Дыскатэка: месца выплеску энергіі ці “зона павышанай праблемнасці”?

№ 50 (816) 15.12.2007 - 21.12.2007 г

Да ды-джэя дыскатэкі “Пандшар” з Клічава Уладзіміра Рыбакова я патэлефанаваў з прапановай падзяліцца творчым досведам у сваёй прафесіі — нялёгкай і, вядома ж, адказнай. Балазе, на Магілёўшчыне ён лічыцца адным з яе карыфеяў. Але ўжо самыя першыя хвіліны нашай размовы засведчылі, што праблематыка, пра якую варта гаварыць у сувязі з дыскатэкамі ў малых гарадах, значна шырэйшая за іх рэпертуар і тэматыку.

/i/content/pi/cult/141/895/Dyskateka.jpg 
Як паспець “натанчыцца”?
Выкананне плана платных паслуг у галіне культуры ў Клічаўскім раёне сёлета пад пагрозай. І начальнік аддзела культуры Віктар Шыманскі можа лёгка патлумачыць, дзе ў яго зладжанай дзейнасці ўтварыўся “прарэх”: улетку ў райцэнтры дыскатэкі лічы што не было. Дакладней, яна праводзілася: штовыхадны на танцпляцоўцы ў гарадскім парку запальваліся агні і гучала музыка, але...
Заклікі ды-джэя весяліцца, танчыць, адпачываць былі, па сутнасці, безадраснымі. Бо, як вядома, весялосць, танцы і адпачынак у мястэчках пачынаецца дзесь бліжэй да дзесятай вечара. Менавіта ў той час, калі, згодна з Палажэннем аб арганізацыі і правядзенні дыскатэк, танцы на адкрытай пляцоўцы ўжо пара згортваць. І патоўпіўшыся ля танцпляцоўкі, моладзь выпраўлялася на пошукі весялосці ці ў гарадскі парк, ці ў мясцовыя бары. Пра небяскрыўднасць такога “неарганізаванага адпачынку” лішне казаць.
Таму адказ на маё пытанне, ці палепшылася крымінагенная сітуацыя ў Клічаве пасля абмежавання часу працы дыскатэкі, зададзенае начальніку Клічаўскага РАУС Аляксандру Сяргееву, быў адмоўны:
— Працаваць у гэтыя месяцы нам было куды складаней. Жыхары прылеглых да парку дамоў пастаянна скардзіліся на шумныя кампаніі. Бо самі разумееце — спыніўшы дыскатэку а дзесятай, маладога хлопца спаць не прымусіш. Таму моладзь усё адно гудзела дапазна, і часта вынікам яе “адпачынку” станавіўся пагнуты дарожны знак, разбіты ліхтар, а то і што горшае.
Нібы прадбачыўшы такую сітуацыю, стваральнікі Палажэння прапанавалі шлях яе вырашэння. Той самы яго пункт дазваляе мясцовым уладам працягваць час правядзення дыскатэк на адкрытых пляцоўках. Але ў Клічаве на гэта не пайшлі.
Затое ў сярэдзіне лістапада райвыканкам прыняў доўгачаканае для многіх жыхароў Клічаўшчыны рашэнне — дазволіць правядзенне дыскатэк да паловы дванаццатай. Здавалася б, нічога рэвалюцыйнага ў ім няма — у будынку ДК дыскатэкі і без таго ладзіліся да адзінаццаці. Але... менавіта гэтая палова гадзіны звыш нормы дазволіла “Пандшару” вярнуць свае былыя маштабы.
Не так даўно сярэдняя колькасць наведвальнікаў ледзьве даходзіла да сотні, а цяпер узрасла амаль удвая.
— Да нас сталі хадзіць і тыя, каму ўжо за 20,— распавядае Уладзімір. — Іх суботні вечар пачынаецца толькі а дзесятай, калі не пазней, а сарака хвілін для танцаў яўна замала. Нават успацець не паспееш.
У сувязі з гэтымі акалічнасцямі маладзёжнага побыту ў Клічаве ўжо даўно лунае досыць смелая як для райцэнтра ідэя — зрабіць суботнія дыскатэкі начнымі: маўляў, танчы хоць да ўпаду...
Па словах В.Шыманскага, такая патрэба сярод моладзі наспела ўжо даўно. Ды і іншыя датычныя да справы выхавання спецыялісты, з якімі даводзілася гутарыць у райцэнтры, ідэю гэтую ў цэлым падтрымліваюць. Хаця апошняе слова, вядома, за кіраўніцтвам раёна.

