"Носам у бульбу": вырак на адзіноту. Інтэлектуальную

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

У такім гарадку як Ляхавічы, дзе я жыву, наўрад ці натрапіш на бурлівыя дыскусіі ў багемных кампаніях ці хаця б на ўтульную кавяраньку, дзе можна пасядзець у цішы ды роздумах сярод да сябе падобных. Творчы чалавек, які апынаецца ў такіх мясцінах, у пэўнай меры вырачаны на інтэлектуальную адзіноту. Бо гаварыць увесь час пра гароды ды цэны на рынку, пагадзіцеся, вельмі сумна. А пра іншае тут асабліва і не гавораць…

Сяргей ЧАРАНОВІЧ, мастак

/i/content/pi/cult/433/8988/2-5.jpeg

Сёння такі стан рэчаў падаецца бадай заканамерным, але яшчэ параўнальна нядаўна культурны клімат у нашых мясцінах быў зусім іншы. Яго стваралі шматлікія шляхецкія сядзібы — Бохвіцаў, Рэйтанаў, Рдултоўскіх, Чарноцкіх... Там гаспадарылі цікавыя і добра адукаваныя людзі, якія не толькі рупіліся пра ўласную гаспадарку, але і пераймаліся куды больш глабальнымі тэмамі. Натуральна, яны пастаянна завітвалі адно да аднаго ў госці, ладзілі бяседы і хатнія канцэрты... І вось, трапляючы ў гэтае кола, прадстаўнікі гарадской інтэлектуальнай ды творчай эліты пачуваліся там бы рыбы ў вадзе. Колькі такіх знакамітых постацей пагасцявала на Ляхавіччыне!

Сёй-той, вядома, запярэчыць: каб тым Рдултоўскім — ды нашы клопаты, яны не салоны ладзілі б, а бульбу садзілі! Тут не паспрачаешся: мясцовыя шляхцічы былі людзьмі нябеднымі. Сёння ж менавіта эканамічны складнік становіцца перашкодай для фарміравання асяроддзя інтэлігенцыі ў малых гарадах. Чалавек з дыпломам Сарбоны сюды не паедзе — у адрозненне ад тых часоў. Зрэшты, быў у нас выдатны настаўнік-гуманітарый, здаецца, нават з навуковай ступенню. Ды не так даўно ён звольніўся і знік з далягляду. Чаму так здарылася? Можна здагадацца без асаблівых падказак...

Аднавіць колішні культурны клімат, вядома ж, няпроста. Але радуе ўжо хаця б тое, што гэты рух спакваля ідзе. Быў час, калі мінуўшчынай краю цікавіліся хіба адзінкі, а мясцовыя ўлады такую цікавасць не надта ўхвалялі або проста не разумелі. Цяпер жа імёны Тадэвуша Рэйтана ды іншых знакамітых выхадцаў з Ляхавіччыны гучаць і з афіцыйных трыбун.

Прычым гэты ментальны зрух адначасова адбываецца і "знізу", у свядомасці простых жыхароў. Двое нашых дзецюкоў выправіліся па заробкі на нафтатапромыслы, вярнуліся дахаты з поўнымі кішэнямі... І раптам нехта з іх падаў ідэю: а ці не аднавіць нам Ляхавіцкую фартэцыю, якая ў сярэдзіне ХVII стагоддзя лічылася адной з найлепшых у Еўропе? Натуральна, такіх пражэктаў была ў нашай нядаўняй гісторыі ўжо процьма, але... Тое, што людзі выношваюць фантастычныя ідэі — гэта ўжо само па сабе добры знак. Фантазіраваць куды лепш, чым — "носам у бульбу".

...Кажучы пра інтэлектуальную адзіноту, нельга не згадаць і пра другі бок медаля. Мне давялося нямала пажыць у вялікіх гарадах — адпаведна, ёсць з чым параўноўваць. Даўно прыйшоў да высновы, што для мастака жыццё ў маленькім і ціхім гарадку мае свае безумоўныя перавагі. Тут няма той мітусні, якая адымае процьму часу ды жыццёвай энергіі, і таму іх можна траціць на творчасць, а не на розныя звады ды бессэнсоўную балбатню. У Ляхавічах жыццё куды больш спакойнае ды насычанае сэнсам. І калі душа шукае менавіта гэтага...