Канікулы без агню

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Для папярэджання пажараў па прычыне дзіцячага свавольства ў рэспубліцы праводзіцца прафілактычная акцыя “Канікулы без дыму і агню”. Яна ладзіцца ў прышкольных і аздараўленчых летніках.

Дзеці, натуральна, радуюцца лету. Але мы не павінны забывацца на тое, што летнія канікулы — час павышанай бяспекі. Сёлета на Беларусі здарылася ўжо больш за тры тысячы пажараў, дзе загінула 389 чалавек, у тым ліку 15 дзяцей.

Трэба прадбачыць небяспеку, і пры надзвычайных сітуацыях — дзейнічаць рашуча. Не мінайце нават нязначнае ўзгаранне — прыміце меры па тушэнні. Паспрабуйце збіць полымя венікам з зялёных галін, невысокім дрэўцам, брызентам ці адзеннем. Агонь трэба “змятаць” у бок ачага ўзгарання, невялічкае полымя — затоптваць нагамі. Яшчэ адзін распаўсюджаны спосаб — закідваць пажар зямлёй.

Не забывайце, што пад час навальніцы маланка б’е ў высокае і адзінокае дрэва, у стог сена ці пячны комін. Яна выклікае пажары. Каб іх папярэдзіць, трэба ліквідаваць скразнякі, шчыльна зачыніць вокны, дымаходы, адключыць электрапрыборы і знешнюю антэну, спыніць тэлефонныя размовы, не размяшчацца ля акна, печы, каміна, масіўных металічных прадметаў, на даху і гарышчы.

Калі навальніца заспела вас у лесе, не шукайце прытулку пад высокімі дрэвамі і ля вогнішча: слуп гарачага паветра з’яўляецца добрым правадніком электрычнасці. Пастарайцеся сустрэць навальніцу на паляне. Не купайцеся пад час непагадзі.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС Мінска