“Нарэзка” vs. профі

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Літоўскі вопыт на культурных паралелях

Дні культуры Літвы ў Беларусі, што распачаліся ў маі, завершацца ў ліпені. Але ўжо сёння можна падвесці некаторыя мастацкія вынікі: не проста таго, што мы ўбачылі, але і таго, чаму можна павучыцца ў нашых суседзяў.

Правесці лінію: адкуль, куды і як

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ажно да 25 ліпеня працягваецца выстаўка графікі Стасіса Красаўскаса. Знешне някідкая, чорна-белая, яна гэтак жа сціпла-”незаўважна” размясцілася ў галерэі, што вядзе са старога будынка ў новы. Тут жа, па ўсіх еўрапейскіх канонах, можна пры жаданні паглядзець дакументальны фільм пра рознабаковую творчасць і саму асобу аўтара. Але ж прыцягвае экспазіцыя зусім не гэтым ноу-хау, што ўжо добра засвоена нашым музеем, — ёсць нейкая асаблівая магія ў тых танюсенькіх лініях, якімі поўняцца ўсе работы літоўскага творцы. Літоўскае мастацтва наогул вучыць не рэвалюцыйным, а эвалюцыйным працэсам у развіцці культуры.

/i/content/pi/cult/433/8998/2-1.jpeg

Дэталі і стыль

На спектаклі “Дзень і ноч” Каўнаскага камернага тэатра, што ішоў на сцэне нашага Новага драматычнага тэатра, можна было павучыцца тонкасці ды адначасова грунтоўнасці ўзняцця надзвычай вострых і далікатных пытанняў, што датычацца генацыду, нацыянальнай талерантнасці, нашага стаўлення да гістарычных рэалій і іх праекцыі на кожную сям’ю. Цікава было правесці і некаторыя іншыя параўнанні, бо ў драме Дайвы Чапаўскайтэ “Яма”, паводле якой і зроблена пастаноўка, выкарыстаны той жа прыём, да якога звярнуўся і наш драматург Мікалай Рудкоўскі ў сваёй п’есе “Дажыць да прэм’еры”, пастаўленай у РТБД: героі, намагаючыся зразумець сваіх папярэднікаў, настолькі пераўвасабляюцца ў свае ролі, што губляюць сувязі з рэчаіснасцю — і гісторыя не проста “ажывае”, а цалкам пранікае ў іх лёсы і змяняе іх.

Павучыцца можна было і таму, як гэты каўнаскі тэатр-студыя, пачаўшыся з аматарскай суполкі, узрасціў сваіх артыстаў. І таму, як можна рабіць энергетычна прыцягальнае сучаснае відовішча з абсалютным мінімумам сцэнаграфіі, адсутнасцю пластыкі ды іншых сучасных рэжысёрскіх прыдумак. Здавалася б, традыцыйнасць — больш не бывае. Але ж як “чапляе”! Прычым не толькі з-за тэмы — праславутага “яўрэйскага пытання”. А яшчэ і з-за ўвасаблення, дзе няма ніводнай “плакатна-сучаснай”, а тым больш — наўмысна “асучасненай” дэталі. Усё строга, традыцыйна, графічна, “чорна-бела” па колеравай гаме, зацягнута па тэмпарытме (ну аніякіх спецыяльных зрухаў у павольным тэмпе аповеду, што разгортваецца паступова, літаральна крок за крокам) — і, як ні дзіўна, цікава. Бо стыльна!

Вам спяваць ці танцаваць?

Яшчэ адны каўнаскія артысты — Каўнаскага дзяржаўнага музычнага тэатра — танцавальным спектаклем “Пыл і бляск” правялі своеасаблівы майстар-клас для сваіх беларускіх калег. Мы справядліва ганарымся тым, што артысты хору нашага Музычнага тэатра апошнім часам танчаць так, што іх не адрозніш ад артыстаў балета. Літоўцы далі зразумець, што гэта не выключэнне з правілаў, як нам часам здаецца, а ўсяго толькі норма. Па меншай меры, да таго ўзроўню, як танчаць каўнаскія калегі, нам яшчэ трэба дарасці. Ужо хаця б таму, што там падобныя працэсы пачаліся не ўчора, як у нас, а амаль разам з усёй Еўропай.

