Колер зямлі

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

Гаўрыла Вашчанка: "А на канцы пэндзля павінна быць душа"

20 чэрвеня народнаму мастаку Беларусі Гаўрылу Вашчанку споўнілася 85 гадоў. Ён падобны на палескага шкіпера. І не толькі барадой ды вачыма колеру брагінскага неба ды дняпроўскай плыні. З мастакоўскай майстэрні на шостым паверсе, нібы з капітанскага мосціка, Мінск нагадвае дзіўны акіян, які раз-пораз хаваецца за чэрвеньскімі аблокамі. І цалкам верагодна, што прыплылі яны з “порта прыпіскі” — з вёскі Чыкалавічы, дзе нарадзіўся Вашчанка. З “лоцманскай” карты вёска знікла пасля чарнобыльскай бяды, нават улюбёныя буслы яе мінаюць... Але не бяды: на лецішчы чакае спрыяльнай хвалі пяцімесны катэр, на якім Гаўрыла Харытонавіч вандруе з Беларусі ў Беларусь і не можа ёй надыхацца. З гэтага пачуцця прагі, відаць, і нараджаецца шчыры жывапіс...

/i/content/pi/cult/432/8961/1-1.jpeg

— З чаго пачынаецца мастак?

— Я спачатку раскажу, як я ім стаў... Маці мая захаплялася ткацтвам, вышыўкай. Менавіта яна давала мне першыя ўрокі мастацтва. А брат, які дэмабілізаваўся з войска і пачаў працаваць, дапамог атрымаць вышэйшую адукацыю. Трэцім чалавекам, што мяне сфарміраваў, была мая жонка. Яна не патрабавала ад мяне дабрабыту, усяляк дапамагала маёй самарэалізацыі. Гэта, пагадзіцеся, вельмі важна, асабліва на пачатку творчасці…

— Вы і катэр свой назвалі ейным імем — “Мацільда”. І партрэты яе неаднаразова стваралі... Колькі пражылі разам?

— 61 год... Дык вы хочаце ведаць, калі чалавек мае права засведчыць, што ён мастак? Гэта надзвычай складанае пытанне... Я ўжо вучылішча скончыў, інстытут, выкладаў, удзельнічаў у рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках, нават медаль атрымаў за гэта. А мастаком сябе адчуў у 1961-м, калі прыехаў у Мінск. Вяртаўся з інстытута, на Ленінскім праспекце купіў цыкламены. Прынёс кветкі ў майстэрню і напісаў нацюрморт... І адчуў сябе сапраўдным творцам, зразумеў: гэта мае “Цыкламены”! Пачуццё цяжка перадаць словамі... На Усесаюзнай выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі атрымаў за нацюрморт бронзавы медаль. Залаты давалі за працяг Ленініяны, сярэбраны — за тэматычныя карціны. “Цыкламены” набыла Траццякоўская галерэя. Так што менавіта Масква першай прызнала мяне мастаком.

— Гаўрыла Харытонавіч, вельмі важны момант: вера ў сябе прыйшла толькі пасля афіцыйнага ўзнагароджання?

— Не! Адразу пасля напісання нацюрморта... Справа не ва ўзнагародах. Проста, усё сышлося-склеілася: я адчуў, што многае магу.

— Але ж у дзяцінстве пра гэта і не марылі?

— Тым не менш, ужо ў чацвёртым класе вясковай школкі зацята маляваў у вучнёўскіх сшытках, і не толькі на палях. Нават на дыктанты забываўся, за што і атрымліваў “двойкі”... Памятаю, як старэйшы брат прывёз мне акварэльныя фарбы. Я тады ўпершыню выправіўся на эцюды і напісаў вербы. Калі суседзі, пабачыўшы маю работу, пазналі тыя вербы, я вельмі ганарыўся...

— Эрнст Неізвесны калісьці пажартаваў, а мо і на поўным сур’ёзе сказаў: “Вертыкаль — Бог, гарызанталь — мастацтва, а ў кропцы скрыжавання — Мікеланджала, Шэкспір і я”. У “кропцы скрыжавання” хто альбо што для вас галоўнае?

— Хто — Максім Багдановіч. Што — любоў да Радзімы. Багдановіч і гэтая шчырая любоў — непадзельныя...

— А Кірыла Тураўскі, партрэт якога вы напісалі ў 2004 годзе?

