Прыплыў спектакль у праграму…

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

Арт, фэст, палац, творцы і фінансавыя рызыкі: хто каго пераможа?

Арт-фестываль “Тэатр Уршулі Радзівіл”, сярод арганізатараў якога Міністэрства культуры краіны, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Нясвіжскі раённы выканаўчы камітэт, а таксама сам Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік "Нясвіж", сёлета — другі па ліку, таму “першым блінам” яго не назавеш. Але “камякоў” на ім (і розных дробных каменьчыкаў на шляху публікі да фестывалю) хапала. Што ж, ёсць час усё не толькі абмеркаваць, але і давесці да ладу, бо дадзены фэст (і — шырэй — уся фестывальная палітыка Нясвіжскага палаца) можа стаць не адно “візітоўкай” гэтага гістарычна-архітэктурнага помніка, але і зыходным пунктам у развіцці тэатральнага турызму ў нашай краіне.

А “суддзі” хто?

Пакуль гэты фэст збірае, пераважна, саміх несвіжан, але выклікае вялікую цікавасць і ў жыхароў сталіцы ды іншых рэгіёнаў. Больш шырокая плынь турыстаў стрымліваецца, вядома, транспартнымі праблемамі, бо дабірацца ў колішнюю рэзідэнцыю Радзівілаў лепш на сваім аўто ці экскурсійным аўтобусе. Іншыя варыянты — менш спрыяльныя, бо аўтобусныя маршруты не прывязаны да раскладу форуму і спецыяльных фестывальных рэйсаў не прадбачыцца. А між тым, так зроблена, да прыкладу, на “Славянскім базары ў Віцебску”, дзе ў дні фэсту з’яўляецца дадатковы цягнік, што вязе на канцэрты ў Амфітэатр — і дадому. Але маштабы двух фэстаў, вядома ж, — непараўнальныя.

Тых жа, хто сёлета ўсё ж вырашыў прыехаць на арт-фэст з іншых рэгіёнаў, чакалі выпрабаванні. Толькі не агнём, вадой ды меднымі трубамі, як гэта бывае ў казках. Бо не было ні вогненнага, жудасна спякотнага сонца, як летась, ні ліўня, як у апошні дзень “Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. Што ж да труб, дык замест медзі выступалі — і вельмі добра — ансамблі БДУКіМ “Гуды”, “Талака”, з выстаўкай гармонікаў прыехаў выкладчык гэтай навучальнай установы Міхал Слізскі, які з ранку да вечара прыцягваў увагу публікі сваімі заліхвацкімі найгрышамі.

Выпрабаванне ж было — харчаваннем: узроўнем абслугоўвання і коштамі. У парку ёсць буфет-палатка з самым простым “турыстычным наборам”: чыпсы, выпечка, пірожныя, вада. Насупраць увахода ў палац — два, здавалася б, “канкурыруючых” кафэ. Але ў адным, як ветліва патлумачылі, бліноў давядзецца чакаць паўгадзіны (што ж гэта за тэхналогія такая?). У другім, з крэатыўна абыгранай назвай “БарБара”, — паловы заяўленых у меню страў не было ў наяўнасці: маўляў, усё з’елі (і гэта на пачатку 14-й гадзіны, калі абедзенны час толькі пачынаецца!). Афіцыянты ветліва прапаноўвалі замену, не называючы яе кошту. Думаю, у іх проста язык не паварочваўся сказаць, што вось гэты кавалачак мяса на костачцы выцягне з вашай кішэні 150 тысяч беларускіх рублёў. Хто не паспеў пакаштаваць, адразу адмаўляўся. Але і той, хто замаўляў штосьці іншае, не заставаўся без сваёй порцыі матэматычных адкрыццяў ды незабыўных уражанняў. Сям’я з Салігорска, прыехаўшы з дзецьмі, папрасіла прынесці, сярод іншага, дзве порцыі крэветак — па 39 тысяч за кожную. І ніяк не магла ўцяміць, чаму ў выніку атрымалася… 148, ледзь не ўдвая больш. Ім патлумачылі, што порцыі раптам аказаліся большымі, чым было пазначана ў меню. Але ж як узважыць тое, што ўжо з’елі? І ці нельга было папярэдзіць адразу?

Дык на каго, у рэшце рэшт, разлічаны нясвіжскі фестывальны адпачынак? У замежжы ў падобных выпадках арыентуюцца найперш на сярэдні клас, які бавіць час сем’ямі. А ў нас?

Місіс Марпл па-беларуску

Уласна фестывальнае “меню” складалася, як і летась, з шасці спектакляў за тры дні. Усё па тым жа графіку: дзённыя — у Тэатральнай зале палаца, вечаровыя — ва ўнутраным дворыку, на свежым паветры. На вечар прыпадалі ўжо добра вядомыя сталічнаму гледачу спектаклі на гістарычную тэму. На адкрыццё — “Яблычны пірог” Новага драматычнага тэатра. На закрыццё — “Пане Каханку” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, які паказваўся тут ужо летась. У сярэдзіне — разгорнутая, шматчасткавая харэаграфічная кампазіцыя “Песня пра зубра” Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі.

