Дзе мост злучае Александрыю з Копыссю

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

6 — 7 ліпеня на Шклоўшчыне пройдзе чацвёртае па ліку купальскае свята “Александрыя збірае сяброў”.

Па словах начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца, леташняе мерапрыемства сабрала больш за 55 тысяч гасцей з Беларусі, Украіны, Расіі. Усё робіцца для таго, каб сёлетняе кола сяброў Александрыі стала яшчэ большым. На беразе Дняпра, дзе мост злучае Магілёўшчыну і Віцебшчыну, будуць рэалізоўвацца новыя творчыя праекты. Гадлёвыя рады прапануюць сувеніры народных майстроў і прысмакі мясцовых кухараў. У праграме — фестывалі лёну і квасу.

Удзельнікі Міжнароднага пленэру па кераміцы “Арт-Жыжаль” прапануюць майстар-класы. Запланавана выстаўка “Археалагічныя знаходкі Верхняга Падняпроўя”. Гасцей чакаюць выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, канцэрт зорак беларускай і замежнай эстрады. У свяце возьме ўдзел амаль дзве тысячы артыстаў.

Пасля ўнікальнага святочнага феерверку распачнецца абрадавая праграма “Чарадзейства Купальскай ночы” з лазерным шоу.