Мудрасць кнігі

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Абласная навукова-практычная канферэнцыя “Праваслаўныя традыцыі ў духоўна-асветніцкай рабоце бібліятэк”, што прайшла ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Полацку, паставіла адказныя задачы: наладзіць карыснае супрацоўніцтва бібліятэчных устаноў Віцебшчыны, выявіць і вырашыць праблемныя моманты, сарыентаваць супрацоўнікаў на пошук новых форм і метадаў дзейнасці.

Практычны характар канферэнцыі дазволіў бібліятэкарам не толькі абмяняцца досведам з калегамі, але і звярнуцца да святыняў Полацкай зямлі, далучыцца да каштоўнасцей праваслаўнай культуры, пазнаёміцца з бібліятэкарамі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, пабываць у духоўна-асветніцкім цэнтры Полацкай епархіі…

Загадчык аддзела бібліятэказнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі Вольга Нявейкава пазнаёміла з маніторынгам работы бібліятэк у кірунку духоўна-маральнай асветы чытачоў. Яна спынілася і на праблемах, звязаных з камплектаваннем неабходнай праваслаўнай літаратуры, з сістэматызацыяй апошняй і аднастайнасцю форм работы з кнігамі духоўнага зместу. Складанасці існуюць з папулярызацыяй такіх кніг, з сацыялагічнымі даследаваннямі ды метадычнымі распрацоўкамі.

Свой праект духоўнага выхавання чытачоў прапанавала работнік бібліятэкі імя Янкі Купалы (Полацкая ЦБС) Вольга Бакуновіч. Яна з 2004 года вядзе работу Літаратурна-музычнай гасцёўні “Пад засенню духоўнасці”.

Пра супрацоўніцтва ўстаноў Глыбоцкай ЦБС з Глыбоцкім благачыннем Полацкай епархіі распавяла дырэктар Глыбоцкай раённай сеткі публічных бібліятэк Валянціна Спасібёнак. Загадчык жа Лёзненскай дзіцячай бібліятэкі Вольга Печанава прысвяціла сваю прамову спецыфіцы работы з дзецьмі, падкрэсліўшы, што плённа займацца ёй можа толькі апантаны чалавек, начытаны і веруючы.

Юлія КОВАЛЬ, метадыст Полацкай РЦБС