Творцы вельмі адказна ставіліся да гэтых паказаў. Сама была сведкай таго, з якой апантанасцю рэжысёр Сяргей Кавальчык дэталёва, з секундамерам у руках, праходзіў асобныя сцэны, “прымерваючы” іх пад жывы нясвіжскі антураж, вымушаючы (як і летась, але з яшчэ большай фантазіяй) працаваць на спектакль усе архітэктурныя асаблівасці палаца.

Але галоўны зрух адбыўся на камернай сцэне. Летась, нагадаем, тут дэманстраваліся спектаклі стацыянарных тэатраў, перанесеныя практычна ва ўмовы “чыткі п’есы”, ды яшчэ на фоне раяля, які займае палову і без таго маленечкага сцэнічнага подыума. На старонках “К” выказваліся меркаванні, што для такога фестывалю патрэбны спецыяльныя праекты, прызначаныя менавіта для нясвіжскіх рэалій. І цуд — здзейсніўся! Тэатральная зала палаца ператварылася, можна сказаць, у эксперыментальную пляцоўку.

Анонсы былі больш чым загадкавымі: інтэрактыўны батлеечны “Міракль аб Уршулі”, сумесны беларуска-італьянскі праект “Панталонэ з Вероны”, спектакль “Вандраванне Радзівіла “Сіроткі” ў Італію” Музычнага дома “Класіка”. Больш-менш прыблізную расшыфроўку прыцягальна таямнічых назваў можна было знайсці хіба на сайце kvitki.by, а зусім не на сайце самога палаца. Ды і там хіба распісваліся як мага больш прыгожа “мастацкія дасягненні” будучай пастаноўкі, але нідзе не былі пазначаны ўласна стваральнікі. Выключэнне складаў хіба апошні праект, дзе, ведаючы сур’ёзнасць усяго, што робіць нядаўна створаны Музычны дом “Класіка”, можна было больш-менш уявіць вынік. У сумесным праекце, які прыпадаў на другі фестывальны дзень, можна было знайсці, добра пашукаўшы па Інтэрнеце, хіба прозвішча італьянскага рэжысёра — Матэа Сп’яцці. Але ж на каго ён ставіў камедыю дэль артэ? Ды ўсё ж самым загадкавым аказаўся батлеечны спектакль. Пра яго не было пазначана ўвогуле анічога. На памяць прыходзіла хіба аднайменная выстаўка, што праходзіла акурат год таму ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, а зараз, да канца лета, экспануецца ў яго філіяле — “Гасцёўні Галубка”. Знайшла я і сведчанні пра аднайменную інтэрмедыю, зладжаную ў Мірскім мастацкім каледжы сіламі народнага ўзорнага аматарскага лялечнага тэатра “Батлейка”, створанага яшчэ ў 1989 годзе Галінай Жаровінай.

Каб раскрыць усе таямніцы, патрабаваўся сапраўдны “даследчы пошук”, якім ганарылася б сама місіс Марпл. Бо кожнае тэлефанаванне, нават да непасрэдных, здавалася б, арганізатараў, чые тэлефоны былі пазначаны ў прэс-рэлізе, завяршалася чарговай адсылкай “у нікуды”, бо на тым канцы дроту вельмі здзіўляліся: не, маўляў, гэта рабілі не мы... Нарэшце, я дакапалася-такі да ісціны! І раптам падумала: калі нават прэса павінна вось так высвятляць, хто, чаго ды як, дык што тады казаць пра звычайную публіку? Пэўна, арганізатары прытрымліваліся правіла: калі білеты і без таго распрадаюцца, дык навошта ўсё астатняе?

Тым не менш, паведамляю. Асновай “Міракля аб Уршулі” сапраўды сталася праца народнага тэатра таго самага каледжа. Каб давесці задуму да прафесійнага ўзроўню, звярнуліся да маладога рэжысёра Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксандра Янушкевіча — свайго былога выхаванца. І той разам з такімі ж апантанымі артыстамі нашага вядучага лялечнага тэатра на аснове прапанаванага матэрыялу і сцэнічнага антуражу, уключаючы вырабленыя выхаванцамі каледжа лялькі, зрабіў спектакль, дзе сумясціліся сведчанні пра жыццё і творчасць Уршулі Радзівіл з фрагментамі трох яе п’ес.

Што ж да “Панталонэ з Вероны”, дык па ініцыятыве тэатразнаўцы і мадэратара некаторых тэатральных праектаў Аляксея Стрэльнікава да нас прыехаў італьянскі рэжысёр, які праводзіў майстар-класы для студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вынікам якіх і стаўся гэты спектакль. Адпаведна, узнікла думка паказаць яго ў Нясвіжы.