— І ён — таксама. Тураўскі дакладна ўсведамляў, што з’яўляецца сынам зямлі беларускай, што гэта — не пусты гук, а адказны абавязак. І неабходна не толькі хлеб Бацькаўшчыны есці, але і адказваць за ўсю ніву…

— У сваіх творах вы ўражваеце менавіта шчырасцю — хоць за савецкім часам, хоць цяпер. Адчуваецца, што верыце ў светлую будучыню таго ж роднага для нас з вамі Палесся. Чарнобыльская катастрофа гэтай веры не пахіснула?

— Канешне, для мяне гэта — асбістая трагедыя. Родная вёска знікла з усіх карт... Чарнобыльскую тэму толькі праз год пасля бяды пачаў распрацоўваць. А праз тры пабываў у зоне адсялення разам з кінематаграфістамі. Усе хаты, нават буслянка, пазарасталі плюшчом. Цяпер, напэўна, і хат не засталося... Але вера — жыве. Вера знікае, калі мастак пачынае кан’юнктурыць.

— Гэтую веру жывіць менавіта любоў да Радзімы?

— Безумоўна, не грошы. Бяда мастакоў XXI стагоддзя ў тым, што яны, жывучы ў перанасычаным інфармацыяй свеце, гоняцца за модай, а не шукаюць сябе. І не толькі ў нас. На міжнароднай выстаўцы і не адрозніш цяпер, дзе твор, да прыкладу, з Італіі. Раней імгненна вызначалася: гэта — нямецкае мастацтва, а гэта — іспанская школа... Сёння — усё на адзін капыл.

— І што, няма адчування, што асобныя маладыя творцы, сапраўды таленавітыя, ужо наступаюць на пяткі?

— У іх іншы клопат: трэба за модай угнацца. А мода, я ўжо казаў, не столькі — на камерцыйны склад розуму, колькі — на паскоранае заваяванне сусветнага мастакоўскага імя.

— Ёсць паслядоўнікі вашага стылю — падрабіць яго, напэўна, нескладана, аднак шчырасць “сплагіяціць” немагчыма. Што скажаце на гэты конт?

— Свой стыль выпрацаваць — справа пакутлівая. Але без яе няма і нацыянальнага мастацтва... Не толькі нагамі, але і душой трэба адчуць родную зямлю. А як яе адчуць, калі пакаленне вырасла на асфальце?

— Так, вёскі пакрысе гібеюць, а сельская моладзь падаецца за лепшай доляй у гарады...

— І гэта — трагедыя. Не віна маладых, а іх бяда, што забыліся на матчыныя тканыя ўзоры. Яно як раней было? За сталом у вясковай хаце ў куце садзіўся дзед, потым — бацька, старэйшы сын... Падлеткі па ранжыры на супрацьлеглым краі ўладкоўваліся. І каб бліжэй да кута перасесці, трэба было ладны кавалак жыцця пражыць. А цяпер дзіця адразу пасля нараджэння ці не на месца дзеда ўсаджваюць. Яшчэ нічога не зрабіў, а ўжо — пуп зямлі!..

— Прыклад — пераканаўчы... Інтрыг шмат у мастакоўскім свеце? Тых, што дапамагаюць хутчэй “у кут перасесці”?

— Рафаэль з Мікеланджала таксама не надта сябравалі. Першы супраць другога такія інтрыгі плёў... Мяне на пачатку маёй мастакоўскай працы як толькі не называлі ў даносах: і хахлом (прозвішча — украінскае, ды і вучыўся ў Львове), і фармалістам...

— Гаўрыла Харытонавіч, а што цяжэй за ўсё намаляваць? Графікі кажуць, што — сонейка…

— Ды неяк і не задумваўся над такой праблемай.

— А можна адным колерам, адным адценнем карціну напісаць?

— Можна і ўсёй палітрай нічога не зрабіць. Каб толькі ў колерах справа была…

— І што ж на канцы пэндзля яшчэ павінна быць?

— Душа.

— А не шкада яе вось так растрачваць?

— Ці ж ёсць у яе памеры? Душа — як птушка Фенікс...

— Карціну “Няскораная” пісалі з якім пачуццём? І ўвогуле, што часцей згадваецца з часін Вялікай Айчыннай вайны?

— Згадваецца той страх, з якім я, чатырнаццацігадовы, ведаючы, што вайна пачалася, чакаў прыходу фашыстаў... Але не скарыліся і гэтай навале!..

— Які колер — ваш улюбёны?

— Колер зямлі.

— Мы сапраўды талерантныя?

— Я не хачу, каб мы сталі абыякавымі…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"