Але з сухіх інфармацыйных паведамленняў ніяк не зразумець, наколькі цяжка даюцца гэтыя дасягненні...

— Ды не, сур’ёзных цяжкасцей тут акурат і не ўзнікае, — нашы стасункі з літоўскімі ўладамі па гэтым пытанні маюць выключна канструктыўны характар. Іншая справа, што ўстаноўцы кожнай мемарыяльнай дошкі папярэднічае сур’ёзная арганізацыйная работа. Прычым тэрміны вырашэння пытання залежаць зусім не ад нас, і менавіта таму яны часам падаюцца празмерна доўгімі.

Дарэчы, хацеў бы адзначыць, што прыцягваць увагу да падзей беларускай гісторыі трэба не толькі з дапамогай манументальнага мастацтва — тут можна вынаходзіць самыя розныя спосабы. Прыкладам, пад час сёлетніх мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю першай пастаноўкі купалаўскай “Паўлінкі”, была не толькі адкрыта ўжо згаданая мемарыяльная дошка ды праведзена цікавая выстаўка работ з фондаў Дзяржаўнага музея Янкі Купалы, але і ажыццёўлена вельмі арыгінальная задума. Мы папрасілі паслоў, акрэдытаваных у Літве, прачытаць творы Янкі Купалы на сваіх родных мовах. Для нас гэта быў вельмі ўрачысты ды кранальны момант — пачуць знаёмыя з дзяцінства словы класіка, скажам, на азербайджанскай…

— Вяртаючыся да нашай тэмы транспамежнага турызму... Мала хто будзе спрачацца, што асноўная перашкода для яго развіцця — гэта візы…

— Сапраўды, дзяржаўныя межы — гэта зусім не лепшая прыдумка чалавецтва. Бо слова “мяжа” мае вытворнае слова — “абмежаванне”. Але паколькі змяніць гэты стан рэчаў не ў нашай волі, мы павінны ставіць перад сабой больш рэальную задачу — мінімалізаваць тыя цяжкасці, што даводзіцца зведваць шараговым грамадзянам. Са свайго боку, робім для гэтага ўсё магчымае, задавальняючы пажаданні тых жыхароў Літвы, якія звяртаюцца па беларускія візы, а штогод іх робіцца прыкладна 160 — 180 тысяч. Летась мы не атрымалі ніводнай скаргі! Усё іншае, што датычыцца пытанняў перасячэння мяжы — у тым ліку, і працы калег з Пасольства Літвы ў Беларусі, — я не наважуся каментаваць, бо гэта па-за маёй кампетэнцыяй.

Натуральна, нашы суайчыннікі хацелі б, каб працэс атрымання віз быў хуткі ды поўнасцю аўтаматызаваны і каб фінансавы аспект не асабліва біў па кішэні. Мы разумеем, што сённяшні кошт візы ў шэнгенскую прастору — гэта сапраўды стрымліваючы фактар для развіцця турызму. І, як мне падаецца, такое самае разуменне ёсць і ў кіраўніцтва Літоўскай Рэспублікі, якое выступае за зніжэнне цаны. Але паколькі суседняя дзяржава не можа прымаць самастойныя рашэнні, бо з’яўляецца членам Еўрасаюза, я пакуль палічыў бы за лепшае ўстрымацца ад нейкіх канкрэтных прагнозаў на гэты конт.

Зрэшты, калі мы працягнем планамерны рух па пераадоленні ўсіх бар'ераў на шляху развіцця, выразна ўсведамляючы сваю канчатковую мэту, перакананы, многія з вашых пытанняў неўзабаве проста стануць неактуальнымі…

Пытанні задавалі Ілья СВІРЫН, Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