“BOOKланч”: рэклама працуе

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Бібліятэкары Ваўкавышчыны добра разумеюць: для таго, каб заняць належнае месца ў сучаснай інфармацыйнай прасторы, неабходна выходзіць за рамкі традыцыйнага фармату стасункаў. Чым жа зацікавіць сучаснага карыстальніка, які надзвычай патрабавальны і разбэшчаны вялікай колькасцю альтэрнатыўных крыніц інфармацыі? А трэба здзівіць, прапанаваць штосьці новае!

ВАЎКАВЫСК

Мы ўвесь час імкнёмся ўкараняць інавацыйныя формы і метады працы. Цікавай знаходкай было размяшчэнне рэкламных улётак у грамадскім транспарце. Летась у салонах гарадскіх аўтобусаў размясцілі ўлёткі да 130-годдзя з дня нараджэння Коласа і Купалы “Пісьменнікі-юбіляры-2012”. Сёлета ж пасажыры гарадскога транспарту маюць магчымасць праз ўлёткі знаёміцца з функцыямі сучаснай бібліятэкі ды пералікам платных паслуг, дзе ўказаны рэквізіты ўсіх гарадскіх філіялаў, а таксама з імёнамі пісьменнікаў — юбіляраў 2013 года…

/i/content/pi/cult/433/8996/1-2.gif

Кніжнае меню аднаго з "BOOKланчаў".

Крэатыўная ідэя плюс маляўнічае ўвасабленне — атрымалася рэкламная шыльда з запрашэннем на “BOOKланч”. Так, вы не памыліліся: менавіта “BOOKланч” у Цэнтральнай бібліятэцы. У чым жа сутнасць ідэі? Усё вельмі проста: гэта своеасаблівая рэклама кніг, аб’яднаных пэўнай прыкметай, з выкарыстаннем адпаведнай тэрміналогіі. Так, на кожны дзень распрацавана меню. Было вырашана пачаць з беларускай кухні. У якасці “страў” на выбар прапануецца беларуская літаратура рознай жанравай прыналежнасці: гістарычны, жаночы раманы, сацыяльна-псіхалагічны твор, гумар, сатыра і г. д. У наступныя дні запрашаем пакаштаваць “Рускую кухню”, “Усходнюю…”, “Еўрапейскую…”. На рэкламнай шыльдзе змешчаны толькі спіс літаратуры з кароткай анатацыяй, што раскрывае змест. А на абанеменце аформлена аднайменная кніжная выстаўка, дзе прадстаўлена прапанаваная літаратура. Адначасова дэманструецца электронная выстаўка гэтых кніг. Калі мінак зацікавіўся, прачытаўшы меню на рэкламнай шыльдзе, ён можа зайсці ў бібліятэку, падрабязней азнаёміцца і ўзяць упадабанае выданне.

Акрамя гэтага, на зваротным баку шыльды змешчаны пералік платных паслуг, якія аказвае бібліятэка. І тут жа — лісткі з указаннем кантактных тэлефонаў, што вельмі зручна (магчыма, у мінака на дадзены момант няма часу ды пільнай патрэбы завітаць у бібліятэку, але такая неабходнасць узнікне пазней).

Самае галоўнае — рэклама працуе! На абанемент сталі звяртацца чытачы з канкрэтным запытам рэкламуемай прадукцыі. І на платныя паслугі попыт таксама павялічыўся. А гэта з’яўляецца найлепшым стымулам для далейшай творчасці і крэатыву.

Надзея ГУДКО, загадчык аддзела маркетынгу Ваўкавыскай цэнтральнай бібліятэкі