“La Belle Ligne Сорына пастаіць за сябе…”

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

…31 кастрычніка 1907 года адбыўся ўрачысты акт прысуджэння звання мастака тым, хто паспяхова скончыў Акадэмію мастацтваў. Сярод іх быў і Савелій Сорын, аўтар дыпломнай карціны “Натхнёная хвіліна”, якую акадэмічны музей тут жа набыў: на палатне адлюстравана італьянская драматычная актрыса Элеанора Дузэ ў час рэпетыцыі. Тэма была падказана Рэпіным, які ў час гастролей актрысы ў Пецярбургу сам рысаваў яе з натуры ў 1891-м.

(Працяг. Пачатак у № 22, 23 за 2013 г.)

Сябры Сорына па выпуску — жывапісцы Раман Калеснікаў, Аляксандр Кудраўцаў, Сямён Іўкоўскі, скульптар Зінаіда Марына, архітэктары Мікалай Фралоў, Мікалай Грыгор’еў, Сяргей Чарнышоў, Павел Святліцкі, Мікалай Серакоў вялікага следу ў мастацтве не пакінулі. Больш вядомай стала Алена Кісялёва, вучаніца Рэпіна. Яна атрымала званне мастака за карціну “Дзень сёмухі” і першай з “акадэмічных” жанчын дабілася пенсіянерскай камандзіроўкі за мяжу.

/i/content/pi/cult/431/8948/15-1.jpeg

С.Сорын. Нацюрморт з аўтапартрэтам.

Дарэчы, яна была дачкой матэматыка Андрэя Кісялёва, аўтара знакамітага школьнага падручніка, па якім навучалася шмат пакаленняў маладых людзей (я сам вучыўся ў 5-6 класах сярэдняй школы па ягонай “Арыфметыцы”). У 1921 годзе Алена Кісялёва разам з мужам эмігрыравала ў Сербію, дзе і пражыла ўсё жыццё. Памерла ў 1974-м, трохі не дажыўшы да ста гадоў. Якая яна была мастачка, мне сказаць цяжка, бо я бачыў толькі адну ейную работу — даволі цікавы “Партрэт Карнея Чукоўскага”.

Пасля Сорына, мабыць, самым вядомым з выпускнікоў 1907 года быў заўзяты прыхільнік “фавізму” Іосіф Школьнік. Ён, як і Сорын, скончыў Адэскую мастацкую школу (праўда, крыху пазней за нашага героя), а пасля Акадэміі вельмі актыўна ўступіў у творчае жыццё: удзельнічаў у стварэнні мастацкага аб’яднання “Союз молодёжи”, у 1913-м разам з Паўлам Філонавым аформіў спектакль “Уладзімір Маякоўскі”, а з Казімірам Малевічам — п’есу “Перамога над сонцам” В.Хлебнікава і А.Кручоных. Потым прымаў актыўны ўдзел у афармленні рэвалюцыйных святаў, узначальваў Дэкаратыўны інстытут у горадзе на Няве.

Так, выпускнік Акадэміі мастацтваў Савелій Сорын у якасці ўзнагароды за выдатныя поспехі ў мастацтве адправіўся на тры гады ў пенсіянерскую паездку ў Еўропу — для ўдасканалення прафесійнага майстэрства. Яго чакалі Амстэрдам і Парыж. Няшчаснае каханне засталося ў мінулым. Наперадзе — толькі мастацтва, і нічога больш!

Еўропа папраўдзе скарыла Сорына сваім мастацтвам. Знаёмства з новым французскім жывапісам, з творамі класіцыстаў выклікала ў яго бурную рэакцыю. “Змены ўражанняў такія вялікія ды моцныя і так ашаламляюць, што няма ніякай магчымасці ў кароткі тэрмін даць вынік, да якога я імкнуся”, — пісаў Сорын з Парыжа ў Пецярбург, у Акадэмію мастацтваў. Яго раннія творы выкананы яшчэ ў рэпінскай жывапіснай манеры, але ён марыць знайсці свой уласны стыль, каб нікога не імітаваць, а звесці ў гарманічнае адзінства класічную традыцыю і навізну сучаснасці. Канешне ж, усё было не так проста, але для рашэння гэтай задачы Сорыну спатрэбілася ўсяго дзесяць гадоў настойлівай і ўпартай працы. “Шлях, роўны подзвігу”, — скажа пра Сорына Сяргей Макоўскі.

/i/content/pi/cult/431/8948/15-2.jpeg

Злева направа: І.Масквін, К.Станіслаўскі Ф.Шаляпін, В.Качалаў, С.Сорын. На заднім плане — партрэт Г.Паўлавай пэндзля С.Сорына.

І гэта сапраўды так. Далей Макоўскі піша: “…Асабліва цяжкім быў гэты подзвіг незалежнасці ў тыя гады — гады бурнага росквіту лозунгаў ды ўсялякіх “смелых памкненняў”. Ад іх галава кружылася і ў больш самаўлюбёных. Трэба сказаць, што Сорын ніколі не ап’яняўся гэтым опіумам таленту. Да сваіх работ ён ставіўся з пакорлівай цвярозасцю, нават з нейкай пагардай: як пачне гаварыць пра сябе — усё ў яго “не тое” ды “не так”. За гэтай незадаволенасцю сабой угадвалася вялікая гордасць, але ўгадвалася і вялікае пачуццё дасканаласці. Можна не захапляцца Сорыным, можна не любіць яго гладкай алоўкавай манеры і крыху афектаваных партрэтных поз, але нельга адмовіць яму у гэтым вялікім пачуцці, у імкненні выявіць з найбольшай дакладнасцю малюнак жывой формы, ахвяруючы спрытнасцю аўтарскага “росчырку” ў імя найстражэйшай унутранай дысцыпліны, той самай “дысцыпліны ідэалу”, якой славіліся старыя майстры партрэта…”.

