"...Дублін" не для ўсіх

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа напрыканцы чэрвеня адбудзецца прэм’ера новага эксперыментальнага спектакля “Пракляты Дублін” па п’есе сучаснага ірландскага драматурга Эндзі Уолша.

Спектакль рыхтуецца адмыслова для камернай сцэны акадэмічнага тэатра, якая яшчэ афіцыйна не адкрылася, але ўжо вядомая гледачу як эксперыментальная пляцоўка маладых рэжысёраў і акцёраў, як асяродак драматургіі “не для ўсіх”. Прэзентацыя п’есы, што дагэтуль ніколі не перакладалася ні на рускую, ні на беларускую мову, пройдзе ў форме своеасаблівага майстар-класа. Каб не згубіць настрою п’есы, у беларускім варыянце перакладу перададзены асаблівасці менавіта сучаснага маладзёжнага слэнгу.

П’еса “Пракляты Дублін” апавядае пра юнакоў і дзяўчат, якія не могуць знайсці для сябе месца ў вялікім горадзе, што і не можа насамрэч нічога ім прапанаваць. Адны шукаюць выратаванне ад пустаты ў наркотыках, другія — ва ўцёках, трэція — у рабаванні ды гвалце, чацвёртыя — у “заяданні” праблем…

Ідэя пастаноўкі п’есы належыць маладому рэжысёру Таццяне Навумавай. Таццяна — ураджэнка Віцебска, выпускніца Віцебскага каледжа мастацтваў ды Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па класе “рэжысёр тэатра, выкладчык акцёрскага майстэрства”. Яе дыпломны спектакль “Прыгоды Бібігона” па К.Чукоўскаму дасюль заяўлены ў афішы мінскага Тэатра юнага гледача, а пастаноўка “П’яны анёл” па п’есе “Жывы труп” Л.Талстога атрымала галоўны прыз на Міжнародным тэатральным фестывалі “Інтэррампа” (Літва). У апошнія гады Таццяна жыве і працуе ў Германіі, выкладае ў Акцёрскай акадэміі ў горадзе Цыновіц. Менавіта для пастаноўкі п’есы яна і завітае ў родны Віцебск.

— П’еса “Пракляты Дублін” — вельмі тонкі эмацыйны матэрыял, які я даўно марыла ўвасобіць на сцэне, — распавяла “К” Таццяна Навумава. — У цэнтры твора — разгубленыя маладыя людзі. Самае жудаснае, што яны яшчэ не развучыліся марыць, але не маюць аніякіх магчымасцей, уяўленняў ды фантазій, каб ажыцявіць свае асабістыя жаданні. Яны гінуць душэўна літаральна на вачах, так і не здолеўшы змяніць уласны лёс. Такія ўнутраныя канфлікты ды вобразы заўсёды актуальныя і не павінны пакінуць гледачоў абыякавымі…

Акрамя таго, рэжысёр адзначыла, што, калі лёс “Праклятага Дубліна” складзецца ўдала і спектакль трапіць у рэпертуар тэатра, то да праекта, дзеля стварэння музычнай атмасферы пастаноўкі, далучыцца маладая таленавітая кампазітарка з Берліна Стэфанія Зас.

Праца над новым эксперыментальным праектам распачалася 11 чэрвеня, а прэм’ерны прагляд спектакля запланаваны на 27 чэрвеня. Кожны з артыстаў рыхтуецца да гэтай падзеі з вялікай самаадданасцю і запалам, бо для многіх удзел у пастаноўцы станецца дэбютам на Коласаўскай сцэне. У спектаклі задзейнічаны такія артысты акадэмічнага тэатра, як Наталля Саламаха-Конанава, Настасся Чыстабаева, Арцём Герак, а таксама выпускнікі Віцебскага каледжа мастацтваў — Дзмітрый Каваленка, Раман Салаўёў і Антон Мінчык.

Алена МАЧУЛЬСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