Рэанімацыя для наватарства

№ 50 (816) 15.12.2007 - 21.12.2007 г

Праз некалькі гадоў у Віцебску з’явіцца рэалія, якая прымусіць грамадства загаварыць пра сябе як пра рэактар і акумулятар наватарства ў сучасным мастацтве. Справа ў тым, што ў Віцебску пачалася праца па стварэнні паўнавартаснага Цэнтра сучаснага мастацтва. Ды не чарговага музея ці выставачнага павільёна для сучасных мастакоў, а такога, які паставіць на чале ідэі наватарства і міжнародны дыялог. Якім быць гэтаму Цэнтру? Дзеля чаго распачынаць міжнародны глабальны праект? Як гэта рабіць? Каб адказаць на пытанні, Музей “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва” арганізаваў у сваіх сценах прэзентацыю-абмеркаванне гэтага праекту, запрасіўшы да ўдзелу Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Мірэй Мюсо, дырэктара французскага нацыянальнага Цэнтра сучаснага мастацтва Алена Флешэра, дырэктара фонда “Караван культур” Алену фон Імерзэль-Харытонаву з Каралеўства Нідэрланды, а таксама газету “Культура”, якая непасрэдна займаецца гэтай праблематыкай. У абмеркаванні таксама прынялі ўдзел мастакі і мастацтвазнаўцы, кіраўніцтва горада і вобласці, студэнты.

 /i/content/pi/cult/141/896/Socium2.jpg
Аднак перад тым, каб падысці да расповеду пра грандыёзны па ўсіх мерках праект, трэба ўзгадаць гісторыю. А пачалося ўсё з Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, арганізаванага М.Шагалам у 1918 годзе, якое ўвайшло ў сусветную мастацкую культуру як адпраўная кропка для многіх мастацкіх школ, таго ж Баухауса. У аснову сваёй дзейнасці заснавальнікі віцебскай школы — М.Шагал, К.Малевіч, Л.Лісіцкі, В.Ермалаева, Н.Каган — заклалі тэарэтычную платформу, абгрунтавалі свой рух, вылучылі тыя законы, па якіх развіваецца сучаснае мастацтва. Адзін з іх — гэта мадэляванне любой наватарскай з’явы на прынцыпе дыялога без тэрытарыяльных, гістарычных і іншых межаў.
Другая ідэя, якой карыстаецца ўвесь свет,— гэта разгляд свайго мастацтва ў кантэксце і разам з сусветным. Многія ідэі заснавальнікаў Віцебскай школы былі перанесены ў іншыя гарады і краіны, дзе паглыбляліся і развіваліся традыцыі пачынальнікаў. Кожны з заснавальнікаў, як усім вядома, стаў творцам мегавелічыні, аднак ні час, ні грамадская свядомасць не былі гатовыя да поўнага разумення іх дасягненняў.
Вядомы нам і час забыцця, калі працы заснавальнікаў стаялі ў запасніках і былі забаронены да экспанавання. А між тым іх ідэі, практыка і тэорыя разыходзіліся па свеце, там і тут нараджаючы школы і паслядоўнікаў.
У 1960-ыя гг. інтарэс да іх пачаў адраджацца, калі ў Віцебск прыехаў Аляксандр Салаўёў. З’явілася група мастакоў, якая загаварыла пра вяртанне гэтых імёнаў. Потым стала вядома, што ў Віцебску захаваўся будынак па вуліцы Праўды, 5а, былая вучэльня, што дало падставу гораду стварыць у 1998 годзе Цэнтр сучаснага мастацтва. Менавіта Цэнтр і ўзяў на сябе адказнасць за адраджэнне Віцебскай школы наватараў. Але не ў былым варыянце, а такім, якім ён быў бы цяпер, на пачатку ХХІ стагоддзя.
— Па сутнасці, Цэнтр сучаснага мастацтва, — расказвае яго дырэктар Валянціна КІРЫЛАВА, — ужо існуе: з 1998 года. Аднак гэта толькі адпраўная кропка праекта. Для таго, каб прывесці яго ў дзеянне, запусціць рэактар, мы ўзяліся за працу па двух накірунках.
Першы — гэта гісторыка-культурная спадчына, гэта ўся тая навукова-тэарэтычная і мастацкая частка, якая патрабуе ад нас яшчэ вялікіх даследаванняў, запаўнення белых плям. На аснове гэтага накірунку на вуліцы Праўды, 5а, у будынку, перададзеным нашаму Цэнтру, мы створым музейную экспазіцыю.
