Валерый ШКАРУБА, мастак:
— Ідэя мае рацыю, таму яе цалкам падтрымліваю. Кожны куток Беларусі — цікавы па-свойму. Але хто пра гэта ведае? Нават мясцовыя жыхары не заўжды згадаюць пра гісторыю царквы ці пра паходжанне назвы мясцовага бору або сажалкі.
Нават у аграгарадках рэдка сустрэнеш бігборд, прысвечаны традыцыйнай культуры дадзенага паселішча ды яго ваколіц. Так што рэкламныя інсталяцыі ва ўмовах сучаснай вёскі павінны існаваць: менавіта яны стануць брэндавай “прынадай” для гасцей і турыстаў.
Хто павінен займацца стварэннем нетрадыцыйных носьбітаў рэкламы? Напэўна, мясцовыя майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прынамсі, менавіта яны змогуць дакладна перадаць дух і самабытнасць роднай вёскі. І ўвогуле, я за тое, каб у кожным аграгарадку існавала выставачная галерэя. Між тым, нават у Барысаве яе пакуль няма…
Віктар ШНІП, паэт, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”:
— Натуральна, і я не маю нічога супраць. Даўно казаў на старонках “К” пра тое, што гісторыя, культура вёсак беззваротна знікае разам з яе старажыламі. Гісторыя і культура — гэта ідэалогія. А ідэалогіяй трэба навучыцца карыстацца з карысцю для развіцця нашых сельскіх рэгіёнаў. Інакш моладзь увогуле забудзецца пра карані бацькоў...
Так што ідэю неабходна ажыццяўляць. Але любая праца каштуе грошай. Хто аплаціць работу майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва? У сельсаветаў няма на гэта грошай — значыць, трэба шукаць спонсараў. Вельмі спадзяюся, што нядаўна створаныя аддзелы ідэалогіі, культуры і па справах моладзі зацікавяцца слушнай ідэяй.