Францыя
Так, у Парыжы ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося адкрыццё выстаўкі работ трох беларускіх мастакоў: Віктара Альшэўскага, Георгія Скрыпнічэнкі і Кастуся Качана. Таксама ў Пасольстве Беларусі ў Францыі пад час урачыстага прыёму выступіў фальклорны калектыў Белдзяржфілармоніі “Купалiнка”.
Аргенціна
Не забываюць пра Беларусь і ў далёкай Аргенціне: днямі там прайшло беларускае свята, прысвечанае Дню Незалежнасці. Ва ўрачыстым прыёме прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Аргенціны, мэрыі Буэнас-Айрэсу, беларускай дыяспары, дзелавых кругоў і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.
Расія
Тым часам беларуская супольнасць Самары адзначыла Дзень Незалежнасці на Радзіме. У прыватнасці, у Мінску адбыўся канцэрт беларускага вакальнага ансамбля “Каданс” Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000” пад кіраўніцтвам Алены Дзмітрыевай.
Кіраўнік аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў Хабараўску Уладзімір Максімаў правёў рабочую сустрэчу з першым намеснікам міністра культуры Хабараўскага краю Вольгай Сіненка. У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся пытанні арганізацыі і правядзення на пачатку ліпеня ў сяле Палётнага раёна імя Лазо Хабараўскага краю Дня беларускай фальклорнай культуры. У сяле пражывае больш за 600 нашчадкаў першых беларускіх перасяленцаў на Далёкі Усход Расіі.
Азербайджан
У Нацыянальным музеі гісторыі Азербайджана адбылася прэзентацыя кнігі “Яны змагаліся за Беларусь”. У дакументальна-гістарычным выданні, падрыхтаваным на аснове архіўных даных, публікацый у прэсе, успамінаў ветэранаў, расказваецца пра ўдзел азербайджанцаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі Беларусі пад час Вялікай Айчыннай вайны.
Вялікабрытанія
Зацікаўленасць у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў адукацыйнай і культурнай сферах выказалі Пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі Сяргей Алейнік і лорд-мэр лонданскага Сіці Роджар Гіфард. У ходзе двухбаковай размовы бакі выказалі ўзаемны інтарэс у правядзенні сумесных праектаў, а таксама намецілі крокі па актывізацыі кантактаў паміж дзелавымі і культурнымі коламі дзвюх краін.
Іспанія
Таленавітая салістка ўзорнай дзіцячай студыі эстраднай песні “Форум” Цэнтра культуры “Віцебск” Вів’ен Сабі заняла ІІ месца на IX Міжнародным конкурсе “Opus”, які прайшоў у іспанскім горадзе Лорэт дэ Мар.
Бразілія
Дакументальны фільм Кацярыны Махавай “Асаблівы тэатр. У пошуках шчасця” будзе прадстаўлены ў конкурснай праграме VI Міжнароднага кінафестывалю фільмаў пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Бразіліі, які пройдзе з 20 жніўня па 1 верасня ў сталіцы краіны Бразіліа, а таксама ў Рыа-дэ-Жанейра і Сан-Паўлу. Фільм расказвае пра тэатр “Мімоза”, што дае шанц раскрыць ды рэалізаваць творчыя здольнасці людзям з абмежаванымі магчымасцямі.