Фестываль славянскага свету

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

Пазаўчора ўрачыста стартаваў ХХІІ Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Гала-канцэрт адкрыцця з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі адлюстраваў новыя тэндэнцыі ў развіцці гэтага грандыёзнага форуму, які цяпе

У сваім выступленні Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў гуманістычную місію форуму для ўсяго славянскага свету.

“Дрэва трымаецца каранямі, а чалавек — сябрамі. Прытрымліваючыся гэтай народнай мудрасці, “Славянскі базар” з года ў год прырастае дзясяткамі і сотнямі новых сяброў. У гэтым годзе геаграфія фестывалю атрымала планетарны размах, ахапіўшы зямны шар ад Аўстраліі да Кубы і Венесуэлы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Таксама ён дадаў: “Ды і ўвесь “Славянскі базар...” сваім маштабам, творчай разнастайнасцю, яркім перапляценнем моў і традыцый дапаможа нам унесці дастойны ўклад у прымнажэнне духоўных багаццяў нашых краін, захаванне самабытных нацыянальных культур”.

/i/content/pi/cult/435/9031/1-1.jpeg

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручае спецыяльную ўзнагароду

"Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення" народнай артыстцы СССР Эдзіце П'еха.

Спецыяльнай узнагародай Прэзідэнта нашай краіны “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” была адзначана народная артыстка СССР Эдзіта П’еха. Па ўласным прызнанні спявачкі, яна так хвалявалася, што на падыходзе да сцэны падвярнула нагу. Аляксандр Рыгоравіч пажартаваў, што гэта — таксама знак, бо ўзнагарода запомніцца яшчэ больш.

А за некалькі гадзін да гэтага зорка Эдзіты П’еха была адкрыта на Плошчы Зорак перад Летнім амфітэатрам. Міністр культуры нашай краіны Барыс Святлоў назваў цырымонію своеасаблівай “каталагізацыяй творчасці” спявачкі і адзначыў такія якасці Эдзіты Станіславаўны, як высокая культура, абаянне, асаблівая аўра мастацкага густу: “Вы сапраўдная зорка, якая ззяе не адбітым, а сваім уласным святлом”. Ва ўрачыстасці таксама ўзялі ўдзел старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін, генеральны дырэктар фестывалю Аляксандр Сідарэнка, народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч, дырэктар Канцэртнай залы “Кастрычнікая” ў Санкт-Пецярбургу Эма Лаўрыновіч і Стас П’еха — унук зоркі, ужо не менш вядомы за яе саму.

Эдзіта Станіславаўна была вельмі расчулена: “Я сюды прыязджаю, нібы дадому, людзі тут усміхаюцца, гледзячы ў вочы, выпраменьваюць добразычлівасць”. Дарэчы, Эдзіта П’еха не толькі ўдзельнічала ў некалькіх “Славянскіх базарах у Віцебску”, з-за чаго яе нябачная прысутнасць адчуваецца і на ўсіх астатніх гэтых форумах, але і спявала на адкрыцці Фестывалю польскай песні, для якога будаваўся ў Віцебску Летні амфітэатр.

25-годдзю Амфітэатра прысвяцілі пралог канцэрта адкрыцця. А 12 ліпеня ў Віцебску быў адкрыты надмагільны помнік Уладзіміру Грыгор’еву — колішняму першаму сакратару Віцебскага абкама кампартыі, які быў ініцыятарам будаўніцтва гэтага комплексу, а таксама цяперашняй Канцэртнай залы “Віцебск”.

Увогуле, канцэрт адкрыцця ледзь не цалкам складаўся з віншаванняў “Славянскаму базару ў Віцебску”. Гэта былі не толькі афіцыйныя адрасы ад прэзідэнтаў Расіі і Украіны, але і музычныя прывітанні ад іншых фестываляў свету, прадстаўнікі якіх спявалі ў канцэрце: “Еўрабачання”, Сан-Рэма, “Белых начэй Санкт-Пецярбурга”, “Галасоў Азіі”, “Новай хвалі” ў Юрмале.

