Злучаныя Штаты Амерыкі
Фільм “У тумане” рэжысёра Сяргея Лазніцы паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава паспяхова стартаваў у амерыканскім пракаце. Карціна выйшла на экраны ў мінулыя выхадныя і, як адзначыў прэсе генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Алег Сільвановіч, выклікала цікавасць у гледачоў. Зараз паказы карціны праходзяць у трох кінатэатрах на Манхэтане. Увогуле, у Нью-Ёрку стужка будзе знаходзіцца ў пракаце цягам месяца. Пасля яе плануецца прадэманстраваць і ў іншых гарадах.
Кадр з фільма "У тумане".
Пазнаёмяцца ў Штатах і з нашай літаратурай. Упершыню ў перыёдыцы ЗША — нумар часопіса “Флорыда”, які выдаецца па-руску, прысвецяць творчасці беларускіх пісьменнікаў.
Фінляндыя
18 чэрвеня ў Хельсінкі адкрыліся Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Фінляндскай Рэспубліцы, арганізаваныя Пасольствам Беларусі ў Літве і Фінляндыі. Адбылося адкрыццё выставак Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі”, а таксама выступленне фальклорнага калектыву “Купалінка”. Палацава-паркавы комплекс “Нясвіж” быў презентаваны грамадскасці. У гэты ж дзень у Хельсінкі выступіў беларускі Тэатр-студыя кінаакцёра з праектам “ТрыТфармаТ”.
Італія
Удзельніцы вакальнага ансамбля “Элегія” Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа ўдастоены дыплома I ступені Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Chorus Inside”, што днямі завяршыўся ў Італіі. Асноўная частка спаборніцтваў праходзіла ў г. К’еці, на сцэне опернага тэатра Маручча. Акрамя таго, па-за конкурснай праграмай “Элегія” выступіла на адкрытых канцэртных пляцоўках, а таксама ў старадаўніх храмах.
Тым часам 14 чэрвеня ў Фларэнцыі адкрылася Ганаровае консульства Рэспублікі Беларусь, якое будзе займацца, у тым ліку, пытаннямі культуры. Урачыстая цырымонія адкрыцця офіса, размешчанага ў гістарычным цэнтры горада, прайшла ў прысутнасці віцэ-прэфекта Фларэнцыі Антоніа Лучыа Гаруфі, а таксама прадстаўнікоў дзелавых і культурных колаў Тасканы.
Польшча
У гэты ж дзень у Беластоку ў зале Беларускага грамадска-культурнага таварыства адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды ўзнагароджання пераможцаў конкурсу “Пазнай Беларусь”. Апошняе было спалучана з канцэртам, які падрыхтавалі лаўрэаты дзіцячага фестывалю ў Польшчы “Беларуская песня-2013”. V Дзіцячы конкурс быў арганізаваны Культурным цэнтрам Беларусі пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча сумесна з Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы.
Расія
20 чэрвеня адкрыўся 35-ы Маскоўскі міжнародны кінафестываль. У асноўную конкурсную праграму кінаагляду ўключана 16 карцін, у тым ліку сумесная работа кінастудыі “Беларусьфільм” і яе замежных партнёраў — фільм Канстанціна Лапушанскага “Роля”. Гэта стужка — другая работа кінастудыі “Беларусьфільм”, якая ў апошнія гады ўдзельнічае ў Маскоўскім фестывалі. Летась айчынны кінематограф быў прадстаўлены ў асноўным конкурсе карцінай сумеснай вытворчасці Беларусі, Эстоніі і Латвіі “Адзінокі востраў”.
Беларускі балетмайстар Дзмітрый Залескі стаў лаўрэатам Трэцяй прэміі ХII Міжнароднага конкурсу артыстаў балета і харэографаў, які завяршыўся сёння ў Маскве. Ён прадставіў на конкурсе харэаграфічную кампазіцыю “Гульня”. У гэтым конкурсе прымалі ўдзел 180 чалавек з 26 краін. Іх творчае спаборніцтва на працягу дзесяці дзён праходзіла на дзвюх сцэнах Вялікага тэатра.
У Ніжнім Ноўгарадзе прайшоў XVI Расійскі фестываль тэатральных капуснікаў “Вясёлая каза”. У бягучым годзе ніжагародскім гледачам былі прадстаўлены і творчыя нумары ў выкананні акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, неаднаразовых лаўрэатаў фестывалю. Усяго ў фестывалі тэатральных капуснікаў прынялі ўдзел 150 акцёраў, якія прадстаўляюць больш за 30 гарадоў Расійскай Федэрацыі, а таксама Беларусь і Украіну.