Свет на палотнах

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі працуе выстаўка мастака Аляксея Будзейкі “Зямля пад белымі крыламі”.

Памяць мастака захавала ўспаміны пра дзяцінства, абпаленае вайной: бацька ваяваў і быў паранены пад Кёнігсбергам, дзядуля лячыў параненых партызан, а сам хлопчык разам з аднавяскоўцамі стаяў пад дуламі фашысцкіх кулямётаў на гары каля роднай Кайшоўкі, чакаючы расстрэлу, і толькі цуд выратаваў людзей ад смерці... Убачанае дзіцячым вокам увасобілася пазней у мастацкім палатне: дыпломную работу “Палявы шпіталь” Аляксей прысвяціў ваеннай тэматыцы.

/i/content/pi/cult/434/9019/1-1.jpeg

Пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута Аляксей Мікітавіч вучыў выхаванцаў Бабруйскага вышэйшага прафесійнага вучылішча дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І ўвесь гэты час кожную вольную хвіліну аддаваў уласнай творчасці, удзельнічаў у выстаўках. Ягоныя карціны знаходзяцца ў галерэях Мінска і ў прыватных калекцыях многіх краін свету.

Аляксей Будзейка стварае палотны, поўныя любові да роднай зямлі, да сваёй малой радзімы. Асобныя з гэтых работ ужо колькі гадоў упрыгожваюць сцены нашага музея. Трэба мець тонкую, чулую і трапяткую душу, каб не проста адчуць усё хараство навакольнага свету, але і перадаць гэта так, каб і наша душа адгукнулася на запрашэнне творцы прыпыніцца на хвіліну ды ўбачыць свет вось такім — шматгранным, чароўным і непаўторным. Карціна “Зямля пад белымі крыламі”, змешчаная ў цэнтры выставачнай залы, — узнёслы і ўсхваляваны аповед аб прыгажосці Бацькаўшчыны.

На выстаўцы прадстаўлены пейзажы, партрэты, нацюрморты, сюжэтныя кампазіцыі. Мастак прысвяціў цыкл работ чарнобыльскай тэматыцы. Вочы хлопчыка на карціне “Сунічка” глядзяць на нас даверліва і адкрыта. Дзіця яшчэ не ведае, што прыгожы лес хавае ў сабе небяспеку: суніцы забруджаны радыяцыяй... Сад у пакінутай чарнобыльскай вёсцы прымушае сэрца сціснуцца ад жалю...

Асобныя работы — гэта роздум пра сэнс жыцця, пра дабро і зло, гэта непрыняцце і асуджэнне бездухоўнасці ды насілля, гэта пропаведзь справядлівасці і дабра, гімн любові да ўсяго жывога на зямлі, спроба выратаваць свет праз прыгажосць...

Святлана КОШУР, старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея