КРАСНАПОЛЬШЧЫНА
Цягам трох дзён краснапольскі глядач убачыў дзевяць спектакляў у выкананні тэатральных калектываў з Краснаполля, Клімавіч, Хоцімска, Магілёва, Полацка, Гомеля і Бабруйскага раёна. Гледач пазнаёміўся з пастаноўкамі паводле твораў Янкі Купалы, Аляксея Дударава, Міхаіла Булгакава...
“Гаспадары” парадавалі дзвюма прэм’ерамі. Аднавілі купалаўскую “Паўлінку” (рэжысёрам-пастаноўшчыкам гэтым разам выступіў удзельнік тэатра Міхаіл Пугачоў). А малады рэжысёр, 20-гадовы Павел Шаўлякоў, які працуе ў тэатры толькі два гады, прэзентаваў дудараўскую драматычную баладу “Не пакідай мяне…”. Абедзве пастаноўкі прайшлі на “выдатна”. У фае РЦК, дзе адбываліся асноўныя паказы, падрыхтавана выстаўка, прысвечаная гісторыі тэатра, на якой дэманстраваліся рэквізіт, касцюмы, афішы, партрэты знакамітых удзельнікаў…
Краснапольская "Паўлінка" на "Тэатральных"вечарынах".
“Наш тэатр з’яўляецца гонарам раёна, — кажа намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама Тамара Каваленка. — Яго традыцыі закладзены цудоўнымі творцамі. Засталася цудоўная плеяда артыстаў, што прайшлі выдатную школу і зараз іграюць на адной сцэне з моладдзю, перадаюць свае майстэрства ды вопыт. Быў час, калі тэатр амаль не працаваў, але зараз, з прыходам маладога рэжысёра, ён пачаў аткыўна развівацца. Я веру ў будучыню тэатра”.
Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы
Ці ведалі вы, што...
Краснапольскі народны тэатр заснаваў у 1918 годзе настаўнік мясцовай школы Аляксандр Грубэ, які потым стаў народным мастаком БССР. Да стварэння і дзейнасці калектыву спрычыніліся такія асобы, як браты Шашалевічы — драматург і паэт Васіль ды празаік Андрэй (псеўданім — Андрэй Мрый). Усяго тэатр падарыў гледачам каля 130 прэм’ер. У розныя гады тэатрам кіравалі В.Ермаловіч, Л.Лабаноўскі, А.Паплыка, А.Яфрэмаў...