Другі накірунак — гэта актыўная прапаганда твораў сучасных мастакоў, дзе пад словам “сучасны” маецца на ўвазе не проста “сучаснік”, а “наватар”. Па віцебскіх выстаўках можна ўбачыць, што наватарства абсалютна ўласціва сучасным віцебскім мастакам. Гэта праекты, якія робіць у нас Аляксандр Малей, Галіна і Васіль Васільевы, іншыя аб’яднанні на аснове Віцебскай школы.
Іх выстаўкі, праекты сталі ініцыятарамі і міжнародных праектаў. Сёлета ў нас прайшло шэсць міжнародных выставак сумесна з Германіяй, Галандыяй і іншымі краінамі. І на базе гэтых выставак нараджаюцца новыя кантакты. Але для нас важны не проста выставачны абмен, а ўзняцце праблем, пытанняў, звязаных з музеямі і аб’яднаннямі сучаснага мастацтва. Увогуле ж Цэнтр сучаснага мастацтва як форма сёння вельмі актуальная ў свеце: пры адной толькі назве — Цэнтр Жоржа Пампіду — мы паважліва ўстаём. А ў нас атрымалася, што Віцебск, з’яўляючыся крыніцай многіх мастацкіх цэнтраў і школ свету, сам вельмі доўга, пакутліва і балюча падыходзіў да гэтай тэмы. Але сёння мы разумеем, што ўся папярэдняя дзейнасць, якая была звязана з падрыхтоўкай дакументальнага і нагляднага матэрыяла, абгрунтаванасць мэтазгоднасці — гэты перыяд скончаны. Мы больш нічога і нікому не павінны даказваць. Нам трэба ўжо выходзіць на новы віток.
— У якім выглядзе, у якой форме рэалізуецца дадзены праект? Сама ідэя надзвычай шматгаліновая, якая патрабуе такога ж шматпланавага ўвасаблення. Вы, напэўна, гэта пралічылі?
— Форма павінна адпавядаць сэнсу, мэце. Гэта будзе шматфункцыянальны цэнтр, мультыплекс, дзе знойдуць месца і тэатральнае мастацтва, і кіно, і выяўленчае мастацтва, і навуковая, асветніцкая, выставачная дзейнасці, і гэтак далей.
— Для гэтага ж неабходны вялікія плошчы?
— Так, таму бліжэйшы этап стварэння запланаванага — гістарычна дакладная рэканструкцыя былой вучэльні, дзе размесцяцца экспазіцыі, творчыя лабараторыі мастакоў, эксперыментальныя пляцоўкі для наватарскіх праектаў, якім патрэбны час, магчымасці і месца для гэтага, а таксама інфармацыйная падтрымка. Такім чынам, для мастакоў плошчы Цэнтра стануць эксперыментальнымі пляцоўкамі. Канешне, адведзенага будынка для гэтага мала, таму мы на плошчы Тысячагоддзя пабудуем вялікі пяціпавярховы мультыплекс амаль на 60 тыс. кв. м. У ім зона экспазіцыі складзе 5 тысяч кв.м., зона захоўвання экспанатаў — 1300 кв.м., навукова-рэстаўрацыйнае памяшканне — 1200 кв.м., зона шматфункцыянальнай канферэнц-залы, кафэ, буфета — 1260 кв.м. Там жа будзе і кіназала, і тэатральная зала… Карацей, мы адродзім той Цэнтр, які планаваўся ў Віцебску ў дваццатыя гады.
— Справіцца з задачамі невялікім калектывам цяперашняга Цэнтра, мне падаецца, нерэальна?
— Тым не менш, мы будзем гэтым займацца. Аднак цяпер ставіцца задача максімальнага прыцягвання міжнародных спецыялістаў. У нас ёсць спецыялісты-сябры, калегі па праекце ў Францыі, Германіі, Галандыі, Расіі. Яны і іншыя, хто ўцягнецца ў наш дыялог, аўтаматычна становяцца стваральнікамі Цэнтра, удзельнікамі яго фарміравання. Напрыклад, тая электроніка, якая сёння ёсць у французскім Цэнтры сучаснага мастацтва, пры дапамозе Алена Флешэра, яго дырэктара, будзе праектавацца і для нас. З Зурабам Цэрэтэлі ў нас таксама чатырохгадовае супрацоўніцтва, і сёння Расійская Акадэмія мастацтваў разглядае наш праект…
— Аднак пакуль Цэнтр не заявіў пра сябе на поўную моц, ён будзе выконваць ролю, па сутнасці, сучаснага музея?
