“La Belle Ligne Сорына пастаіць за сябе…”

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Як полацкі юнак узышоў на Алімп мастацтва

(Заканчэнне.

Пачатак у №№ 22 — 26.)

...Як Сорын працаваў? Вось тут хачу прывесці фрагменты расповеду пра яго пісьменніцы Галіны Кузняцовай, больш вядомай у літаратурным свеце як каханка Івана Буніна і… нейкай Маргарыты, сястра пісьменніка Фёдара Сцяпуна. У сваіх мемуарах “Граскі дзённік” яна ўспамінае лета 1930 года: “…Неяк гэтымі днямі, пад вечар, нечакана прыехаў з візітам Сорын. Сказаў, што некалькі разоў тэлефанаваў, але не заспяваў. А ў нас ужо ведалі, што тэлефанаваў ён, аднак І.А. (Іван Аляксеевіч Бунін. — Б.К.) не хацеў адгукацца: быў упэўнены, што ён хоча маляваць мяне. А гэта, па яго разуменні, не патрэбна. Як бы там ні было, ён прыехаў. І.А. прыняў яго вельмі суха… Ён (Сорын. — Б.К.) выседзеў пятнаццаць хвілін і паехаў, не сказаўшы ні слова пра партрэт…”

Але партрэт Г.Кузняцовай усё ж быў напісаны. Мастака ўгаварыў зрабіць гэта пісьменнік-эмігрант Марк Алданаў. Кузняцова ўспамінае далей:

“…12 жніўня была на першым сеансе. Спачатку Сорын доўга ўсаджваў мяне. Глядзеў. Доўга не мог выбраць паставы. Нарэшце, пасадзіў з кнігай, раскрытай на каленях. Зрабіў першы алоўкавы накід. Рысаваў у акулярах, стоячы пасярэдзіне пакоя. Размаўляў, але, хутчэй за ўсё, паўмашынальна. Потым прымяраў блакітную шаўковую павязку. Спачатку захапляўся, потым папрасіў скінуць яе і сказаў: “Не, мне патрэбны ад вас дакумент. Гэта ўжо маскарад. А я хачу напісаць вас. Давайце ж пісаць чэсную галаву. Без усяго гэтага…”

13 жніўня. Учора ў пакоі было ўжо два падрамнікі з палатном і мальберт. Сорын зрабіў вялікі алоўкавы накід. Быў моцна няветлівы, нават суровы, заняты быў адной думкай, каб я не варушылася, і злаваўся, калі пара стала падыходзіць да шостага часу, ніяк не хаваў гэтага. Каб “ажывіць” мяне — расказваў пра сябе…

29 жніўня. Партрэт рухаецца наперад, хаця і павольна, але сам Сорын пачынае ўсё больш абцяжарваць мяне настойлівымі знакамі ўвагі… Учора Сорын пайшоў праводзіць мяне і стаяў, абапершыся аб борт аўтобуса, і глядзеў на мяне з вельмі збянтэжаным выглядам, а потым як бы сур’ёзна: “Каб выйшлі за мяне замуж, дык ніколі не раскаяліся б”. Я адмаўчалася і перавяла гаворку на іншае…”

А вось як ацаніў, па словах Кузняцовай, яшчэ не зусім скончаны партрэт маэстра пяра Бунін: “…Пахваліў вочы, ледзь прыкметную ўсмешку, наогул падабенства. Але калі мы ехалі з ім назад, сказаў, што, пры падабенстве і прыгажосці партрэта, я ў Сорына ўсё ж не тая і няма свабоды ў позе…”. І далей: “…5 верасня. Сорын папрасіў мяне дапамагчы яму — патрымаць палатно, пакуль ён устанаўлівае яго на падрамнік. Я сказала, гледзячы на партрэт: “Сфатаграфуйце яго і прышліце мне фота на памяць”. Ён адказаў: “Чаму вы не жадаеце лепш узяць на памяць мяне? Я сябе яшчэ нікому не прапаноўваў, а Вам прапаноўваю…” На шчасце, мы былі раздзелены палатном, і я не магла бачыць ягонага твару, а ён — майго…

7 верасня. Пазірую ўвесь дзень. Заўтра канец. Ад пазіравання ў мяне распухла нага. І яшчэ адзін дзень!..

9 верасня. Учора, нарэшце, скончылі. На развітанне Сорын быў змрочны, але стрыманы. Перад самым канцом не вытрымаў і некалькі разоў сказаў, што яму вельмі цяжка з’язджаць і што, наогул, настрой у яго непрыемны. Скончылі мы раней, чым звычайна, і каля шостай вечара ён адвёз мяне на вакзал. На развітанне сціснуў мне руку і сказаў са слязьмі на вачах: “Прашу вас, не забывайце мяне!..”

/i/content/pi/cult/434/9029/2-1.jpeg/i/content/pi/cult/434/9029/2-2.jpeg/i/content/pi/cult/434/9029/2-3.jpeg

С.Сорын. Графічныя партрэты баранесы Штэйнгель, А.Л. і артысткі Л.Дробатавай.