/i/content/pi/cult/435/9031/1-2.jpeg

Прэзентацыя ўдзельнікаў конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" пад час адкрыцця фэсту.

Яшчэ адной асаблівасцю адкрыцця сёлетняга форуму стаў выхад на сцэну ўсіх удзельнікаў дарослага і дзіцячага конкурсаў — з сумеснай песняй “Чараўніцтва музычнага лета”, што стала своеасаблівым гімнам дзіцячага конкурсу, выконваючыся ў фінале кожнага дня праслухоўванняў. З беларускіх артыстаў у адкрыцці ўдзельнічалі Анатоль Ярмоленка з “Сябрамі”, Іна Афанасьева, Алена Ланская — з дзвюма песнямі, Анжаліка Агурбаш, Дзмітрый Качароўскі, Георгій Калдун — у якасці аднаго з вядучых, — а таксама Алена Спірыдовіч, якая стала ўжо своеасаблівай “жывой візітоўкай” фестывалю: без ейнага голасу і самой яе постаці форум уявіць немагчыма.

Новы фармат “Славянскага базару ў Віцебску” стаўся і асноўнай тэмай прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю фестывалю. Новаўвядзенні агучваліся ўжо неаднойчы. Гэта скарачэнне тэрмінаў правядзення фестывалю — пяць дзён замест сямі, — яднанне ў адным канцэрце Саюзнай дзяржавы былых чатырох: Дзён культуры Беларусі, Расіі, Украіны і ўласна Саюзнай дзяржавы. Яшчэ большая арыентаванасць на моладзь ды тэлегледачоў, прывабнасць фестывалю менавіта для гэтай аўдыторыі. Дадалася і думка пра тое, што большая колькасць сольнікаў эстрадных зорак падкрэслівае зорнасць самога фестывалю, а пашырэнне кірмашоў народных рамёстваў ды промыслаў, прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў стварае большае адчуванне свята. Нагадаем таксама, што сёлетні фестываль — гэта звыш 60 творчых праектаў, якія ахопліваюць 5 тысяч удзельнікаў з 31 краіны свету.

Да кожнага новага “Славянскага базару ў Віцебску” горад прыгажэе, аднаўляецца, у ім адбываюцца ўсё новыя прыемныя змены. Сёлета ў Віцебску не толькі яшчэ больш кветак (цудоўна папрацавалі азеляняльнікі) і святочнага гандлю — непазнавальна змяніліся, найперш, гатэлі: 1 мільярд беларускіх рублёў быў укладзены ў рамонт “Дзвіны”, амаль паўтара — у “Віцебск”, 1 млрд. 200 млн. — у “Ветразь”, паўмільярда — у “Лучосу”. Яшчэ 2 млрд. пацягнулі грымёркі Канцэртнай залы “Віцебск”. Шмат у чым дапамагло тое, што ў маі праводзіўся V Карпаратыўны фестываль “Факел” ААТ “Газпрам” — упершыню менавіта ў Віцебску. Адпаведна, “Газпрам” уклаў грошы ў развіццё гарадской інфраструктуры. Дый сам горад клапоціцца пра пастаяннае павышэнне культуры абслугоўвання гасцей. Тых жа кухараў, як паведаміў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама, адпраўлялі на курсы павышэння кваліфікацыі.

Гучалі на прэс-канферэнцыі таксама прывітанні-пажаданні “Славянскаму базару…” ад шматлікіх спонсараў, і, ад новага генеральнага дырэктара форуму Аляксандра Сідарэнкі, — падзяка Радзівону Басу, што склаў каманду, дзякуючы якой стаў магчымым і цяперашні фестываль, бо “каб асэнсаваць увесь гэты механізм, спатрэбіцца не адзін год”.

Былі названы і некаторыя іншыя лічбы: больш за 8 млрд. бел. руб. складае дзяржаўная дапамога форуму, амаль 25 млн. расійскіх рублёў дае Саюзная дзяржава. Звыш 20 млрд. выручана ад продажу білетаў. Так што мары пра самаакупнасць фестывалю павінны хутка стаць рэальнасцю.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Віцебск — Мінск

Фота Максіма ГУЧАКА (БелТА)

і Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"