Кадравы вакуум?

№ 51 (817) 22.12.2007 - 28.12.2007 г

Гэтае пытанне ўсё часцей паўстае перад студыяй анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Ці ёсць тая моладзь, што будзе дыхаць ў патыліцу тытулаваным прадстаўнікам айчыннай анімацыі? Якія перспектывы развіцця бачаць перед сабой мультыплікатары? Якія крокі робяць для таго, каб беларускія мультфільмы ў рэшце рэшт пацяснілі ў айчынным кінапракаце “Шрэка” ці “Смяшарыкаў”? Пра гэта наш карэспандэнт запытаўся ў кінарэжысёра-аніматара Ігара ВОЛЧАКА і дырэктара студыі анімацыйных фільмаў Пятра КРЫВАСТАНЕНКІ.

У чаканні новай хвалі

— Ці шмат моладзі прыйшло за апошнія гады на студыю анімацыйных фільмаў?

 /i/content/pi/cult/142/902/Socium3.jpg

Пётр Крывастаненка.

Пётр Крывастаненка: У свой час былі дапушчаны вялікія пралікі: не рыхтаваліся кадры, якія б замяшчалі з часам мастакоў-аніматараў, што з’язджаюць або сыходзяць з прафесіі. Гэтывакуум зараз адчуваецца вельмі востра. Да таго ж, трэба памятаць, што мастакі-пастаноўшчыкі, прарысоўшчыкі, фазоўшчыкі — усе спецыялісты павінны не толькі мець мастацкую адукацыю, але і самае галоўнае — мастацкі густ. Анімацыя ж як асобны свет — гэта тое ж мастацкае кіно, толькі з маляванымі героямі.
Таму і ставіцца да яго трэба гэтак жа сур’ёзна, як мы ставімся да мастацкага кіно. На жаль, сёння Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў не рыхтуе спецыялістаў нашага профілю.

Ігар Волчак: Некалькі спроб было. Напрыканцы 90-х я выпусціў курс рэжысёраў анімацыйнага кіно. Ён аказаўся вельмі ўдалым. Наталля Хаткевіч і Марына Карпава — двое з шасці выпускнікоў — сёння з’яўляюцца лаўрэатамі міжнародных фестываляў. Дарэчы, Марына не так даўно прывезла чарговую ўзнагароду з Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “Анімакор”, што праходзіў у Іспаніі. Верагодна, акадэмія на наступны год абвесціць аб наборы курсу рэжысёраў-аніматараў, аднак з нашага боку ёсць прапанова набраць курс адразу і на “Беларусьфільме”. У сценах навучальнай установы іх будуць рыхтаваць пяць гадоў, а нам жа кадры патрэбны тэрмінова. Таму я ніколі не адмаўляю зацікаўленым людзям, якія прыходзяць да мяне з просьбай навучыць.
Займаюся з імі на грамадскіх пачатках, бо сэрца баліць за студыю, крыўдна, што без новай крыві яна можа спыніць сваё існаванне. Сярод маіх вучняў былі Алег Флярко, Мікалай Яронін і іншыя, якія сёння ўжо працуюць на студыі.
Але, канешне, падобнай ініцыятывы недастаткова. Моладзь не атрымлівае неабходнай практыкі.

— Як жа вы пераадольваеце сітуацыю?

П. К.: Імкнемся арганізаваць для творчай моладзі гадавыя курсы. Будзем рыхтаваць сярэднее звяно. А з прарысоўшчыкаў з цягам часу могуць вырасці і добрыя мастакі-пастаноўшчыкі, мастакі-мультыплікатары. Набіраць будзем, пэўна, з інстытутаў.

І. В.: Гэта вельмі важная справа. Ужо праз тры месяцыстане зразумелым, хто з навучэнцаў

 /i/content/pi/cult/142/902/Socium2.jpg

Ігар Волчак.

зможа працаваць у анімацыі, а хто — не. Калі з дзесяці чалавек знойдзем пару здатных для гэтай справы — тое будзе шчасцем. Бо каб быць добрым аніматарам, толькі мастацкай адукацыяй, як гаварылася, не абысціся. Аніматары яшчэ як мінімум — акцёры ў душы. Калі сам не ведаеш, як праіграць сцэну, что ж ты тады намалюеш?! Самых таленавітых мы адразу зможам падключаць да вытворчасці, давяраць ім няхітрыя сцэны. Праз год яны выйдуць ад нас паўнавартаснымі мультыплікатарамі. Падкрэслю: эфект ад курсаў будзе бачны адразу. Бо задача ў нас адзіная — удыхнуць новае жыццё ў айчыннае анімацыйнае кіно.

П. К.: Дадам, што курсы пры студыі пойдуць на карысць і штатным супрацоўнікам. На “Беларусьфільме” паступова мяняюць тэхнічнае абсталяванне, адбываецца змена функцый у прафесіях. Напрыклад, раней працавалі на ацэтаце, а зараз пішуць на паперы, якая адразу сканіруецца на кампьютэр. На новай тэхніцы таксама трэба умець працаваць.