— Не зусім, хаця наш праект і музей сучаснага мастацтва — у нечым падобныя формы. І першы і другі займаецца прыкладна адной справай, але калі для мастацкага музея характэрна даследаванне ўсіх сучасных напрамкаў, дык для нашай канцэпцыі важна акурат наватарства, новае мастацтва. І не толькі на нашай тэрыторыі, а і ўвогуле ў свеце, напрыклад, калі наватарскі праект нарадзіўся і дэманструецца, рэалізуецца ў Францыі. Таму для нас важна ўсталяваць кантакты з замежнымі цэнтрамі, асабліва тымі, якія былі створаны ў развіццё ідэй Віцебскай школы. І не толькі таму. У Віцебску не засталося арыгінальных прац заснавальнікаў, і нам трэба з імі знаёміцца, даследаваць. Вось, прыкладам, калекцыя Лісіцкага — самая вялікая ў Еўропе — знаходзіцца ў Галандыі ў Эйндховене. Задача нашага цэнтра — збіраць раздробленую па краінах інфармацыю.
— А ці дазваляе беларускі ўзровень падрыхтоўкі прымаць тую інфармацыю адпаведна? Напрыклад, могуць быць праблемы з-за рознага ўзроўню тэхналогій, апрацоўкі інфармацыі…
— Мы гатовы да гэтага, і павінны пераходзіць на электронныя формы паказу, уліку і гэтак далей. Мы будзем ствараць інтэрактыўную базу, якая дазволіць чалавеку з Віцебска ўваходзіць у інтэрактыўныя музеі іншых краін свету, хутка атрымліваць ад іх інфармацыю. Вельмі важнае пытанне для нас — гэта кваліфікацыя спецыялістаў. У нас працуюць людзі з выдатным веданнем замежных моў, што ліквідуе шэраг праблем і ўсталёўвае хуткі кантакт. Мы збіраемся выкарыстоўваць усе электронныя і ўвогуле новыя сродкі сувязі і працы, якія толькі ёсць. Бо мы, не забывайцеся, прапагандуем ідэю наватарства, нават у сваёй уласнай працы.…Што ж, Цэнтр сучаснага мастацтва паставіў перад сабой “напалеонаўскія” планы, вельмі карысныя і высакародныя — з аднаго боку, фінансава затратныя — з другога, і народжаныя сучаснасцю — з трэцяга. Усё ж ёсць у сучасным мастацтве, калі шчыра, нейкае адчуванне замарожанасці, няўпэўненасці, баязлівасці спарадзіць нешта новае, актуальнае, авангарднае. А калі такое здараецца — гэта часта не больш чым пагардлівы акт нонканфармізму… А хочацца наватарства не дзеля эгацэнтрызму, не дзеля самалюбавання, а для таго, каб наш побыт, архітэктура, гарады неслі ў сабе ідэю будучыні, развіцця. І ці суджана нам гэта ўбачыць праз дзесяцігоддзе-другое, у многім залежыць і ад кіраўніцтва, яго падтрымкі.
— Пакуль пра лёс гэтага праекта, — кажа начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Віктар КІБІСАЎ, — сказаць нешта канкрэтнае я не магу, бо няма канкрэтнай фінансавай падтрымкі, акрамя нашай. А яе недастаткова. Перамовы з Зурабам Цэрэтэлі пакуль нічым не скончыліся. Спрабуем знайсці інвестараў, але яны таксама не вельмі жадаюць укладаць грошы ў культурны праект. Пакуль спрабуем ствараць вакол праекта інтарэс, каб зацікавіць інвестараў.
— Гэта выдатна, што мы працягваем традыцыі Віцебскай школы, — сцвярджае Мікалай ПАШЫНСКІ, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. — А гэты праект, апроч іншага, і спроба паказаць Віцебск перспектыўным і запатрабаваным. Для гэтага ў нас не хапае плошчы — выставачнай, лабараторнай. Сёння нам патрэбна самая рознапланавая дапамога, не толькі ў будаўніцтве, а і ў стажыраванні, прыкладам. Пакуль пытанне фінансавання, на жаль, застаецца адкрытым. Аднак калі ёсць зацікаўленасць у грамадства, у кіраўніцтва горада, гэты праект не будзе занядбаны.
Проста ім трэба займацца і ён будзе рэалізаваны — у тым ці іншым варыянце. Галоўнае, што патрэба ў гэтым ёсць.

Святлана ЖУРАЎСКАЯ,
наш спецкар.
Мінск — Віцебск — Мінск