На заклік дапамагчы Стайкам аператыўна адгукнуўся Рэспубліканскі штаб студатрадаў БРСМ, які азнаёміў з лістом свае структуры і выказаў гатоўнасць сфарміраваць добраахвотніцкі атрад для правядзення работ. Прапанова з просьбай аказаць садзейнічанне была накіравана ў Камітэт па культуры адміністрацыі Пскоўскай вобласці, у падраздзяленні, якія адказваюць за ахову помнікаў (такіх некалькі!), а затым і ў адміністрацыю Невельскага раёна. Даволі хутка ад першага намесніка кіраўніка адміністрацыі апошняга прыйшоў адказ, які пацвярджае гатоўнасць да "супрацоўніцтва з Беларускім рэспубліканскім штабам студэнцкіх атрадаў пры правядзенні работ на царкве Пакрову ў в. Стайкі", а таксама просіць удакладніць лік валанцёраў і пералік матэрыялаў.
Здавалася б, з’явіўся шанец выратаваць ад разбурэння калі не ўвесь помнік, то хаця б нейкія яго элементы. На жаль, сітуацыя з атрыманнем дазволу і навукова-арганізацыйнай ды фінансавай дапамогі ад Пскова склалася інакш. Нягледзячы на неаднаразовыя тэлефанаванні і электронныя лісты, ніякага адказу з красавіка месяца так і не паступіла. З тэлефонных размоў стала, аднак, зразумела, што, нягледзячы на папярэднія хадайніцтвы на адрас губернатара Турчака з боку мінскага прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы і Міністэрства культуры Беларусі, ніякіх работ у Стайках не плануецца, а на адрас названых органаў былі адпраўлены звычайныя адпіскі. Што ж да валанцёраў, то іх працу на помніку забараняе заканадаўства. І наогул, цэркваў у такім стане ў вобласці — дзясяткі. Зручная прычына, каб нічога не рабіць, нават калі табе прапануюць дапамогу, ці не праўда?..
Аляксандр ГОРДЗІН, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага Эрмітажа
Санкт-Пецярбург Расія