Ружы землякоў

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

На мінулым тыдні народны мастак Беларусі Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка адзначаў сваё 85-годдзе. У дзень юбілею ён быў са сваімі землякамі. Урачыстая імпрэза адбылася ў Гомелі — у галерэі, якая носіць імя мэтра і захоўвае багатую калекцыю ягоных твораў. Землякі падарылі песняру Палесся букет з 85 руж.

Урачыстасцям папярэднічала прэс-канферэнцыя, на якой юбіляр адказаў на пытанні, датычныя ягонай творчасці, праблем нацыянальнай культуры, дачыненняў мастацтва і грамадскага жыцця. Гаўрыла Харытонавіч паведаміў, што ўважліва сочыць за творчасцю сваіх вучняў. Многія з іх, на яго думку, сталі сапраўднымі майстрамі, плённа працуюць у розных галінах выяўленчага мастацтва, годна прадстаўляючы нацыянальную культуру. А тое, што яны пайшлі іншым шляхам і абралі іншы стылявы напрамак, мэтр лічыць справай для мастацтва натуральнай.

Сам жа народны мастак ганарыцца тым, што яму давялося распачаць свой творчы шлях на мяжы 1950 — 60-х гадоў, калі ў савецкім мастацтве адбылася свайго роду ментальная рэвалюцыя; калі артадаксальны “сацыялістычны рэалізм” пасунуўся з культурнай авансцэны, саступіўшы месца крэатыўнаму (як сказалі б сёння) “суроваму стылю”. Той час і мастакоў той пары Гаўрыла Харытонавіч згадвае з цеплынёй. Легендарнага Міхаіла Савіцкага ён па-свойску называе Мішам…

/i/content/pi/cult/433/8991/1-2.jpeg

Г.Вашчанка. "Памяць".

Да сённяшніх жыццёвых і культурных рэалій Гаўрыла Харытонавіч ставіцца па-філасофску, але сучасны стан выяўленчага мастацтва выклікае ягоную заклапочанасць. На яго думку, існуе небяспека калі не страты, дык заняпаду рэалістычнай школы, да станаўлення і развіцця якой ён асабіста прыклаў шмат намаганняў.

Журналісты нагадалі, як калісьці Гаўрыла Вашчанка распавядаў, што нават пасля вайны, пасля страшэнных разбурэнняў, ён верыў, што яго родная вёска адродзіцца. А калі пабачыў яе пасля Чарнобыля, зразумеў: вёска памерла насамрэч… Назаўсёды. Было пытанне: ці думае ён так зараз? Мастак адказаў, што вёска, якой ён памятае яе з дзяцінства, знікае як з’ява. На Захадзе вёсак, у нашым звыклым разуменні, ужо няма. Няма там і сялян, а ёсць сельскагаспадарчыя рабочыя. Тое ж у хуткім часе будзе і ў нас: гэта працэс, у які ўцягнуты не асобныя паселішчы, а цэлыя рэгіёны.

Потым была імпрэза на пляцоўцы перад галерэяй. Славутага земляка віталі гомельскія артысты. Пасля ўсе перамясціліся ў канферэнц-залу галерэі. Было зачытана віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Далей віншаванні чаргаваліся з выступленнямі артыстаў.

Заключным акордам стала адкрыццё выстаўкі твораў мэтра, прымеркаванай да юбілею. Экспазіцыя — з філасофскім падтэкстам: яна прысвечана таямніцы ночы — памежнага стану рэальнасці і мроі; часу, калі знікае мяжа паміж небам ды зямлёй… Зыходзячы з храналагічных межаў прадстаўленых у экспазіцыі твораў, можна меркаваць, што ўся позняя творчасць мастака адбываецца пад знакам гэтага памежжа.

Адказваючы на віншаванні землякоў, Гаўрыла Вашчанка адзначыў, што ён шмат папаездзіў па свеце, сустракаўся з рознымі людзьмі, мае шмат сяброў, але шчаслівы, што ў гэты дзень ён — з самымі роднымі. З землякамі. А ў адказ пачуў, што на Палессі ён — заўжды дома, што землякі хацелі б сустракацца з ім часцей. Уся імпрэза цеплынёй і шчырасцю вельмі нагадвала сямейнае свята.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Гомель — Мінск

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"