Вачыма 1941-га...

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

У Нацыянальным гістарычным музеі працуе выстаўка “Заўтра была вайна” з фондаў установы. Яна складаецца з дзвюх частак: адна адлюстроўвае жыццё напярэдадні вайны, другая — распавядае пра пачатак Вялікай Айчыннай.

Калі не засяроджвацца на побытавых дэталях, дык сутнасна жыццё ў апошнія перадваенныя гады, адлюстраванае на фотаздымках, не надта адрозніваецца ад нашага сённяшняга: будні — святы, праца — сям’я. Звычайны кругабег. Вось дзятва з выхавацелькай садка, вось школьнікі рыхтуюцца да экзаменаў, вось дарослыя на працы і адпачынку... Адчуваеш, праўда, што тыпажы — іншыя. Гэтым людзям не дасі ў рукі ноутбук і не пасадзіш за руль іншамаркі. Іхнія твары не спалучаюцца з такімі рэчамі — яны натуральныя ў сваім часе. Дарэчы, іншым разам менавіта таму не верыш сучасным акцёрам, якія іграюць салдат Вялікай Айчыннай: тыпаж не той…

/i/content/pi/cult/434/9028/1-4.jpeg

Будучы мастак Генрых Ціхановіч ва ўзросце сямі гадоў так пабачыў "Марскі бой". Ішоў 1944 год...

Ёсць аднак, у мірных фотаздымках прадчуванне вайны: часта ў кадр трапляюць людзі ў вайсковай форме. І надта ж вялікая ўвага ў фотахроніцы ТАСС і БелТА надаецца грамадзянскай абароне ды навучанню моладзі ваенна-тэхнічным відам спорту, паводле сучаснай тэрміналогіі. Карціну часу дапаўняюць палітычныя плакаты, артыкулы з газет “Свабодная Беларусь” і “Піянер Беларусі”.

У раздзеле, прысвечаным першым дням Вялікай Айчыннай, прадстаўлены славутыя плакаты А.Какарэкіна, І.Таідзэ, М.Даўгарукага, Кукрыніксаў — мастакоў, якія аператыўна адгукнуліся на трагічныя падзеі. Сёння іх творы той пары лічацца свайго роду шэдэўрамі жанру. Малявалі па заказе, але балела сэрца за радзіму. Балюча глядзець на руіны Мінска, на кадры нямецкай кінахронікі, якія фіксуюць поспехі вермахта на першым этапе вайны. Унікальнымі дакументамі часу сталі таксама прадстаўленыя на гэтай выстаўцы малюнкі маленькага мінчаніна Генрыха Ціхановіча (у будучым — вядомы мастак). У 1941-м яму — чатыры гады, ён малюе палаючы Мінск…

Яшчэ адзін дакумент — кароценькая запіска мінчаніна, напісаная за дзень да заняцця сталіцы БССР немцамі: чалавек альбо не ўяўляе рэальнага стану рэчаў, альбо не хоча верыць таму, што робіцца наўкол. Спадзяецца, што ўсё гэта хутка скончыцца. Аднак у тыя чэрвеньскія дні ўсё толькі пачыналася…

Сёння, згадваючы 22 чэрвеня 1941 года, мы ведаем, што потым было 3 ліпеня 1944-га ды 9 мая 1945-га. Жыхары беларускіх гарадоў у трагічныя дні 1941-га гэтага ведаць не маглі. Але, магчыма, каму-небудзь з тых, каго мы бачым на перадваенных здымках, давялося вяртацца ў Беларусь салдатам-вызваліцелем альбо сустракаць 3 ліпеня на вуліцах Мінска танкі з чырвонай зоркай на вежы…

П.В.