Райдар абласнога тэатра

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Рэпартаж сацыяльны і не вельмі: пра гастролі па летніках, статус артыста і план установы культуры

Лета для артыстаў абласных тэатраў праходзіць пад знакам гастрольных паездак. Але не ў Крым ці якое іншае замежжа, а па дзіцячых аздараўленчых летніках і цэнтрах. На адзін з такіх выездаў Мінскага абласнога драматычнага тэатра, што знаходзіцца ў Маладзечне, выправіўся карэспандэнт "К".

Вырашэнне транспартнай праблемы

Ад’езд з Маладзечна — а 10-й гадзіне. Першы спектакль "Казкі пра чырвоную стужачку" — а 12-й у Радашковічах, другі — а 17-й у Ждановічах. Больш дэталёвае знаёмства з маршрутам дазваляе пераканацца ў яго "спартыўным ухіле". Бо ў першым выпадку артысты выступаюць у аздараўленчым летніку "Брыганціна" на базе аднайменнага спартыўна-аздараўленчага комплексу, а ў другім — у звычайным аздараўленчым комплексе "Ракета", але ў... спартыўнай зале. Уявіць мне гэта цяжкавата, але ж — пабачым! Можа, у перапынку адпачнём дзесьці ў лесе? Праўда, надвор’е зусім не спрыяе: хмаркі, дожджык...

Едзем на дзвюх машынах, прычым абедзве — маёмасць тэатра, што ўжо само па сабе вялікая справа, бо праезд да месца выступлення і назад звычайна становіцца самай "непад’ёмнай" часткай гастролей. Асабліва гэта датычыцца творчых калектываў, якія ў адзін аўтамабіль (як правіла, уласны, часцей — кіраўніка) не пасадзіш. А тут — у невялічкім аўтобусе едуць артысты, у мікрааўтобусе — абсталяванне: сцэнаграфія ды іншыя прылады. Праўда, іх падазрона мала, думаю я, але ж у некаторых антрэпрыз бывае і менш: два крэслы і стол, дый тое іх "пазычаюць" у арганізатараў. А тут — усё па-сапраўднаму, ёсць нават тэатральнае святло: ажно два "пражэктары".

Ледзь рухаемся з месца — заўважаю, што ў тэатра нават аўто надзвычай "артыстычныя". Наш аўтобус выдае нейкія незразумелыя мне завыванні, якія, пэўна, можна "перакласці" як скаргі на цяжкасці жыцця.

— Вось на такой тэхніцы і ездзім, — усміхаецца вадзіцель. — Але і на тым дзякуй, бо без калёс было б зусім аніяк…

Падзякі — толькі ў кулуарах?

Уяўляю, якой радасцю для дзяцей павінен стацца прыезд артыстаў, малюю ва ўяўленні крыкі: "Едуць, едуць!". Тым больш, што схавацца немагчыма, на аўто — ганарлівы надпіс з завітушкамі: "Мінскі абласны драматычны тэатр". Ажно не: сустракаюць даволі спакойна, без аніякага ажыятажу. Гэтак жа спакойна, дарэчы, і праводзяць. Папляскалі дзеці ў далоні — і ўсё. Ад дарослых, якія іх суправаджаюць, можна пачуць хіба штосьці накшталт: "Першы атрад — выходзім, другі - прыгатавацца". Вядома, у кулуарах падзякі гучаць. У тых жа Ждановічах нейкі хлопчык, адкалоўшыся ад калектыву, рушыў да артыстаў: "Дзякуй вам вялікі! Вельмі спадабалася! А прыязджайце да нас яшчэ!". Але са сцэны (хаця і гэтае слова ў дачыненні да спартзалы ў "Ракеце" даволі ўмоўнае) — ні слоўца. І, не цяжка здагадацца, — ніводнай кветачкі, хаця б палявой, хаця ў бліжэйшым лесе сабраць букет не надта і складана. Артысты, можа, і прывыклі, а мне было неяк няёмка за іх: працавалі, працавалі — адно за так званыя "камандзіровачныя", якіх — "ажно" 22 тысячы, як ва ўсіх камандзіраваных на адзін день. Ці ж не крыўдна? А між тым, такім звыкла-побытавым стаўленнем да тэатра мы выхоўваем у дзецях "спажывецкае" стаўленне да яго. Маўляў, да нас прыехалі, нам паказалі, "паднеслі" ўсё на сподачку. Наша справа — хіба праглынуць. Чаго тады здзіўляцца, што і стаўшы дарослымі яны будуць хутчэй бегчы ў гардэроб, а не з кветкамі на сцэну…

Але ж трэба было бачыць, як гарэлі вочкі ў юных гледачоў! Стала ўжо традыцыяй назіраць у тэатрах, калі дзяцей вядуць класамі, шум, размовы, шамаценне абгорткаў ад чыпсаў ды цукерак. А тут — поўная цішыня. Думаю, не толькі з-за дысцыпліны, якую намагаюцца ўстанавіць выхавацелі. Сам спектакль "Казка" — папраўдзе цікавы, прымушае сачыць за героямі нават тады, калі амаль не чуваць, што яны гавораць. Апошняе становіцца асабліва відавочна ў "Ракеце", дзе акустыка — самі ведаеце, якая бывае ў спартзале.

Што паказвалі?

Дый у артыстаў ёсць час заняцца спортам, што яны і выкарыстоўваюць на поўную моц. Брыгада пераважна маладая. Нават "старых" — Карча Лысага ды Бабулю Ягу — іграюць 30-гадовыя Аляксей і Таццяна Карпец. Яно і правільна, бо Корч хоча ўзяць шлюб з Прыгажосцю Ненагляднай, і яго абаянне — як у Дон Жуана — тлумачыць, чаму ён не ажаніўся раней. А Бабуля Яга, што змяніла прафесію ды пачала гандляваць мяцёлкамі ўласнага вырабу, прагне памаладзець. Так што калі ў фінале Таццяна выходзіць у зухаватым капялюшыку, усе вераць: во як памаладзела!

Спартыўна-"накачаны" выгляд гэткага "сапраўднага мача" (праўда, крыху панурага) мае Алег Бабуль, які яшчэ толькі будзе паступаць у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. У спектаклі ж яму дасталася самая, бадай, цэнтральная роля — Івана Прастаты. Трэба бачыць, як ён артыстычна носіць на руках (па ролі, вядома) ледзь не ўсіх казачных персанажаў. Але ж і іншыя імкнуцца ў "ролі спартсменаў"! Дзяніс Фешчанка, які з падушкай на жываце іграе тоўстага, тлустага Дармаеда, спрытна мяцеліць баксёрскую грушу — не ў спектаклі, а перад ім, "дарваўшыся" да спартзалы. А Ала Цырук — паводле казкі, Хатка Бабы Ягі — вырабляе на турніку побач такія выкрунтасы, што яе можна ў зборную па гімнастыцы ўключаць: сорамна не будзе! Настасся Макарэвіч, якая нядаўна выйшла з дэкрэтнага адпачынку, робіць куды больш простыя практыкаванні — накшталт тых, што прапаноўваюцца для размінкі. Але ёй, што называецца, большага "па рангу" не дазволена: як-ніяк, яна ў спектаклі — Прыгажосць Ненаглядная.

— У мяне — самая лепшая роля! — гулліва прызнаецца артыстка. — Выходжу толькі ў канцы, калі мяне з бярозкі расчаруюць, а апладзіруюць — як усім!..

Без спартыўных замахаў застаецца хіба адзін з самых вядомых артыстаў тэатра Алег Чэчанеў. Але яму — таксама так "па рангу" наканавана. Ён — "трэнер", што "ў перакладзе" азначае — рэжысёр "Казкі пра чырвоную стужачку".

Колькі слоў пра райдар

— Наш тэхнічны райдар вельмі просты, — каментуе ён імправізаваны "ўрок фізкультуры". — Найперш — пляцоўка, на якую быў бы ўваход і выхад з розных бакоў. Месца, дзе можна пераапрануцца: калі не грымёркі, дык хаця б штосьці падобнае — можа, пакойчыкі, хаця б крэслы. А галоўнае — сцэнічная прастора павінна быць хаця б шэсць метраў у глыбіню, каб можна было размясціць і заслону, і заднік, і каб яшчэ заставалася пляцовачка для танцаў, бо ў спектаклі іх шмат…

Назіраючы, як усталёўваюць сцэнаграфію, можна толькі здзіўляцца: нейкія скруткі, банеры — як жа з усяго гэтага ўзнікне таямніца тэатра? Ажно не: літаральна колькі рухаў — і ўсё ажывае. На задніку намаляваны лес, дзе, як не цяжка здагадацца, адбываецца асноўнае дзеянне п’есы. Дрэвы, у якія ператвараюцца некаторыя героі, нагадваюць дарожныя знакі: на металічнай трубцы, што прымацавана да круглай падстаўкі, — плоскі кружок "дзьмухаўца", размаляванага "пад бярозу" ці "пад дуб" (праўда, засохлы). Ёсць і завеса, прычым пашытая з асобных абрэзкаў тканіны — па вясковай тэхналогіі, якую зараз падхапілі модныя агенцтвы. Набор кавалачкаў-"лапікаў" — самы пярэсты ды рознафарматны: клетачкі, кветачкі, іншыя малюнкі, ёсць нават не з намаляванай, а з прышытай маленькай кішэнькай, зашпіленай на гузік, як гэта бывае на кашулях. Але ж як густоўна падабраны ўсе фрагменты! Відавочна, што над усім гэтым працавалі прафесійныя вочы ды рукі.

