У першым пленэры бралі ўдзел выкладчыкі Баранавіцкай дзіцячай мастацкай школы і мастакі Бела-Падляскі, у другім — іх навучэнцы. Па выніках абодвух былі арганізаваны сумесныя выстаўкі ў Бела-Падлясцы, якія неўзабаве ўбачаць і жыхары Баранавічаў.
На гэтым замежныя творчыя сустрэчы для навучэнцаў школы не скончыліся. У Міжнародным дзіцячым пленэры “Шукальнікі мастацтва” ў Польшчы, паблізу ад Вроцлава, удзельнічалі юныя таленты з Германіі, Польшчы, Беларусі і Украіны. Пленэр быў арганізаваны Фондам еўрапейскага ўзаемаразумення. Нашу краіну прадстаўлялі 10 навучэнцаў мастацкай школы з Баранавічаў. Дзеці прайшлі майстар-класы ў групах “Тэатральная маска”, “Мастацкая майстэрня”, “Керамічная майстэрня”, “Вітражная майстэрня”. Работы нашых мастакоў адзначаны дыпломамі і медалямі.
А калі нашы дзеці вярнуліся на радзіму, іх чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз. Баранавіцкая мастацкая школа ад спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі атрымала грашовыя сродкі на адкрыццё аддзялення “Мастацкая фатаграфія”. Гэтае аддзяленне пачало дзейнічаць з кастрычніка.
На працягу апошніх сямі гадоў навучэнцы школы дваццаць разоў былі адзначаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: атрымалі стыпендыі і матэрыяльныя дапамогі.
Анатоль ЛАБКОЎСКІ,
дырэктар Баранавіцкай дзіцячай
мастацкай школы