І вярнуцца…

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

Тры рэплікі класіка

22 чэрвеня 1941-га пачалася Вялікая Айчынная вайна… Праз 62 гады, 22 чэрвеня 2003-га, не стала класіка нашай літаратуры, народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. З гэтай нагоды да выстаўкі “Пайсці і вярнуцца” супрацоўнікі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук падабралі самыя яскравыя выказванні Быкава пра тую вайну, а таксама прапанавалі ўвазе чытачоў “К” здымкі з фондаў установы.

/i/content/pi/cult/432/8973/1-1.jpeg

Тут прадстаўлены дакументы з асабістага архіва пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, якога звязвалі з Васілём Уладзіміравічам сяброўскія адносіны. Cярод дакументаў — фотаздымкі, паштоўкі, жартоўны шарж на Быкава. Таксама на выстаўцы можна пабачыць кнігі з аўтографамі Васіля Быкава, у тым ліку падораныя аўтарам аддзелу рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Акадэміі, публікацыі пра жыццё і дзейнасць народнага пісьменніка Беларусі.

Усе ахвотныя маюць магчымасць пазнаёміцца з мультымедыйнай прэзентацыяй, прысвечанай жыццю і творчасці Васіля Быкава, якую можна пабачыць на сайце бібліятэкі ў рубрыцы “Віртуальныя выставы ЦНБ НАН Беларусі”.

Тэма

Пісьменнік-франтавік у адной з часопісных анкет прызнаваўся, што абраў тэму вайны зусім не таму, што яго так захаплялі баі ці армія: “Я якраз усё жыццё ненавідзеў і тое, і іншае. Вайна ўсеабдымная, і там усім было месца... У час вайны як ніколі выяўлялася важнасць чалавечай маральнасці, непахіснасць асноўных маральных крытэрыяў”.

Пытанне

У кнізе “Доўгая дарога дадому” Быкаў успамінаў: “Прадчуваю сакраментальнае пытанне пра страх: баяўся ці што? Вядома, баяўся. Але страхаў на вайне шмат, і яны ўсе розныя. Страх перад немцамі — што маглі ўзяць у палон, застрэліць; страх з-за агню, асабліва артылерыйскага або бамбёжак. Калі выбух побач, так, здаецца, цела само, без удзелу розуму, гатова разарвацца на кавалкі ад дзікіх пакут. Але быў жа і страх, які ішоў з-за спіны — ад начальства, усіх тых карных органаў, якіх у вайну было не менш, чым у мірны час. Нават больш…”

/i/content/pi/cult/432/8973/1-2.jpeg

Складнік

У “вайне Быкава” чытач не знойдзе дакладных планаў бітваў і аперацый: вайна па Быкаве — гэта проціборства маральнага жыцця грамадства. Сам аўтар пісаў: “Мяне цікавіць, у першую чаргу, не сама вайна, нават не яе побыт і тэхналогія бою, хоць усё гэта для мастацтва таксама важна, але, галоўным чынам, маральны свет чалавека, магчымасці яго духу”.

Падрыхтавала Алена СТАВІЦКАЯ

Фота Васіля Быкава розных гадоў і рэпрадукцыя яго аўтографа з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі