Навошта Рагнеду “пасялілі” ў Міры?

№ 51 (817) 22.12.2007 - 28.12.2007 г

Семінар-практыкум “Роля і значэнне аб’ектаў ЮНЕСКО ў развіцці малых гарадоў Беларусі” прайшоў у Міры і Нясвіжы 18 снежня. Яго арганізатарам выступіла Нацыянальнае агенцтва па турызме па даручэнні Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Да ўдзелу ў семінары былі запрошаны старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКО Уладзімір Шчасны, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея РБ Уладзімір Пракапцоў, навуковы кіраўнік Замкавага комплексу “Мір” Дзмітрый Бубноўскі, спецыялісты Міністэрства эканомікі і Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва РБ, прадстаўнікі адміністрацыі Карэліцкага, Нясвіжскага, Пастаўскага, Ашмянскага раёнаў, кіраўнікі турыстычных фірм, навукоўцы, музейныя работнікі.

 /i/content/pi/cult/142/901/Ragneda1.jpg

Экскурсію ў ратушы вядзе Святлана Пушачкіна.

Гэтым разам у цэнтры ўвагі апынуліся не столькі самі нашы славутыя Мірскі замак і рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы, колькі турыстычная інфраструктура, якая ствараецца вакол іх. Што трэба сучасным турыстам, айчынным і замежным, акрамя ўласна знаёмства з помнікамі і музеямі? Смачна пад’есці, пажадана — мясцовых страў, якіх нідзе больш не пакаштуеш, з камфортам пераначаваць у гасцініцы, цікава і разнастайна правесці час, каб падарожжа пакінула прыемныя ўспаміны, набыць сувеніры…
З наведвання кафэ “Рагнеда” ў цэнтры гарадскога пасёлка Мір і пачалася праца семінара. Зрэшты, ужо пры першым поглядзе на шыльду ўзнікае пытанне: чаму такая назва? У адказ мы пачулі: калісьці прапанаваў райспажыўсаюз. Але ж ніякага дачынення да гісторыі Міра палачанка Рагнеда не мела, дый нягожа, як нам здаецца, імем жанчыны з трагічным лёсам, якая ўрэшце прыняла пострыг, называць кафэ. Куды болей яму пасавала б шыльда, скажам, “У Святаполк-Мірскага”.
Якімі ж беларускімі стравамі тут частуюць? Баршчом, катлетай па-гарадзенску, дранікамі з мясам…
Не надта арыгінальна. Работнікі кафе кажуць, што апошнім часам яны спрабуюць адысці ад стэрэатыпаў савецкага рэстараннага меню. Ды, відаць, ніколі не трымалі яны ў руках “Літоўскую гаспадыню”, не дапытваліся пра хатнія рэцэпты ва ўвішных мірскіх жанок. Як высветлілася, і высокакваліфікаванага кухара ў пасёлку знайсці няпроста.
А ў будынку каля касцёла св. Мікалая, былой плябаніі, рыхтуецца да адкрыцця невялічкае прыватнае кафэ “Дарога замкаў”. Маладыя прадпрымальнікі ўклалі нямала ўласных сіл і сродкаў у рамонт старога дома, аформілі інтэр’еры на старадаўні лад. І раптам мясцовае каталіцкае духавенства звярнулася з просьбай аб вяртанні плябаніі.
“Мы не супраць, — кажуць на гэта гаспадары, — але няхай нам кампенсуюць усе затрачаныя грошы…”
Гатэль “Мір” працуе з 2002 года. У яго 14-ці нумарах могуць размясціцца 25 чалавек. Ёсць нумары “люкс” — адна- і двухмесныя. У гатэлі ёсць бар, але на момант візіту ўдзельнікаў семінару ён не працаваў.
Зрэшты, пакуль пераважная большасць турыстаў паспявае агледзець усе адметнасці Міра за адзін дзень. Рэдка хто з іх затрымліваецца даўжэй, асабліва ў халодны сезон.
Нядаўна пачала дзейнічаць у Міры і прыватная гасцініца. Гэты “заезджы двор” на вуліцы Піянерскай вылучаецца акуратным плотам і сімпатычнымі ружовымі пабудовамі.
Тут могуць размясціцца чалавек 10. У двары ёсць сапраўдная студня, а гаспадар абяцае ў хуткім часе дадаткова абсталяваць гасцявыя пакоі на другім паверсе і лазню.

 /i/content/pi/cult/142/901/Ragneda2.jpg

Удзельнікі семінара каля кафе “Рагнеда”.

Віктар Сакіль, вядомы тутэйшы нумізмат, вырашыў адкрыць прыватны музей. Падрыхтаваў для паказу археалагічныя прадметы, побытавыя рэчы, кнігі і дакументы, сабраныя ў міран, сведчанні апошняй вайны — гарматны ствол, асколкі снарадаў. І, вядома ж, калекцыі грошай. Уладзімір Шчасны, азнаёміўшыся з гэтым зборам, даў гаспадару некалькі слушных парад. Наўрад ці выклікае цікавасць маленькі музей, які ў сціслым выглядзе будзе тэматычна паўтараць экспазіцыю Мірскага замка. Арыгінальным ходам было б адлюстраваць у ім гісторыю мірскага яўрэйства і, у прыватнасці, распавесці пра Саламона Маймана — навукоўца і філосафа з міжнароднай вядомасцю, народжанага непадалёк ад Міра.
Нарэшце, што можна прывезці з Міра на памяць пра вандроўку? У кіёску на ўваходзе ў замак наведвальнікам прапануецца рэкламная і сувенірная прадукцыя, але асартымент пакуль не надта разнастайны.
Затое якіх толькі вырабаў няма ў музеі мастацкага ПТВ-234 рэстаўрацыйных работ, куды запрасіў удзельнікаў семінара дырэктар вучылішча Уладзімір Кадлубай! Тут сабраны лепшыя дыпломныя працы навучэнцаў — і макеты Мірскага замка, і дэкаратыўны посуд, і разьба па дрэве…
У ПТВ таксама завітваюць экскурсіі. Вялікай групе прапануюць падзяліцца на дзве часткі, і пакуль адны госці знаёмяцца з музеем, другія глядзяць прадстаўленне славутай Мірскай батлейкі. У вытворчых майстэрнях ПТВ можна было б наладзіць выраб арыгінальных сувеніраў, але атрыманне ліцэнзіі на іх продаж — клапатлівая справа, і гэта стрымлівае адміністрацыю вучылішча.
Дарэчы, днямі споўнілася 15 гадоў навейшай гісторыі Мірскага замка — у якасці філіяла. За гэты час зроблена сапраўды тытанічная праца па яго адраджэнні, якая дазволіла ўключыць наш помнік у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКО. З нагоды юбілейнай даты ў княжацкай сталовай замка, якая яшчэ не набыла свайго канчатковага аблічча, Уладзімір Пракапцоў уручыў Ганаровыя граматы Міністэрства культуры РБ загадчыкам сектараў філіяла НММ “Замкавы комплекс “Мір” Ігару Ложачніку і Людміле Пракапенка, а таксама граматы Нацыянальнага мастацкага музея — чатыром супрацоўнікам, якія добрасумленна нясуць у замку штодзённую музейную службу.
А перад калектывам музея паўстаюць не менш складаныя задачы музеефікацыі замка, падобнага досведу ў музейнай справе краіны яшчэ не было. Нагадаем, што канчатковая здача замка ў эксплуатацыю прызначана на 2009 г. Капліца Святаполк-Мірскіх павінна адкрыцца для агляду ўжо напрыканцы наступнага года.
Пакуль Нясвіж па развіцці інфраструктуры абслугоўвання значна апераджае Мір.
Як паведаміў намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Майсеня, у горадзе працуюць 2 рэстараны, 5 кафэ, некалькі сталовых. Адначасова ўсе яны могуць абслугоўваць да 400 чалавек. Нядаўна абсталявана аўтастаянка, неўзабаве будуць уведзены ў дзеянне станцыя тэхабслугоўвання аўтамабіляў і мыйка. У праекце — прыбудова да Дома культуры на 700 месцаў. Ёсць дамова з інвестарамі на будаўніцтва гасцініцы і турбазы паблізу радзівілаўскіх паркаў. Дарэчы, каб забяспечыць правільны іх догляд, аднаўляецца спецыялізаваны “Зелянбуд”.
