Сяброўства з ініцыятывамі

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

Бібліятэкі горада і Полацкай Епархіі супрацоўнічаюць цягам пятнаццаці гадоў. У выніку нараджаюцца цікавыя ініцыятывы ды развіваюцца доўгатэрміновыя праекты. У бібліятэцы імя Янкі Купалы дзейнічае Літаратурна-музычная гасцёўня “Пад засенню духоўнасці”. Тут адбылося ўжо каля сотні пасяджэнняў, якія наведала больш за чатыры тысячы чалавек.

Работа Гасцёўні па далучэнні чытачоў да хрысціянскай культуры неаднаразова прэзентавалася на канферэнцыі “Духоўнае адраджэнне грамадства і праваслаўная кніга” ў Мінску і расійскім Сергіевым Пасадзе.

11 чэрвеня з нагоды 1150-годдзя славянскага пісьменства і культуры пад урачыстыя гукі царкоўнага хору Свята-Пакроўскага храма для гараджан была адкрыта зала праваслаўнай літаратуры.

Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій падарыў ёй унікальныя выданні. Дырэктар Полацкай сеткі публічных бібліятэк Наталля Каранеўская падкрэсліла, што бібліятэка імя Янкі Купалы збірае поўныя залы зацікаўленай чытацкай публікі, на падставе праваслаўных традыцый накіроўвае людзей да духоўнага самаўдасканалення.

Юлія КОВАЛЬ,метадыст Полацкай ЦБС