Мне давялося паглядзець трэцюю пастаноўку — “Вандраванне Радзівіла “Сіроткі” ў Італію”. Пра знакамітага Радзівіла распавядаў быццам бы кампазітар Ян Давід Голанд. Ягоных партрэтаў не захавалася, таму запрашэнне на гэтую ролю Юрыя Жыгамонта не ставіла перад Музычным домам “Класіка” праблем падабенства артыста на свайго героя. А ўключэнне шматлікіх музычных твораў даўніны ў выкананні ансамбля “Кантабіле” ператварыла маналогі ў спектакль-канцэрт. Удзячныя гледачы адгукнуліся і на інтэрактыў: артыст з уласцівым яму шармам і пытанні ў залу закідваў, тут жа даючы на іх адказы, і на танец запрашаў. Публіка была, што называецца, у экстазе.

Ці “ажывуць” былыя жыхары Палаца?

Што ж, усё добра, што добра завяршаецца. Але, пэўна, само кіраўніцтва Нясвіжскага палаца і арганізатары свята павінны больш клапаціцца не проста пра фарміраванне праграм, а пра іх непасрэднае стварэнне. Многія фестывалі свету, дарэчы, паступаюць менавіта такім чынам: замаўляюць удзельнікам, якіх яны хацелі б бачыць, тыя або іншыя творчыя праекты. Прычым нават часцей за ўсё часткова фінансуюць гэтыя спектаклі і іншыя імпрэзы. У Нясвіжы пакуль атрымліваецца ўсё з дакладнасцю да наадварот. Тыя або іншыя творчыя калектывы, як дзяржаўныя, так і складзеныя па прынцыпах антрэпрызы, прапаноўваюць Нясвіжскаму палацу свае праекты — адметныя, прызначаныя менавіта для паказу ў яго тэатральнай зале ды ўнутраным дворыку. Прычым і тэматыка такіх праектаў вынікае менавіта з тамтэйшых гістарычных тэм. Але праекты застаюцца “аднаразовымі”, паказанымі толькі аднойчы ў час фестывалю. А між тым, яны маглі б трывала ўключацца ў разнастайныя экскурсійныя праграмы. Таму што, па сутнасці, яны і ўяўляюць з сябе своеасаблівую “тэатралізаваную экскурсію”, “тэатралізаваную лекцыю-канцэрт” і г. д. Забаўляльны складнік у іх удала спалучаецца з асветніцкім кірункам. А ўлічваючы здольнасці і схільнасць да імправізацыі некаторых артыстаў — таго ж Юрыя Жыгамонта, — яны могуць улічваць непасрэдны кантынгент аўдыторыі, змяняючыся ў адпаведнасці з ім. Дзеці? Значыць, і аповед пра тых жа Радзівілаў будзе разлічаны на дзіцячы ўзрост. Замежныя турысты? Калі ласка! Асабліва цікава, калі раптам будуць сярод іх прадстаўнікі тых краін, дзе вандраваў Мікалай “Сіротка” ці на культуру і літаратурна-драматычныя творы якіх арыентавалася Уршуля Радзівіл.

Дарэчы, на іншых аб’ектах падобная праца даўно ўжо праводзіцца. У тым жа Лідскім замку мясцовы рыцарскі клуб і музыканты ладзяць тэатралізаваныя прадстаўленні, якія праходзяць у пэўны час і ўключаюцца ў экскурсійную праграму. Дый у самім Нясвіжскім палацы падобным чынам летась працаваў ансамбль “Кантабіле”. Чаму б не пашырыць тую практыку? Вядома, патрабуецца запаўняльнасць залы. Але фестывальныя паказы сведчылі, што гэтыя праекты карыстаюцца попытам, і даволі вялікім. На практыцы гэта магло б быць рэалізавана і як “дадатак” да экскурсій, для чаго патрабуецца яшчэ больш цеснае супрацоўніцтва з турагенцтвамі, і як асобная праграма, на якую “неарганізаваныя” наведвальнікі маглі б набыць асобны білет. Каб засцерагчыся ад фінансавай небяспекі, асновай такіх паказаў павінны, як падаецца, стаць менавіта экскурсійныя групавыя туры, да якіх маглі б далучыцца ўсе ахвотныя.

І пра ўсё гэта трэба думаць ужо сёння, не чакаючы, пакуль чарговы праект “прыплыве” на фестываль сам па сабе. Бо калі той, хто мог бы прапанаваць свае творчыя ідэі, наглядзіцца на цяперашнюю практыку, ахвота нешта прапаноўваць у яго папросту можа знікнуць. Так што ў час, калі творцы паказалі свае, будзем лічыць, “пілотныя выпускі”, слова засталося — за аріганізатарамі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"