Чаму маем адзін археалагічны музей?

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Пра эксклюзіў "Бярэсця", парк Стаброўскага і патэнцыял шахт

Вядомы навуковец Леанід Калядзінскі — аўтар кнігі “Уводзіны ў археалогію”, што нядаўна выйшла з друку. У выданні шмат спасылак на ўласны і сусветны досвед. У адным з раздзелаў аўтар распавядае пра тое, як захоўваюць помнікі археалогіі, інакш кажучы — пра іх музеефікацыю...

Сёння ў Беларусі музеефікаваны рэшткі полацкай Сафіі ХІ ст., убачыць якія сёння можна ў сутарэнні Сафійскага сабора XVIII ст., Ніжняй царквы ХІІ ст. у Гродне (над ёй узведзены драўляны павільён), і рэшткі тураўскага храма ХІІ ст., перакрытага павеццю са шкла і бетону. З музеефікаваных помнікаў абарончага дойлідства варта згадаць рэшткі Нарожнай вежы XIV — XVI стст. у Віцебску, дзе ўзведзены павільён у стылі вежы XVI ст.

/i/content/pi/cult/433/9000/1-1.jpeg

Археалагічны комплекс "Бярэсце".

Прыклады тычацца мураванай забудовы. Аднак большасць гарадоў лясной паласы Усходняй Еўропы (а ў Старажытнай Русі — усе гарады) мела драўляную забудову, за выключэннем, бадай, культавых пабудоў і — у рэдкіх выпадках — дамоў князёў, баяраў, епіскапаў. Першая спроба музеефікаваць участкі драўлянай забудовы старажытнарускага часу адносіцца да 1910-га, калі М.Рэрых і М.Макаранка правялі раскопкі на Рурыкавым гарадзішчы пад Ноўгарадам і ў мясцовым Крамлі. Але раскоп у хуткім часе давялося засыпаць…

Упершыню музеефікацыя рэшткаў драўлянай забудовы старажытнарускага горада была ажыцёўлена ў Беларусі на працягу 1970-х гадоў мінулага стагоддзя. У нашай краіне тады быў вынайдзены спосаб кансервацыі вільготнай археалагічнай драўніны. А пры раскопках гарадзішча летапіснага Берасця, былі выяўлены пабудовы, якія захаваліся на 5-6 і нават на 10-12 вянкоў вышыні зруба — па сутнасці, на сваёй першапачатковай вышыні, чаго нідзе, акрамя як у Віцебску (на колішнім Верхнім замку), не фіксавалася. Гэта дало падставы прыняць рашэнне аб стварэнні археалагічнага музея “Бярэсце”, які быў адкрыты ў 1982-м — амаль праз два дзясяткі гадоў пасля пачатку раскопак на гарадзішчы. Экспазіцыйная плошча складае 1832 кв. м. Яна ўключае тры дзясяткі драўляных пабудоў XIII ст., участкі некалькіх маставых, выкладзеных з дошак, бярвенняў і аполкаў, дваровых вымастак і вастраколаў.

Пры кансервацыі ўскрытыя канструкцыі не разбіраліся. Наўкол раскопа экспануюцца выяўленыя артэфакты XI — XIV стст., якіх у фондах і ў экспазіцыі музея налічвалася каля 40 тысяч адзінак.

Аналагічнае рашэнне аб стварэнні археалагічнага музея было прынята Урадам рэспублікі ў 1980 г. адносна Віцебска. Тут — на тэрыторыі колішняга Верхняга замка — археалагічнымі раскопкамі 1978-га былі ўскрыты ўчасткі з рэшткамі гарадской драўлянай забудовы XIII — XIV стст. на плошчы звыш 600 кв. м. Асобныя пабудовы мелі захаванасць па 5-6 вянкоў вышыні зрубаў, добра захаваліся ўчасткі вуліц, дваровыя вымасткі і вастраколы. Іх перакрылі часовым навесам. Тое і дало падставы планаваць тут стацыянарны археалагічны музей старажытнага Віцебска. Але праз дзесяць гадоў часовы навес разабралі і раскоп засыпалі…

Музейная ініцыятыва падтрымана Саветам Міністраў БССР і па мінскім замчышчы ў 1987-м, дзе раскопкамі 1984 — 1985 гг. на месцы будучай станцыі мятро “Няміга” ўскрылі драўляную забудову Мінска XII — XIII стст., прадстаўленую рэшткамі ўмацаванняў, жылымі ды гаспадарчымі пабудовамі. Але і гэтае рашэнне аб музеефікацыі не было ўвасоблена. Асноўныя прычыны — адсутнасць у БССР падраздзялення для работ па кансервацыі драўніны і недахоп сродкаў на праектаванне ды будаўніцтва павільёнаў. Такім чынам, Археалагічны комплекс “Бярэсце” застаецца пакуль адзіным у свеце аб’ектам, дзе музеефікаваны рэшткі драўлянай забудовы ўсходнеславянскага горада.

Меліся спробы стварэння і археалагічных паркаў — помнікаў археалогіі, якія прызначаліся для экспанавання ды вывучэння. Так, у 1930 г. у маёнтку Орлавічы, што каля Слоніма, на плошчы ў 1 га мелася каля паўсотні курганоў, якім пагражала паступовае знішчэнне. Дзякуючы намаганням археолага і краязнаўцы І.Стаброўскага мясцовыя ўлады спынілі разбурэнне курганоў, узялі іх пад ахову і разбілі тут археалагічны парк.

Цікавасць выклікае помнік палеаліту, што знаходзіцца ў Юравічах на Калінкавіччыне. Ён размешчаны на вяршыні 30-метровага мыса, адкуль тагачасныя людзі скідвалі мамантаў. А на вышыні 15 метраў ад падэшвы мыса, на ўзроўні старажытнай дзённай паверхні, плануецца ўзвесці павільён, які будзе зроблены ў выкапанай у схіле гары нішы.

Ёсць узоры музеефікацыі помнікаў каменнага веку больш позняга часу — неаліту. Была спроба музеефікаваць і Краснасельскія неалітычныя шахты па здабычы крэменю. У 1969 г. Урад БССР прыняў рашэнне аб стварэнні тут дзяржзаказніка. Паводле дакумента астанец прырэчнага ўчастка р. Рось, плошчай у 3200 кв. м, на якім знаходзілася каля 140 шахтаў, быў аб’яўлены археалагічным заказнікам і ўратаваны ад знішчэння. Выношвалася думка стварыць Музей шахтаў. Праўда, планы засталіся нерэалізаваныя. Сёння зноў узнімаецца пытанне аб стварэнні Музея краснасельскіх шахт...

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, археолаг, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДПУ імя М.Танка