Адчуваць павагу да сваёй асобы
А засцярога начальства — вытлумачальная. Дыскатэка — тым болей, у невялікім горадзе, — недарэмна лічыцца “зонай павышанай праблемнасці”. Але ці ствараюць праблемы танцы ў Клічаве?
Начальнік Клічаўскага РАУС А.Сяргееў кажа, што не надта. Вядома, канфлікты з прычыны таго, што хтосьці не тую “дзяўчыну патанчыў”, раз-пораз бываюць , але... Правапарушэнні для гэтай дыскатэкі — хутчэй выключэнне, чым правіла. За ўвесь год тут здарылася ўсяго толькі тры-чатыры выпадкі крадзяжу мабільных тэлефонаў ды пара не вельмі брутальных сутычак. А тыя, хто завітваюць сюды нападпітку, парог ДК пераступіць не могуць. “Фэйс-кантроль”, які ажыццяўляюць супрацоўнікі міліцыі, педагагічны патруль і члены маладзёжнай дружыны “Вымпел”, строгі і няўхільны. Таму і з сабою “паліва” не пранясеш, нягледзячы на ўсе хітрыкі.
Больш за тое, “Пандшар” становіцца добрым і ненавязлівым спосабам прафілактыкі правапарушэнняў. Танцы ў Клічаве перамяжоўваюцца з хвілінамі прававой інфармацыі, калі мікрафон бярэ ў рукі супрацоўнік міліцыі і заклікае прысутных быць пільнымі ў дачыненні да кішэнных злодзеяў, не ўжываць алкаголь ці, напрыклад, не брыдкасловіць. А маналогі на тэму “злачынства і пакаранне” забяспечваюцца красамоўнымі прыкладамі з жыцця, якія ў мястэчку вядомыя ўсім. Аднойчы завадатары дыскатэкі раздалі заўсёднікам свайго кшталту “памятку”, дзе пералічаныя ўсе блізкія моладзі адміністратыўна-крымінальныя “грахі” і кара за іх, прадугледжаная законам.
Ды не толькі ў гэтым бачыць карысць ад дыскатэкі начальнік раённай міліцыі:
— Дыскатэка ў такіх малых гарадах, як Клічаў — бадай безальтэрнатыўная форма баўлення вечаровага вольнага часу моладзі. Цалкам можна зразумець і ўхваліць яе жаданне выплёскваць сваю энергію. І калі людзі не будуць рабіць гэта ў танцы, яны абяруць іншыя спосабы, дэструктыўныя. Да таго ж, на дыскатэцы ўся моладзь збіраецца разам у адным месцы, пад наглядам педагогаў і супрацоўнікаў міліцыі. Адна толькі прысутнасць людзей у форме становіцца фактарам прафілактыкі правапарушэнняў. Я не псіхолаг, але мяркую, што танцы спрыяюць развіццю асобы— нельга ж круглыя суткі сядзець у чатырох сценах ды вучыць матэматыку. А культура правядзення дыскатэкі мае вялікі ўплыў на фармаванне свядомасці падлеткаў — і ўплыў гэты можа быць як станоўчым, гэтак і адмоўным. Я маю на ўвазе не толькі рэпертуар. Чалавек мусіць усведамляць павагу да сваёй асобы. Тут важна ўсё: і інтэр’ер, і паводзіны дыджэя, і, даруйце, прыбіральня....
На жаль, з апошнім у Клічаве вялікія праблемы — прыбіральні ў Доме культуры толькі на вуліцы.

Зрабі дыскатэку сам
Каб больш-менш трымацца на плыву ў такія “хлебныя” зазвычай летнія месяцы, аддзелу культуры давялося актывізаваць канцэртную дзейнасць ды шукаць іншыя спосабы выканання плана платных паслуг. Усяго ў раёне іх ажно 40 відаў, і хутка павінен з’явіцца яшчэ адзін — Уладзімір Рыбакоў ужо амаль сабраў камплект абсталявання, патрэбны для прафесійнай студыі гуказапісу. Неўзабаве народным калектывам рэгіёна не давядзецца ездзіць далёка, каб увекавечыць сваю праграму на CD. Ды і для дыскатэкі студыя таксама не проста не лішняя — неабходная.
Так, ёсць стэрэатып, паводле якога функцыя правінцыйнага ды-джэя заключаецца адно ў тым, каб уключыць “на ўсю катушку” куплены надоечы на рынку пірацкі кампакт-дыск. Да такога “творчага падыходу” Уладзімір і яго калегі ставяцца з ярка выяўленай пагардай.
— У нас бывае так, што на працягу нейкай паловы гадзіны музычныя стылі чаргуюцца, бы карцінкі ў калейдаскопе,— распавядае клічаўскі ды-джэй. — Пасля танцавальнай “папсы” — рэп, пасля рэпу — рок, пасля року — народная песня ў сучаснай апрацоўцы.
І самае галоўнае, што ўсе гэтыя кампазіцыі былі запісаны тут, у Клічаве, літаральна за сценкай дыскатэчнай залы. Многія нашы наведвальнікі пра гэта і не ведаюць, а калі ведаюць, дык веры не даюць. Варта яшчэ дадаць, што да большасці гэтых запісаў тым ці іншым спосабам прыклаў руку сам Уладзімір. У версіі яго музычнага праекта (ён, як і дыскатэка, называецца “Пандшар” — у памяць пра тыя мясціны ў Афганістане, у якіх Уладзіміру давялося служыць), дзе фальклорнае шматгалоссе дапаўняюць танцавальныя рытмы, кампазіцыя “Купалінка” выйшла ў зборніку папулярнай музыкі ў Маскве — пад адной вокладкай з карыфеямі жанра.
Здавалася б, заводзячы гутарку на сур’ёзныя тэмы падчас весялосці, можна лёгка дасягнуць выніку, дыяметральна супрацьлеглага жаданаму. Усё залежыць ад таго, хто гаворыць. І як. Калі да здаровага ладу жыцця моладзь смешным голасам заахвочвае лялька, прамаўляючы дасціпныя маналогі а-ля Верка Сярдзючка, дык да яе слоў прыслухоўваешся ахвотна. Альбо калі заклік “Не курыце” пакладзены на танцавальныя рытмы і забяспечаны гарэзлівымі каментарыямі. Таму і нядзіўна, што дыскапраграма, прысвечаная прапагандзе здаровага ладу жыцця, 1 снежня атрымала дыплом на абласным аглядзе-конкурсе.
Тым часам Уладзімір паказвае яшчэ адно “ноу-хау” клічаўскай дыскатэкі, якому маглі б пазайздросціць нават “прасунутыя” мінскія клубы. У суботу імпрэза “Пандшара” недарэмна называецца відэадыскатэкай — і тыя 500 рублёў, якія пераплочваюць за квіткі наведвальнікі, выкінуты не на вецер. Яны абарочваюцца хоць бы магчымасцю ўбачыць саміх сябе на экране. Напярэдадні суботняга вечара завадатары дыскатэкі раз-пораз здымаюць і манціруюць невялічкія відэафільмы, і людзі ў зале пазнаюць сябе і знаёмых....
Тут я не магу стрымацца ад пытання: а хто ж усё гэта робіць? Адкуль ідэі, сілы і здольнасці для іх увасаблення? Слухаючы адказ на гэтае пытанне, усведамляеш яшчэ адну функцыю дыскатэкі — ці не найважнейшую.
— Талентаў у нас не бракуе, — кажа хормайстар ДК Уладзімір Ігнатовіч, які актыўна выяўляе сваю вынаходлівасць ды тэмперамент у падрыхтоўцы дыскапраграм. — Трэба толькі даць ім магчымасць самавыявіцца.
І менавіта дыскатэка яе дае. Дзе б яшчэ раскрыла свае творчыя здольнасці выкладчык-дэфектолаг Марына, якая цяпер працуе ў танцавальным калектыве Жанет, але і на “роднай” дыскатэцы нярэдкая госця? У якім клубе мог бы адбыцца дэбют Шчэпы— першага выканаўцы, які пачаў чытаць рэп па-беларуску (прынамсі, мяне ў гэтым запэўнівалі)? І няўжо культавы сярод мясцовай моладзі персанаж — пажарнік Сан Саныч, які размяняў ужо пяты дзесятак, — здолеў бы выявіць сваё ўтрапёнае захапленне брэйк-дансам на працоўным месцы? Вядома ж, не. Уся гэтая творчая энергія канцэнтруецца менавіта тут, у сціплым фае ДК.
Ідэй у творчага калектыву дыскатэкі ніколі не бракуе. Чаму б, скажам, не запрасіць народны вакальны ансамбль, спалучыўшы танцы са шматгалосым спевам, пытае хормайстар ДК? Перашкаджае рэалізацыі задум матэрыяльная база — папраўдзе слабенькая. Пра яе стан У. Ігатовіч ведае не па чутках — як майстру на ўсе рукі, яму не аднойчы даводзілася працаваць з паяльнікам над яго ўдасканаленнем... 

