Дзяржаўныя ўзнагароды

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Ордэнаў, медалёў і ганаровых званняў удастоены сярод 77 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці і дзеячы культуры. Пра гэта, як паведамляе Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, гаворыцца ва Указе № 279 “Аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі” ад 20 чэрвеня.

Так, у ліку ўзнагароджаных ордэнам Францыска Скарыны — мастакі-жывапісцы, члены Беларускага саюза мастакоў Віктар Грамыка і Леанід Дударэнка. Медалём Францыска Скарыны ўганараваны старшыня савета грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд культуры” Уладзімір Гілеп, артыст-вакаліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Андрэй Валенцій, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Андрэй Захарэвіч, мастак, член Беларускага саюза мастакоў Анатоль Кузняцоў.

Ганаровае званне “Народны артыст Беларусі” прысвоена артысту-вакалісту (салісту) — вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Васілю Кавальчуку.

Сярод тых, хто ўдастоены ганаровага звання “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь” — артыст-вакаліст, вядучы майстар сцэны Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь” Наталля Тамела, салісткі Вялікага тэатра краіны Алена Бундзелева і Алена Шведава.

Ганаровага звання “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь” удастоены мастак-жывапісец, член Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Гардзеенка.