Пошукі на перакрыжаванні жанраў

№ 50 (816) 15.12.2007 - 21.12.2007 г

Прэм’еру незвычайнага спектакля “Завяшчанне” вынеслі на суд гледачоў універсальныя артысты комік-шоу “Доктар гумар” пад кіраўніцтвам галоўнага рэжысёра Маладзёжнага тэатра эстрады Вячаслава Паніна. Ён, дарэчы, выступіў тут не толькі як стваральнік сцэнічнай пастаноўкі, але і як аўтар п’есы з вялікай колькасцю рознага кшталту вынаходніцтваў. Як літаратурных, так і сцэнічных. У гэтым яму ўсяляк дапамагалі маладыя няўрымслівыя акцёры невялічкай трупы, для якой гэты вопыт увасаблення сучаснай драматургіі стаў хаця і першым, але досыць удалым.

Тым аматарам тэатра, якія здольны гадзінамі захапляцца павольным ходам падзей класічнай драматургіі ды разам з выканаўцамі патанаць у глыбінях псіхалагізму, гэтае імклівае бравурнае дзейства з мноствам нечаканых пераўвасабленняў можа падацца залішне эксцэнтрычным, нават буфанадным, спрошчаным. Але усё не так адназначна. За хаатычнай мітуснёй персанажаў, стракатасцю касцюмаў і дэкарацый, бесперапыннай чарадой маналогаў і дыялогаў хаваецца саркастычная філасофія аўтарскага погляду на рэчаіснасць ды арыгінальная трактоўка вырашэння спрадвечных пытанняў чалавецтва: “Жыць, ці не? А, калі “так”, дык чаму і навошта?”
Асноўным носьбітам аўтарскай пазіцыі выступае галоўны персанаж п’есы — Нябожчык. Ён, нібы шматаблічны Янус, з’яўляецца час ад часу ва ўсё новых іпастасях, чым падманвае і заблытвае астатніх дзеючых асоб п’есы. Дзе падсвядома, а дзе і відавочна ён кіруе не толькі развіццём асобных сюжэтных ліній, але і агульнай хадой падзей.
Пэўную частку сюррэалістычнасці дзейству надае аскетычная сцэнаграфія. Па сцэне там-сям раскіданы побытавыя рэчы, у паветры “лунаюць” серабрыстыя крэслы, у цэнтры кампазіцыі чырванее труна з жартаўлівым надпісам “не кантаваць”. Вакол яе і разгорнецца барацьба за атрыманне тлустага кавалка спадчыны. Прэтэндэнтаў, сярод якіх і блізкая радня, і “ініцыятыўныя” людзі, заўсёды гатовыя скарыстацца сітуацыяй, —хвалюе толькі адно: як бы хутчэй ды паболей. Нават сам Нябожчык час ад часу з’яўляецца то ў выглядзе “шыкоўнай” жанчыны, а то — у вобразе карміліцы. І ўсё гэта — на фоне кругавароту бясконцых спрэчак, высвятленняў, інтрыг.
“Мітусня” з пераапрананнем добра падтрымана музычнымі фрагментамі і удала зробленымі пластычнымі мізансцэнамі. Акцёры не шкадуюць ні сіл, ні эмоцый і, раз-пораз выскокваючы на авансцэну падчас маналогаў, у гратэскавай манеры заўзята дэманструюць усе свае выканальніцкія і іншыя здольнасці.
Такім чынам, перад гледачамі даволі весела праходзіць своеасаблівы “парад буйных планаў”. Але гэты знешне эфектны пласт, добра распрацаваны на працягу ўсяго дзейства, зусім не адзіны ў спектаклі. Свая ідэя і лінія паводзін ёсць амаль у кожнага з персанажаў. Вось, напрыклад, старанна выпісаны вобраз малодшага сына (Наталля Лісняк) з ягонымі псіхалагічнымі хістаннямі і філасофскімі разважаннямі ўжо вельмі хутка пачынае нагадваць нешта да болю знаёмае. Мо гэта на сына магічнае ўздзеянне аказвае бацькаў Прывід, што ніяк не знойдзе спакою?.. А таму вызначыўшы, што ў п’есе можна адшукаць нетрадыцыйна пададзеныя тыповыя калізіі, значна цікавей становіцца глядзець спектакль і спрабаваць знайсці адгадкі на аўтарскія загадкі.
Поспех тут залежыць ад жадання, эрудыцыі і настрою кожнага асобнага гледача. У гэтай сувязі аўтар-пастаноўшчык Вячаслаў Панін так растлумачыў сваю задуму: “Завяшчанне” — гэта драматургія, скіраваная ў бок жанра абсурду — як спосабу спазнаць ісціну праз пачуцці, мінаючы розум. Гэта не адсутнасць сэнсу, а погляд з іншага боку. Таму і галоўны распарадчык — Нябожчык.”
Для ўважлівых гледачоў сюжэтныя “неспадзяванкі”, да якіх яны ўжо прызвычаіліся па ходзе спектакля, лагічна завяршаюцца такім жа непрадказальным фіналам.
У ім усе героі замест доўгачаканых грошай, карпарацый ды атэляў атрымліваюць у спадчыну... кожны па цудоўным немаўляці — галоўным падарунку і сэнсе жыцця. Пасля чаго — відаць, ад моцнага задавальнення — жвава маршыруюць за кулісы.
Пасля прагляду “Завяшчання” застаецца, акрамя добрага настрою, жаданне часцей бачыць на беларускіх тэатральных пляцоўках штосьці новае. Няхай нават і не бездакорна рэалізаванае, затое — “жывое”, сучаснае.

Ігар КУЗНЯЦОЎ
На здымкy: 
сцэна са спектакля
“Завяшчанне”.
Фота аўтара