“La Belle Ligne Сорына пастаіць за сябе…”

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Як полацкі юнак узышоў на Алімп мастацтва

(Працяг. Пачатак  у №№ 22 — 25 за 2013 г.)

…У 1900-я — 1910-я Савелій Сорын стварыў мноства акварэльных, пастэльных і алейных партрэтаў знакамітых людзей — дзеячаў культуры і прадстаўнікоў “вышэйшага свету”, у тым ліку княгіні Вольгі Арловай, князя Сяргея Валконскага, графіні Элізо Дадзіяні, драматычнага акцёра Роберта Адэльгейма. Творы Сорына ў 1911 годзе экспануюцца на Сусветнай выстаўцы ў Рыме, потым — на выстаўках “Мира искусств” і Новага таварыства мастакоў у Петраградзе; рэпрадукцыі іх з’яўляюцца ў часопісах “Аполлон”, “Солнце России”, “Столица и усадьба”.

Пасля 1917-га, пакінуўшы свае пакоі ў пецярбургскім доме № 83 на Екацярынаўскім канале, разам з маладой жонкай Ганнай Сцяпанаўнай Сорынай з’ехаў у Ялту, далей ад рэвалюцыйнай смуты. Адтуль — у Тыфліс, Батумі і зноў — у Ялту. І там сустракаецца ды сябруе з А.Вярцінскім, які спяваў свае “арыэткі” ў касцюме П’еро, кубафутурыстам В.Каменскім, мастаком С.Судзейкіным, журналістам А.Аверчанкам, паэтамі М.Агніўцавым і С.Клычковым. Словам, кампанія была разнашэрсная, але таленавітая і вясёлая, пакуль не грымнуў гром і хутка трэба было вырашаць: ці заставацца на свой страх у бальшавісцкай Расіі, ці на параходах плысці праз Канстанцінопаль — у невядомую “зачарованную даль” (як у Ясеніна), хто куды (у асноўным, эмігранты выбіралі Францыю, Югаславію, Чэхію, Амерыку). 42-гадовы Сорын асталяваўся ў Парыжы, а хто застаўся ў Краіне Саветаў, як Клычкоў, напрыклад, атрымаў у час сталінскага “вялікага тэрору” пулю ці ГУЛАГ…

/i/content/pi/cult/433/9002/2-1.jpeg

С.Сорын. Партрэт балерыны Ганны Паўлавай.

У эміграцыі мастак, у адрозненне ад многіх сваіх калег, нават такіх знакамітых у Расіі, як К.Каровін і Б.Грыгор’еў, вельмі хутка набыў шырокую вядомасць. Ён ніколі не пакутаваў па адсутнасці заказаў, якія сыпаліся на яго, як з рога дастатку, і, разам з тым, быў вельмі патрабавальным да сябе ў творчым плане. Пейзажаў ды нацюрмортаў ён амаль не пісаў, хаця пейзаж часам прысутнічае ў партрэтах як дапаможны фон. Проста, Сорын ведаў, што партрэт — найбольш моцны бок яго таленту, дык навошта разьменьвацца на “дробязі”? І — свядома проціпастаўляў сябе авангардным плыням. Гэта таксама “прыкмета часу”, калі ў эпоху нашэсця “левага мастацтва” мастакі-акадэмісты часта сыходзяць у цень. Тое, на мой погляд, — гістарычнае непаразуменне.

Аднак і тут Сорын у цень не сышоў — яго “акадэмізм”, за рэдкім выключэннем, прымалі і тыя, і іншыя. Канешне ж, спрэчкі пра якасць сорынскіх партрэтаў заўсёды былі (а якое ж мастацтва без спрэчак?): хтосьці імі захапляўся, іншыя выклікалі нездаволенасць крытыкаў сваёй “салоннасцю” і “яўным акадэмізмам”, часам былі нават насмешкі, кпіны. Сёння, калі ўсё заблыталася, змяшалася ў сусветным “доме” мастацтваў, нішто не перашкаджае нам пабачыць несумненныя сталыя годнасці зграбнай, элегантнай, вытанчанай сорынскай манеры.

Яго першыя выступленні на пачатку 20-х гадоў на выстаўках у Парыжы і Лондане мелі бліскучы поспех. Натхнёныя, беззаганныя паводле майстэрства партрэты пакуль нікому не вядомага мастака прывабілі агульную ўвагу. На фоне агрубелых вобразаў авангарднага мастацтва нечаканым быў зварот да класічнай традыцыі, рэпрэзентатыўнасці, буйной партрэтна-карціннай формы. Здзіўляла і навізна аўтарскай змяшанай тэхнікі, заснаванай на строгім алоўкавым малюнку з выкарыстаннем акварэлі, пастэлі альбо тэмперы, у залежнасці ад таго або іншага ўбачанага аўтарам вобраза мадэлі. З’явілася хвалебная прэса. А вялікі артыкул у лонданскім часопісе “Studio” прынёс мастаку першы буйны каралеўскі заказ. У мастацкіх колах казалі, што “лорды і лэдзі стаялі ў чарзе да яго мальберта”.

Такі поспех не закружыў мастаку галаву. Ён упарта і няспынна ўдасканальваў свой стыль. Не парываў з Расіяй; дапамагаў чым мог савецкім мастакам. Так, у 1924-м Сорын аказаў значную паслугу выстаўцы рускага жывапісу, што была адпраўлена ў ЗША з Масквы ў надзеі на фінансавы поспех для падтрымкі аўтараў. Але такая акцыя сустрэла ў Нью-Ёрку перашкоды, якія пагражалі правалам. І тады Сорын арганізаваў удалае прасоўванне выстаўкі па розных гарадах краіны. У цяжкія для савецкай Расіі гады таксама дапамагаў мастакам матэрыяламі для творчасці.