Праграма развіцця турыстычнай зоны прадугледжвае будаўніцтва паблізу англійскага парку манежа для коннай язды. А яшчэ ў нясвіжскіх улад ёсць смелая задума: набыць дэльталёт і лёгкі самалёт і запрашаць смельчакоў у палёты вакол рэзідэнцыі Радзівілаў, а таксама па маршруце “Нясвіж — Мір”.
“З неба на зямлю” вярнуў размову У.Шчасны, заўважыўшы, што пакуль у горадзе цяжка заўважыць знакі паркоўкі, што стварае нязручнасці для аўтамабілістаў.
Ды яшчэ патрэбна размясціць у цэнтры Нясвіжа яго карту з указаннем усіх адметнасцей.
Праўда, нарэшце прыпаркаваўшыся, турысты ў Нясвіжы могуць пакарыстацца і іншымі відамітранспарту: пракаціцца па алеях парку на параконным экіпажы ці ў вясёлых рознакаляровых вагончыках. Гэта даспадобы і дарослым, і дзецям. Для маленькіх гасцей Нясвіжа ўсталявана яшчэ і пляцоўка атракцыёнаў насупраць выставачнай залы.
Удзельнікі семінара пабывалі на экскурсіі ў ратушы, якую праводзіла навуковы супрацоўнік Нясвіжскага гісторыка— культурнага музея-запаведніка Святлана Пушачкіна. Экспазіцыя ў 5-ці залах адлюстроўвае ўсе бакі дзейнасці ратушы ў горадзе з магдэбургскім правам, а фігуры казначэя і войта з першага погляду здаюцца жывымі, і многія наведвальнікі спяшаюцца з імі сфатаграфавацца.
Па выніках убачанага адбылося пленарнае пасяджэнне семінара, якое вёў дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віктар Янкавенка. Ён абвясціў, што па даручэнні Прэзідэнта краіны рыхтуюцца змены ў заканадаўстве, якія павінны дапамагчы вырашаць праблемы развіцця малых прадпрыемстваў, паспрыяць росту дробнага бізнесу, у тым ліку ў турыстычнай галіне.
— Перад намі пастаўлена задача: доля прыбытку ад турыстычных паслуг у гадавым ВУП краіны павінна складаць 5%, — падкрэсліў В.Янкавенка. — Пакуль жа яна дасягнула толькі 2%. Пры гэтым 70% турыстычных паслуг аказваюць турыстычныя агенцтвы Мінска, яны прапануюць маршруты па ўсёй рэспубліцы. Мы ж зацікаўлены ў стварэнні моцнай турыстычнай базы ў раёнах, каб яны не залежалі ад буйных рэспубліканскіх і абласных турфірм.
Адкрыць турыстычную фірму цяпер мае права грамадзянін з вышэйшай адукацыяй любога профілю або з трохгадовым стажам працы ў турыстычнай галіне. Створана сетка цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцкай дзейнасці, так, у Гродзенскай вобласці іх 3, у Мінскай — 2.
Наладжванне культурнага турызму на ўзроўні, адпаведным міжнародным патрабаванням — гэта новы досвед для нашай краіны. Поспех тут залежыць як ад ініцыятывы на месцах, так і ад разумення і падтрымкі ўладных структур. У ходзе семінара яго ўдзельнікі выказалі канструктыўныя прапановы, якія будуць накіраваны ў адпаведныя міністэрствы і ведамствы.

Святлана ІШЧАНКА,
наш спецкар.
Мінск — Мір — Нясвіж — Мінск
Фота аўтара