Спектакль аказаўся — папраўдзе бляск! Прытым што пастаўлены не запрошаным зорным харэографам, а сваімі высілкамі: двума салістамі тэатра — Дайнюсам Бервінгісам і Гінтарасам Вісоцкісам. У пастаноўцы няма нейкіх суперзнаходак на ўзроўні пластычнай лексікі, выразныя сродкі базуюцца на простым да немагчымасці прынцыпе полістылістыкі, але гэта спрацоўвае, як кажуць, на ўсе сто. Інтэлігентнасць і прыналежнасць да высокіх грамадскіх слаёў акрэслены праз класічную харэаграфію; так званыя маргіналы, “асацыяльныя прадстаўнікі грамадства”, — праз кірункі вулічнага мастацтва. Не забытымі аказаліся і побытавыя рухі, элементы пантамімы. У чым жа сакрэт гэткай “сімфанічнасці развіцця” ўсяго балета? Ды ў гэтым самым сімфанічным развіцці — на ўзроўні музыкі.

Павучальнай для нас можа стацца сама гісторыя стварэння спектакля. Пастаноўшчыкі прыйшлі са сваёй ідэяй да кіраўніцтва тэатра і, атрымаўшы згоду, рушылі да кампазітара — Лінаса Адамайціса, неаспрэчнага прафесіянала. Той, бы Чайкоўскі свайго “Шчаўкунка”, пісаў музыку пад абсалютна канкрэтнае, дэталёва прадуманае лібрэта: маўляў, тут — столькі тактаў такога плана, а тут — гэткага. Адпаведна, з’явіліся і ярка акрэсленыя лейтматывы, і, дзе трэба, паўторы музычнага матэрыялу, што таксама спрыялі цэласнасці твора і дэмакратычнасці яго ўспрымання.

Чаму б не “спраецыраваць” усё гэта на нашы рэаліі? Так і хочацца ўзгадаць, што нашы тэатры чакаюць, пакуль кампазітары прынясуць ім цалкам гатовыя партытуры (пажадана, шэдэўры) — і ўжо тады пачынаюць іх “крэмзаць”, падганяючы пад пастановачныя ідэі. Дык, можа, павучыцца ў літоўцаў зваротнаму працэсу?..

Танга як штанга

На харэаграфічным спектаклі Клайпедскага дзяржаўнага музычнага тэатра “Крывавае вяселле” быў такі перааншлаг, што цяжка было знайсці месца нават на прыступках у праходзе! Пасля ж антракту можна было ўладкавацца куды прасцей. Тлумачэнне — да болю простае: сумна, нецікава, прадказальна, таму некаторыя і пакідалі залу. У чым жа справа? Здавалася б, усе складнікі спектакля — залог поспеху. У аснове — сюжэтная канва трагічнай п’есы Ф.Г. Лоркі. Музыка — А.П’яцолы. Пастаноўка — Юрыюса Смарыгінаса, аднаго з самых вядомых літоўскіх харэографаў, які ўдзельнічаў у тэлепраекце “Брудныя танцы”, супрацоўнічаў з “Рускімі сезонамі ХХІ стагоддзя” (яму належыць балет “Тамар”, пастаўлены і ў нашым Вялікім тэатры). Артысты — вельмі высокага ўзроўню. А вынік — ніякаваты. Дык чаму ж?

Як ні дзіўна, з-за музыкі. Бясконцая чарада танга сталася непад’ёмнай штангай для працяглага, у двух дзеях, балета. Самі па сабе шматлікія танга П’яцолы — супер! Але не была ўлічана такая дробязь, як музычная драматургія, якая павінна разгортвацца, што вельмі важна, па музычных законах, а не проста па прынцыпе, калі адна добрая мелодыя змяняе другую, пакуль не скончыцца сюжэт. Наступствам сталіся невыразныя характары герояў, адсутнасць у іх уласна харэаграфічных, пластычных індывідуальнасцей. Што ні кажыце, а “нарэзка” музыкі даволі рэдка бывае паспяховай. Бо любая буйная форма патрабуе такога ж працэсуальнага мыслення, а не проста мільгання асобных музычных “карцінак”. Чым не ўрок для нашых пастаноўшчыкаў? У тым ліку — драматычных спектакляў, дзе ўсё часцей грэбуюць (і эканомяць) звяртацца да кампазітараў-прафесіяналаў…

На здымку: сцэна са спектакля “Дзень і ноч” Каўнаскага камернага тэатра, які быў паказаны на сцэне сталічнага Новага драматычнага тэатра.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"