— Усё так і ёсць, — пацвярджае Алег Чэчанеў. — Заслону вырабіла наша мастачка-бутафор Таццяна Каляда. Дарэчы, заўважаныя вамі "кішэні ад кашулі" (а тыя кавалкі — сапраўды ад кашулі) — яе вынаходніцтва: утвараецца нейкае адчуванне ўтульнасці, гэткага "хатняга" тэатра — эксклюзіўнага, толькі для "сваёй" аўдыторыі. Спачатку заслону хацелі, бы ў хаце — фіранкі, адчыняць-зачыняць проста рукой. Але навошта нам гэтая "самадзейнасць"? Калі ўжо няма механізма накшталт "пацягнуць за вяровачку", як у жалюзі, дык прымацавалі палачку, якой можна незаўважна перасунуць кольцы. Павінна ж быць у казцы, хай і "хатняй", таямніца...

Гэтак жа "па-хатняму" выкарыстоўваецца і пазасцэнічная прастора. Артысты спрытна абжываюць усё, што ні здойдуць. У "Ракеце", да прыкладу, гэта стол для настольнага тэніса, куды можна пакласці сцэнічныя строі. А яшчэ вузенькія шафкі, амаль як у дзіцячых садках, куды можна скласці ці папросту запхаць (як у каго атрымаецца) вулічнае адзенне.

— Прыехалі неяк, — расказваюць артысты, — у адну школу мастацтваў, а нас у класы не пускаюць пераапранацца: маўляў, "антыпедагагічна"! Бо тут дзеці займаюцца, а вы бутэлькі пакінеце, смурод алкагольны такі разведзяце, што не выветрыш! І ўвогуле, параскідаеце тут нам усё, паб’яце, зламаеце... Так крыўдна было, проста жах, а нам у адказ: вось, прыязджалі тут да вас усялякія... Ну як давесці, што мы — не "ўсялякія"?..

Я і сама не ведаю, як. Таму працягваю распытваць, спадзеючыся, што расказаная гісторыя — не толькі не самая паказальная, але і выключэнне з правілаў, вытрыманых па наступнай формуле: "абагрэць-пачаставаць".

— Ну, апошнім разам нас частавалі, — смяюцца "старажылы", — гадоў пяць таму. Зараз іншыя традыцыі, дый дзіцячыя ўстановы — не самае, мабыць, прыдатнае для гэтага месца…

Узгадваю аповеды эстрадных салістаў пра тое, як іх сустракаюць у вёсках ды мястэчках, дзе літаральна кожны нясе хоць які, але падарунак. Сярод апошніх, дарэчы, бываюць і хатнія жывёліны, ажно да жывога парсючка, з якім не вядома, што рабіць: забіць — шкада, трымаць — няма дзе. Даводзіцца перадорваць. Драматычным артыстам, як бачым, шанцуе менш: пасля спектакля ніхто "не пазнае".

— Няпраўда! — аспрэчвае мяне Алег Чэчанеў. — Неяк на Вілейшчыне падышла да мяне жанчына з двума дзецьмі — хлопчыкам і дзяўчынкай. Хлопчык — нейкі засяроджаны. А жанчына і кажа: "У майго сына — аўтызм, і ваш спектакль — першы, які ён даглядзеў да канца". Дзеля такога і трэба працаваць!..

Так і хочацца завяршыць рэпартаж на гэтых высокіх словах, вымаўленых абсалютна шчыра, без аніякага тэатральнага пафасу. І дадаць хіба тое, што сёлета традыцыйныя выезды тэатра праходзяць пад знакам летніх акцый, падтрыманых Маладзечанскім райвыканкамам: "Разумныя канікулы: адпачывай, закаляйся, развівайся" і "Разумныя канікулы на Міншчыне". Але ж ёсць ва ўсім гэтым і зваротны бок медаля: без летніх вандровак (як, дарэчы, і без зімовых ранішнікаў, што здараюцца нават па тры на дзень) тэатр ніколі не выканае план — 240 спектакляў на год. За адзін толькі чэрвень — 28 выездаў. Праўда, "Казка пра чырвоную стужачку" пастаўлена на два склады артыстаў, якія змяняюцца. Але ўсё роўна, нагрузкі — вялікія. Тым больш, што і сам спектакль — гадзіна скокаў, сцэнічных боек і пастаяннага руху. Але — стоп! Рэцэнзію на яго чытайце ў адным з наступных нумароў "К".

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Маладзечанскі раён — Мінскі раён — Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"