У лісце ад 30 чэрвеня 1936 года, незадоўга да смерці на чужыне, цудоўны арыгінальны жывапісец Барыс Грыгор’еў пісаў Сяргею Судзейкіну: “Мы з табой засталіся такімі ж геніямі, якімі былі народжаны. Скажы Сорыну, што і ён увайшоў у маю душу, ён чуллівы і добры...”

Сорынская слава бліскучага салоннага партрэтыста дайшла і да ЗША, куды з часам мастак стаў часта ездзіць, і дзе, у рэшце рэшт, ён і асталяваўся пасля Другой сусветнай вайны, стаўшы, так бы мовіць, паўнацэнным “амерыканскім мастаком”. Тут, пад Нью-Ёркам, за тысячы кіламетраў ад роднага Полацка, 22 лістапада 1953-га ён і знайшоў месца вечнага спачыну…

/i/content/pi/cult/433/9002/2-2.jpeg

С.Сорын. Партрэт жонкі Ганны Сорынай.

Але да гэтага журботнага дня было яшчэ далёка. А як Сорын “прамяняў” Парыж на “жалезны Міргарад”? Таксама проста, без праблем, як калісьці Полацк — на Адэсу, Адэсу — на Пецярбург, Пецярбург — на Ялту, Ялту — на Парыж. “Грамадзянін свету”? Магчыма. Гэта яму ўдалося — у адрозненне, напрыклад, ад ягоных сяброў-эмігрантаў А.Купрына, К.Каровіна, Ф.Шаляпіна, таго ж Б.Грыгор’ева, якія так і не прыжыліся на чужой зямлі…

І тым не менш, Сорын да канца жыцця адчуваў сваю сувязь з Расіяй, ахвотна сустракаўся са сваімі суайчыннікамі, што жылі ў Еўропе або прыязджалі ў Еўропу і ЗША: з М.Шагалам, Ж.Ліпшыцам, П.Канчалоўскім, Р.Фалькам, В.Шухаевым, Ю.Аненкавым, К.Пятровым-Водкіным, А.Якаўлевым. А яшчэ ў сваім завяшчанні Савелій Сорын прасіў жонку адправіць у дар музеям СССР 20 сваіх лепшых работ, у тым ліку партрэты Ф.Шаляпіна, А.Бенуа, М.Фокіна, А.Лур’е, Г.Сорынай. Ганна Сцяпанаўна апошняе жаданне мужа выканала, праўда, толькі праз дваццаць гадоў пасля яго смерці, калі пачала даваць трэшчыны “жалезная заслона”. Распараджэннем Міністэрства культуры СССР дар Сорына быў перададзены ў фонды Траццякоўкі. Аднак волі нябожчыка гэта адпавядала толькі часткова: не адзінаму, а — некалькім “музеям СССР”.

Беларусь тады была ў складзе Саюза, магла прэтэндаваць на тыя або іншыя творы. Дзяржаўны мастацкі музей БССР — тым больш. Вось Мастацкі музей горада Данецка (Украіна) “запрасіў” для экспазіцыі шэсць работ Сорына (усё ж творца вучыўся ў Адэсе!), і летам 1978-га яны былі перададзены яму на пастаяннае захаванне. Наш жа Мінск, не кажучы пра Полацк, нават не спрабаваў “запрасіць” у Кацярыны Фурцавай, тагачаснага міністра культуры Саюза, хаця б дзве-тры работы Сорына для Беларусі…

Вось што піша вядомы журналіст і пісьменнік Леанід Млечын у сваёй кнізе пра Фурцаву з серыі “Жыццё знакамітых людзей”: “Дзякуючы ўменню Кацярыны Аляксееўны сябраваць Траццякоўская галерэя атрымала карціны з калекцыі мастака Савелія Абрамавіча Сорына, які пакінуў Расію ў Грамадзянскую вайну, вучня Ільі Рэпіна. Савелій Сорын, вядомы жывапісец-партрэтыст, рысаваў знакамітых еўрапейцаў. Яго ўдава Ганна Сцяпанаўна зблізілася з міністрам культуры і прывезла ў Расію не толькі творы нябожчыка мужа, але і малюнкі Аляксандра Мікалаевіча Бенуа, які з 1926 года жыў у Францыі…” У ліку падораных палотнаў быў і партрэт Г.С. Сорынай.

Дарэчы, партрэт сваёй жонкі мастак напісаў у 1943-м у Нью-Ёрку. Вельмі удалы твор. Маляўнічасць, цудоўная ігра колеравых кантрастаў, вясёлая звонкая гама адлюстроўваюць настрой аўтара і яго стаўленне да мадэлі. А які элегантны малюнак яе рук, рытм ліній, погляд, што падкрэсліваюць жывы темперамент жыццярадаснай і непасрэднай жанчыны з ледзь заўважнай хітрай усмешкай!..

...Амерыканская старонка жыцця Сорына пачыналася з таго, што яго “прыгрэў” багаты мецэнат Неру Кон, які ўвёў яго ў вядомую нью-ёркскую студыю Роберта Чанлера (Ніжні Манхэтан). Тут тусавалася практычна ўся вышэйшая амерыканская культурная эліта, што даволі хутка прыняла “рускага” мастака за свайго і адкрыла перад ім усе дзверы ў новы свет. А далей, як кажуць, “справа тэхнікі” — у прамым, творчым, і пераносным, быційным, сэнсе слова: штодзённая праца ў майстэрні, заказы, мастацкія вернісажы, захапленне тэатрам і музыкай, сустрэчы з сябрамі ды будучымі персанажамі сваіх палотнаў... Так было заўсёды — і ў Еўропе, і ў ЗША…

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"