Маршрут да крыжа-абярэга

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

У многіх краінах свету турыстычны бізнес прыносіць каласальныя даходы. Культработнікі Гомельшчыны не стаяць убаку ад тэндэнцыі. Пацвярджэннем — семінар “Старажытныя народныя святы і абрады, сакральныя язычніцкія і хрысціянскія мясціны, традыцыйныя іміджавыя культурныя мерапрыемствы і іх пазіцыянаванне як аб'ектаў турыстычнага бізнесу на Гомельшчыне".

ГОМЕЛЬШЧЫНА

Навучанне кадраў праходзіла пры падтрымцы Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці, аддзела культуры Веткаўскага райвыканкама, раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра.

Адной з мясцовых славутасцей раёна можа стаць невялікая крынічка ў Вялікіх Нямках з чыстай і смачнай вадой, якую наведалі ўдзельнікі семінара. Імя ёй — “Святая”. Аб гэтым гавораць крыжы, што пастаўлены побач. А на крыжах — абразы, якія ўпрыгожаны вышыванымі ручнікамі.

/i/content/pi/cult/433/8994/1-1.jpeg

Такія ключы-крыніцы, што існуюць на Чачэршчыне і Веткаўшчыне,

могуць стаць аб'ектамі рэгіянальнага турызму.

Фота Ірыны Глушэц

Таму невыпадкова цікавасць слухачоў выклікала выступленне навуковага супрацоўніка Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Ларысы Раманавай — “Ключы як чалавек”. Яна распавяла пра ключы-крыніцы, што ёсць у Веткаўскім і Чачэрскім раёнах. А ёсць яшчэ на Гомельшчыне цудадзейныя камяні, каменныя ідалы, крыжы-абярэгі, “прошчы”, абеліскі.

Цікавымі для гасцей вобласці могуць быць старажытныя святы і абрады, традыцыйныя мерапрыемствы — фестывалі, агляды-конкурсы, кірмашы, — а таксама выступленні фальклорных калектываў. Тэму “Адаптацыя традыцыйных спеваў у сучасную культуру” агучылі на семінары вядучыя метадысты Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці.

Вядома, што кожны раён мае багатую гісторыка-культурную спадчыну, якая можа стаць славутай турыстычнай каштоўнасцю. Таму клубныя работнікі Веткаўшчыны падзяліліся вопытам работы, што набылі ў час правядзення краязнаўчага конкурсу “Наша старажытнае і сучаснае сяло”. Пра яго расказала дырэктар Веткаўскага раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Надзея Сахарук.

Пазнаёміліся ўдзельнікі семінара і з гісторыяй з’яўлення казацтва на Веткаўшчыне. Выступленне навуковага супрацоўніка Веткаўскага музея Генадзя Лапаціна датычылася міфалагічных каранёў абраду “Страла”.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці