Гаспадар аграсядзібы — канкурэнт музейшчыкам?

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Гаспадар аграсядзібы збіраецца стварыць Музей якараў, аналагаў якому няма ў краіне. Прыватная ініцыятыва, падаецца, больш набліжана да рэальнасці, чым дзяржаўна-музейная. І справа не толькі ў тым, што прыватнік імкнецца быць крэатыўным у чаканні грашовых даходаў. Проста, ён цудоўна разумее: на пустым месцы турыстычная цікавасць не ўзнікае. Адсюль і наша пытанне:

Сяргей Дубяга — уладальнік аграсядзібы ў вёсцы Мірагошч Чэрыкаўскага раёна. Побач — Сож. У ім Сяргей і натрапіў на першы якар. Зараз у зборы іх — каля трох дзясяткаў. Было б дзіўна, каб у гаспадара не ўзнікла ідэя стварэння экспазіцыі. Усе якары размяшчаюцца на подыуме з падсветкай літаральна за некалькі метраў ад Сожа. Неўзабаве з экспазіцыяй можна будзе азнаёміцца. Экскурсіі мае праводзіць сам Дубяга, для чаго ў свой час абклаўся літаратурай і не вылазіў з Інтэрнэта... А яшчэ ёсць мара ладзіць рачныя вандроўкі на ўласнаручна зробленым катары, пабудаваць гатэль у выглядзе карабля і налета распачаць прыём турыстаў. Сядзіба і музей Сяргея так і просяцца стаць часткай зялёнага маршруту “Жывая вада”, створанага турыстычным кластарам “Край гаючых крыніц”... Такую б прадпрымальнасць раённым музейшчыкам! Сяргей Дубяга — не маладзён, перайшоў праз паўвекавы рубеж. Мяркуе некалі перадаць экспазіцыю ў аддзел культуры. Пакуль жа толькі ён мае права на каманду “Аддаць якар!”. А аддаць якар — значыць, знайсці родны бераг...

/i/content/pi/cult/433/8985/3-3.jpeg

Так выглядае Музей Якараў на Чэрыкаўшчыне сёння.

Алег РЫЖКОЎ, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/433/8985/3-2.jpeg

— Дадзеная ініцыятыва, на мой погляд, адмоўных момантаў увогуле не мае. Ёсць асоба — ёсць ідэя, якая, паказвае практыка, абавязкова ўвасобіцца ў жыццё. Хаця б з той прычыны, што чалавек зацікаўлены ў тым, што стварае. У яго ёсць сродкі і жаданне... Другі плюс у тым, што музей — вузкаспецыялізаваны. Безумоўна, наведвальнікі зацікавяцца гісторыяй стварэння якараў, іх лёсаў! Гэта вельмі жывая і арганічная для гісторыі нашага Палесся тэма. І вырашаецца яна, у тым ліку, і за кошт стварэння паўнавартаснай інфраструктуры для цікавага адпачынку. Наконт думкі пра тое, што прыватнікі са сваім крэатывам апераджаюць раённыя музеі. І прыватныя, і дзяржаўныя ўстановы, калі яны сапраўды брэндавыя, трымаюцца, калі так можна сказаць, на асобасным фактары. Не змог раймузей выйсці на ініцыятыўную асобу, значыць — застаўся ў цені... У дадзеным выпадку, калі гаворка — пра Чэрыкаўскі раён, мясцовы аддзел культуры мае цудоўную нагоду для вельмі эфектыўнага творчага партнёрства. Якім яно будзе — вырашаць партнёрам…

Галіна НЯЧАЕВА, дырэктар Веткаўскага музея стараверства і народных традыцый імя Ф.Р. Шклярава

/i/content/pi/cult/433/8985/3-1.jpeg

— Цудоўна, што з’яўляецца такі музей. Сяргею Дубягу — шчырая ўдзячнасць. У нашым музеі — толькі некалькі якараў... Не ведаю толькі, якім будзе змест экскурсіі. Спадзяюся, што экскурсіі будуць змястоўныя ды цікавыя… Тут нельга забыцца пра тое, што ці не пяць стагоддзяў таму верфі ў нашым краі былі ў Ветцы, Лоеве і Радулі — пасёлку на Дняпры ў Чарнігаўскім Палессі. А былі верфі — значыць, і якары вырабляліся, або, як у нас казалі, “якор’е”. Былі яны вялікія, чатырохлапыя. Такія выкарыстоўваліся пры кабатажным плаванні, пад час рыбнага лову, пры зняцці судна з мелі. А былі і трохлапыя... Веткаўскія дзяды згадвалі, як іхнія дзяды расказвалі, што выплаўляліся нашы якары з балотнай руды, у вёсках Рудня Споніцкая, Рудня Шлягіна. А вёскі гэтыя лічацца шляхецкімі. І прадаваліся нашы якары ці не па ўсім свеце. На катамаранах (па веткаўскай суднаходнай звычцы — націск на другі склад) — двух суднах, аб’яднаных дашчаным памостам, — перавозіўся тавар да Чорнага мора, у Прыднястроўе, нават праз Басфор — у Александрыю...