Менавіта ў Тыфлісе Сорын напісаў, мабыць, адну з лепшых сваіх карцін — партрэт Марыі Эрыставай-Шэрвашыдзэ-Чачба, па мянушцы “Князёўна Мэры”. Мастак не ўстаяў перад ейнай красой і на ўсе часы ўвасобіў Марыю Пракопаўну ў пагрудным партрэце: ледзь прыпаднятае брыво і горды выраз твару, элегантна накінутая на левае плячо хусцінка… Надзвычайная прыгажосць гэтай жанчыны стала легендай у арыстакратычным асяродку, а таксама сярод паэтаў ды мастакоў. Невыпадкова нейкі час яна лічылася музай выдатнага грузінскага паэта Галакціёна Табідзэ, які прысвяціў ёй верш “Мэры”.

Яе бацька, генерал-маёр, князь Пракоп Шэрвашыдзэ (загінуў у гады Грамадзянскай вайны), з’яўляўся членам Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі. Таму Мэры з сястрой Тамарай, таксама прыгажуняй, яшчэ ў дзяцінстве пераехала з роднага Батумі ў Пецярбург. Дзякуючы свайму выгляду і арыстакратычным манерам Мэры стала фрэйлінай імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Пры двары дзяўчынай усе зачароўваліся. Аднойчы здарылася цікавая гісторыя, пра што не пісаў хіба лянівы. Князёўна, якая заўсёды і ўсюды пазнілася, у адзін цудоўны вечар прыйшла пазней на паніхіду па адной знатнай асобе і дазволіла сабе ўвайсці ў залу пасля (!) імператара, што было найстрашнейшым парушэннем пратакола. Усе прысутныя замерлі (як у фінале гогалеўскага “Рэвізора”) у чаканні жорсткага пакарання з боку імператара Мікалая II: такія рэчы не дараваліся. Але цар паглядзеў на дзяўчыну, мякка ўсміхнуўся, пагладзіў бараду і сказаў: “Грэх, князёўна, быць такой прыгожай!..”

Гэта так! Не выпадкова ейныя партрэты неаднойчы друкаваў папулярны элітны часопіс “Столица и усадьба”. Я бачыў шматлікія фатаграфіі Мэры, пачынаючы з дзіцячых гадоў і заканчваючы апошнімі гадамі жыцця, і павінен сказаць, што яна ва ўсіх узростах выглядае бліскуча, асабліва на здымку 1911-га: у шыкоўным капелюшы з пёрамі і аўтографам “Маry”. Гэтую жанчыну, сапраўды, любілі ўсе, але, як ні дзіўна, у ейным жыцці не было заўважана ніводнай заблытанай любоўнай гісторыі, нейкага скандалу ці плёткі. Яна любіла толькі аднаго — мужа, бравага ўлана Георгія (Гігошу) Эрыстава, прапраўнука грузінскага цара Іраклія II. Яны пабраліся шлюбам у 1919-м у Батумі, а потым апынуліся, як і тысячы эмігрантаў, у Канстанцінопалі, дзе праз паўтара года Мэры, нават там, у няшчасным “белым мурашніку”, стала пераможцай конкурсу прыгажосці!

Потым быў Парыж, работа ў якасці лепшай мадэлі ў Како Шанэль, гібель мужа ў 1947-м… Праўда, Мэры была не проста манекеншчыцай: лічылася за гонар запрасіць яе на званы вечар, вернісаж рускага мастацтва, літаратурны сход ці асвячэнне рускай гімназіі. Яе ведаў увесь Парыж, і ўсе мужчыны здымалі перад ёй капелюшы. Адзін паклоннік (праўда, ужо пазней) нават падарыў Марыі Пракопаўне 50 тысяч долараў, але яна засталася абыякавай, бо была занадта гордая, каб прымаць нейкія “міласціны”.

Дарэчы, Мэры ўпершыню выйшла на подыум у строгіх і адначасова шыкоўных каралях з перлін на шыі. І сёння нітка жэмчугу на шыі жанчыны з’яўляецца прыкметай высокага эстэтычнага густу. У 60-я гады Мэры добраахвотна пасяляецца ў багатым доме састарэлых — у трох пакоях з пышнай мэбліроўкай. Так і пражыла яна сваё жыццё — з пачуццём уласнай годнасці, з горда ўзнятай галавой — і памерла ў 1986-м ва ўзросце далёка за дзевяноста. Так і ляжаць яны сёння побач — Георгій Эрыстаў і Марыя Эрыстава-Шэрвашыдзэ, пахаваныя на могілках Сен-Жэнеўеў-дэ-Буа, што пад Парыжам…

Праз гады партрэт князёўны Мэры пэндзля Сорына апынуўся ў спальні прынцэсы Манака — Грэйс Патрышы Келлі. Так-так, гэта тая самая Келлі, былая кінаактрыса, уладальніца “Оскара”, якая раней здымалася ў Альфрэда Хічкока і Джона Форда, жонка князя Манака — Рэнье III. На жаль, яна трагічна загінула ў аўтамабільнай катастрофе ў верасні 1982 года. Дык вось, калі прынцэса прачыналася, яна спачатку глядзела на партрэт і толькі потым — у люстэрка, і тым самым вызначала, ці хораша яна выглядае ў гэтыя ранішнія хвіліны...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"