А вось цікавыя фрагменты з напаўзабытага артыкула Аляксандра Іванавіча Купрына “У рускіх мастакоў”, які ён напісаў у эміграцыі — у Парыжы. З Сорыным пісьменнік быў у сяброўскіх адносінах, любіў яго мастацтва і вельмі прафесійна выказваў сваё адчуванне пра сорынскія партрэты. “…Я люблю бываць у майстэрні гэтага цудоўнага жывапісца. У ёй няма ні яркіх абрэзкаў, якія нядбайна раскіданы на падлозе і на мэблі, ні леапардавых шкур, ні дзікунскіх коп’яў, ні парчы, ні жалезных ліхтароў, ні медных збаноў, ні фаянсавых чарапкоў, ні іншага прэтэнцыёзнага хламу, які стамляе вока і рассейвае ўвагу. Затое ёсць глыбокая цішыня, мяккае спакойнае матавае святло і шмат паветра. Мне здаецца, у такім простым становішчы пісалі свае строгія карціны сярэднявечныя мастакі-манахі. І потым, хіба можна параўнаць тыя адчуванні стракатасці, беганіны, цеснаты, стомленасці, галаўнога болю і атупення, якое адчуваеш на мастацкіх выстаўках, са спакойным сузіраннем карціны, сам-насам з ёю, у яе дома, у тым месцы, дзе яна была зачата і народжана?

У гэты дзень я ўжо не заспеў двух партрэтаў, знаёмых мне па мінулым, даўнім наведанні: Н.І. Каванькі і Льва Шастова. Я іх бачыў адначасова, і мяне тады надоўга прымусіла задумацца розніца ў псіхалагічных ды мастацкіх падыходах Сорына да двух такіх розных сюжэтаў… Гэтыя партрэты — два полюсы. Каб іх намаляваць, патрэбна, акрамя адмысловага пэндзля, пранікнёная і пачуццёвая душа…

/i/content/pi/cult/434/9029/2-4.jpeg
С.Сорын. Жаночы партрэт.

Упэўненымі, павольна-дакладнымі, ледзь-ледзь мядзведжымі рухамі паварочвае Сорын мальберты і ставіць на іх карціны ў падрамніках. Гэта ўсё — матэрыял для будучай вясновай выстаўкі. Мастак мне нічога не тлумачыць, я не раблю ні пытанняў, ні — барані Алах! — заўваг. Так лепш.

Вось партрэт балетнай артысткі (не класічнай) — спадарыні Н. Пра яе я чуў раней, і пры першым жа поглядзе на палатно мільёны раз пераконваюся ў тым, якія вузкія і сляпыя меркаванні мінакоў. Казалі мне толькі пра “дзёрзкую” аголенасць. Так, аголенасці тут шмат. На чароўнай квітнеючай жанчыне адзення — усяго толькі кароценькая шаўковая спаднічка, значна вышэй за калені. Увесь ейны торс аголены; ён хударлявы, гнуткі і моцны; абрысы грудзей — цнатлівыя; тон цела — пяшчотна-ружовы з серабрыста-шаўковымі блікамі на ярка асвечаных выгінах. Ногі пастаўлены шырока і моцна, таму каленныя рэпкі трошкі ўвагнуліся, пацямнелі, зморшчыліся. Поза — звычайная, хатняя, простая. А ўсё разам так натуральна, цнатліва і чыста, што толькі прафесійнаму павіяну закарціць тут зацмокаць мокрымі губамі…

А праз дзверы, на вельмі высокім мальберце, — партрэт жанчыны з гітарай. Яна апранута з найвялікшай сціпласцю: шэра-сіняя вопратка і чырвоны лёгкі шалік пакідаюць адкрытымі толькі галаву і кісці рук. Але чаму ж ад ракурсу ейнай галавы, закінутай назад, схіленай і павернутай улева, ад яе нецярплівай усмешкі, ад пякучай трывогі ейных вачэй павявае спакусай, запрашэннем і салодкім грахом? Менада ў сучаснай прыстойнай сукенцы!..

А вось чароўны партрэт маладой лэдзі Керзан: дагледжаная, пругкая, незалежная блакітнавокая англічанка. Вельмі цікавы казак-інвалід — твар моцнага і спакойнага самотніка — у французскай расе…”

Добра, маляўніча, смачна піша вялікі пісьменнік у гэтым нарысе і пра іншыя карціны Сорына, піша так, што нашым сучасным мастацтвазнаўцам належыць павучыцца. Хаця для гэтага, у першую чаргу, трэба па-сапраўднаму любіць мастацтва…

Вось, з “дапамогай” сучаснікаў Савелія Сорына, я і распавёў пра жыццё і лёс нашага земляка, таленавітага партрэтыста. Мастак быў тонкім знаўцам прыгажосці (асабліва жаночай), але выразна разумеў: “Цудоўнасць ёсць толькі абяцанне шчасця” (па Стэндалі).

Дадам ад сябе: шчасце — не што іншае, як хімера, але як цудоўна ганяцца за ім! І гэта, бадай, галоўны ўрок усяго жыцця Савелія Сорына…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"