* * *
Перастрэўшы на вуліцы начальніка аддзела па справах моладзі Клічаўскага райвыканкама Аксану Ганчаронак, Уладзімір запытаў, як прайшоў фэст “Рок супраць СНІДу і наркотыкаў” (ён сам у гэты дзень акурат ездзіў на абласны конкурс у Касцюковічы). “Выдатна! Поспех папраўдзе шалёны”, — быў адказ.
На маё відочна правакацыйнае пытанне, ці не лічыць яна рок-музыку дэструктыўнай, абаяльны маладзёжны лідэр адказала:
— Сапраўды, яна можа быць дэструктыўнай. Але толькі ў тым выпадку, калі няма належнага ўзроўню арганізацыі. Мы гэта разумеем — і аддаем усім плыням маладзёжнай субкультуры належную ўвагу. Напрыклад, нашы рокеры, якімі кіруе выкладчык каледжа Аляксей Кіба, базіруюцца ў маладзёжна-падлеткавым цэнтры “Мерыдыян”. Ладзячы ўжо другі год запар гэты фестываль — дарэчы, удзел у ім бяруць і гурты з суседніх раёнаў,— мушу засведчыць, што папулярнасць рок-музыкі цалкам можна выкарыстоўваць для выхавання моладзі.
Тое самае тычыцца і рэпа ды брэйк-данса, захапленне якімі сярод тынэйджэраў у Клічаве павальнае. Брэйкеры не “стаяць на галаве” сярод вуліцы — для гэтага ім адведзены памяшканні ДК. Яго дырэктар Ганна Коўрык ставіцца да экстрэмальныхтанцаў са спагадай — хаця і выхавана яна яўна на іншай эстэтыцы. А аддзел культуры нават задумаў быў правесці абласны турнір па брэйку....
Мусіць, такое паразуменне са старэйшымі, адчуванне з іх боку ўвагі да сваіх упадабанняў і адпачынку спрыяе выхаванню ў моладзі пачуцця адказнасці за свае ўчынкі і жыццё ў цэлым куды больш, чым жорсткія санкцыі.

Ілля СВІРЫН,
наш спецкар.
Мінск — Клічаў — Мінск