 

За “Несцеркам” “Аповесць...” ходзіць

— Недахоп моладзі пакуль, дзякуй богу, не адбіваецца на вялікай колькасці творчых планаў…

І. В.: Старэйшае пакаленне аніматараў не сядзіць на месцы. Зараз мы працуем над “Аповесцю мінулых гадоў”. Я, як аўтар праекта, ставіў простую задачу: у яркай лаканічнай форме паведаць аб гісторыі гербаў беларускіх гарадоў, каб аповеды засталіся ў гледача амаль на ўзроўні падсвядомасці. Таму я і прапанаваў, каб кожную асобную серыю здымаў прызначаны для яе рэжысёр у сваёй уласнай стылістыцы і тэхніцы. Упэўнены, што такі сур’ёзны праект павінен быць стварэннем ўсёй студыі. Паралельна я займаюся карцінай “Як Несцерка гаршкі прадаваў”. Гэта трэцяя серыя пра Несцерку, а ўсяго запланавана восем, каб атрымаўся поўны метр. Мне падабаецца гэты фальклорны персанаж — памяркоўны, кемлівы, таленавіты хлопец, які ўвасабляе нацыянальны менталітэт. У нашым фільме ёсць народная мудрасць, філасофскае стаўленне да жыцця.

П. К.: На 2008 год таксама запланаваны выпуск трэцяй часткі “Аповесці…”, чацвёртай серыі пра Несцерку. Міхаіл Тумеля наважваецца запусціць фільм пад умоўнай назвай “Вёска ваўкалака”, Аляксандр Ленкін распачаў працу над стужкай “Плюсі Мінус” аб пацешных прыгодах іншапланецян па імёнах Плюс і Мінус на Зямлі. У планах і казка для дзяцей, аднак пакуль не вырашана, хто яе будзе здымаць.

 

Пажадай мне добрай ночы пад айчынны мультфільм

— Добра, што праектаў шмат. Але ці пабачыць іх масавы глядач?

І. В.: Гэта яшчэ адзін наш галаўны боль. Напрыклад, Міхаіл Тумеля зняў некалькі кароценькіх сюжэтаў пра народныя прымаўкі. Добра было б, каб беларусы ведалі прыказкі роднага краю. Праект прапаноўвалі ў надзеі, што тэлебачанне нас падтрымае і замест бясконцай жудаснай рэкламы запусціць нашу стужку. Але мала хто адгукнуўся на гэтую задуму, таму праект хутка сканаў.

П. К.: З мэтай папулярызацыі беларускай анімацыі на рэспубліканскім тэлебачанні мы прапануем паказваць айчынныя мультфільмы перад дзіцячымі фільмамі і перадачамі ў ранішнія часы, а таксама ў надзвычай папулярнай сярод дзяцей вечаровай “Калыханцы”. А чаму ўвогуле не арганізаваць “Час беларускага кіно”, падчас якога дэманстраваліся б як мастацкія, так і дакументальныя, мультыплікацыйныя стужкі. Між іншым, у суседняй Расіі тэлеканалы да поўдня павінны дэманстраваць дзіцячыя фільмы, анімацыю, таму яны і закупляюць айчынную прадукцыю. На жаль, у Беларусі няма такой рэгламентацыі. Будзем спадзявацца, што мы з тэлебачаннем усё ж такі знойдзем кропкі паразумення і ўсталюем больш цесныя кантакты.

— Мінулай зімой адбылася значная падзея: некалькі сталічных кінатэатраў дэманстравалі паўнавартасныя сеансы айчыннай мультыплікацыі. Чаму такія мерапрыемствы амаль не паўтараліся?

П. К.: Мінскі кінапракат ведае ўсю нашу прадукцыю, мы нічога у сакрэце не трымаем. Менавіта яны вырашаюць, што купляць, што прапанаваць гледачу. На “Беларусьфільме” ёсць спецыяльны маркетынгавы аддзел, які займаецца яе продажам. Аднак воз і цяпер там. Мабыць таму, што многія па даўніне мяркуюць, што “свае”, маўляў, нічога добрага зрабіць не могуць, таму лепш возьмем замежнае. Але замежны прадукт не таннейшы, а ўсяго толькі больш раскручаны.

І. В.: Каб карціна прадавалася, яна павінна мець глядацкі поспех. Аднак у аніматараў часта адбываюцца перакосы то ў бок аўтарскага кіно, то ў адкрытыя падлашчванні дагледача ў камерцыйных стужках. Трэба пазбаўляцца крайнасцей і імкнуцца да залатой сярэдзіны, каб фільм заахвочваў звыклага гледача і не “карабаціў” эстэтычныя запыты мастакоў. Прыкладамі такога ўдалага яднання з’яўляюцца фільмы Нарштэйна “Вожык у тумане” ці стужкі Назарава “Жыў-быў сабака”, “Падарожжа мураша”.

 

Дыпламант фестывалю N-скага павета

— Некаторыя кажуць, што элітарнае кіно здымаюць спецыяльна для фестываляў.

І. В.: Сёння толькі гультаяваты не мае фестывалю ў сваёй краіне, таму пастаянна чутно ў справаздачах: “лаўрэат N-скага фестывалю”. Прабачце, але што за фестываль, хто яго ведае ў свеце? Таму, калі хто і атрымлівае прыз на фестывалях падобнага ўзроўню, — гэта яшчэ не азначае, што яго фільм лепшы. Цалкам можа быць, што астатнія аказаліся яшчэ больш непрафесійнымі. Да таго ж адзнака журы з’яўляецца сумай выключна суб’ектыўных меркаванняў, таму трэба рэальна ставіцца да тых імёнаў, што знаходзяцца ў складзе журы, разумець, наколькі яны кампетэнтныя. Фестывалі павінны падагульняць, на якім шляху развіцця знаходзіцца анімацыя. Для гэтага патрэбна праводзіць жорсткі адбор. Напрыклад, на Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Хірасіма” прыйшло 1650 заявак і толькі шэсцьдзесят чатыры з іх былі дапушчаны да конкурсу. А для падобнага наплыву павінен быць і адпаведны бюджэт. Такім чынам, трэба заўсёды мець цвярозае ўспрыняцце таго, што адбываецца.

Гутарыла Настасся ПАНКРАТАВА
Фота аўтара